вы́несці, ‑несу, ‑несеш, ‑несе; пр. вынес, ‑ела; зак., каго-што.

1. Несучы, выдаліць адкуль‑н., выставіць за межы чаго‑н. Вынесці мэблю з кватэры. Вынесці смецце. □ — Прыхавай шрыфт дзе-небудзь, — папрасіў Мікола. — Вынесі з хаты. Навуменка. // Змясціць частку чаго‑н. асобна, за межамі цэлага, сістэмы. Вынесці дробавы лік за дужкі. // Завесці што‑н. куды‑н. І зімою Галя не гуляла: то пойдзе карове дасць, то вынесе свінням, то дроў унясе ў хату. Сабаленка.

2. Хутка вывезці, вымчаць куды‑н. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. Конь мігам вынес.. [байца] за сяло. Мележ.

3. Захапіўшы ў агульны паток, прынесці, прыбіць куды‑н. Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі. □ Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі.

4. перан. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства, вывучэння чаго‑н. Вынесці ўражанне. □ Ад знаёмства з.. людзьмі я вынес два неразлучныя пачуцці — захапленне і ўдзячнасць. Брыль.

5. Вытрымаць, перажыць, перанесці. Не такія, як сёння, удары прыходзілася вынесці вось гэтай пасівелай без пары галаве. Брыль.

6. Прапанаваць на абмеркаванне, вырашэнне. Вынесці пытанне на разгляд сходу.

7. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: утварыць дзеянне, якое адпавядае значэнню гэтых назоўнікаў. Вынесці падзяку, пастанову. Вынесці прысуд, вымову.

•••

Вынесці на сваіх плячах — вытрымаць на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. справы, працы.

(Ледзь) вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а .. [Блішчынскі] ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)