Мул1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љму̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накольнік ’неслух, свавольнік, гарэза’ (Касп., Яўс., ТСБМ), накольніца ’круцёлка, гарэзніца’ (слуц., Жыв. сл.). Казлова (БЛ, 21, 62) лічыць, што яно ўтворана на базе прыметніка на́кальны ’ўпарты, разбэшчаны, дураслівы, непаслухмяны’ (гл.), і параўноўвае яго з балг. нако́лник ’вулічны хлапчук, вісус, гарэза’, што дае падставы для рэканструкцыі лакальнага прасл. *nakolьnikъ — суфіксальнага дэрывата ад прыметніка *nakolьnъjь. Балг. нако́лник выводзяць ад ко́ло ’кола’ (Младэнаў, 328) з першапачатковым значэннем ’вёрткі, рухавы чалавек’. Казлова (там жа) адносіць сюды ж бел. падкольнік ’чорт’, ’той, хто надакучае сваім свавольствам і пранырствам’, суадноснае з падкольны ’чартоўскі’, параўн. яшчэ подко́льная ’злы дух, які, паводле павер’яў простых людзей, жыве пад колам у млыне’ (Нас.). Іншы падыход дыктуе параўнанне з раскол ’разбойнік’, аскола ’вісус, чалавек, што ўсюды паспее’ (Бяльк.). Хутчэй больш прыдатнай з’яўляецца іншая этымалогія, згодна з якой на́кальны, параўн. таксама накольны ’даходлівы’ (Сцяшк. Сл.), відаць, ’праныра’, са спалучэння на кол (пасаджаны), пра што сведчыць і архаічны тып націску на прыстаўцы (прыназоўніку); семантычная паралель добра прадстаўлена ў аторва ’шыбенік, вісус’, рус. сорване́ц ’тс’, польск. urwaniec ’тс’, г. зн. ’той, хто вырваўся з-пад шыбеніцы (калі адарвалася вяроўка)’. Тады накольнік ’той, хто варты быць пасаджаны на кол’. Такая этымалогія не перашкаджае пагадзіцца з рэканструкцыяй праславянскага дыялектызма, прапанаванай Казловай, паколькі і балгарскія факты сведчаць аб такім жа паходжанні слова, параўн. тлумачэнне, якое даецца слову нако́лник ў слоўніку Герава — ’обесник, въжник’ (= ’шыбенік’), народную прымаўку: Събрали се ут кол, уд въже і тлумачэнне да яе ’набітыя на кол’ і ’павешання на вяроўцы’ (Сборник на Българско книж. дружество в София, 1, София, 1901, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлі́га (Касп., Нас., КТС, БРС, Гарэц., Мат. АС Грод.), адліг, атліг (Бяльк.), отлʼига (КСТ), адлега ’адліга, аблягчэнне’ (Гарэц., Янк. I, Бір., КТС, Бяльк., Касп., Шат., КЭС), атлега (Мядзв.), одлыга (Клім.). Укр. відліга, відлега, відліж, польск. odliga, odliż, odelga. Зыходзячы з мяркуемай генетычнай сувязі прасл. lьga, lьzě (гл. льга, лёгкі) і польск. zima lga ’лёгкая зіма’, dziś je lgo ’сёння не замерзла’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 61), можна думаць аб адзіным паходжанні слоў адліга, адлега і лёгкі (гл. Рудніцкі, 415). Але лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй на карысць балтыйскага паходжання ці ўплыву. Асабліва паказальная польская тэрыторыя (гл. Купішэўскі, Słown., карта 12), дзе пры дамінацыі odwilż на краях арэала сустракаюцца таксама odliga, otliga, odliż і odelga. Іншыя славянскія тэрыторыі не ведаюць гэтага слова. Што датычыць балтыйскага арэала, то ў літоўскай мове маем шэраг слоў, магчыма, семантычна кантамінаваных: atlésti ’адпускаць’ — ãtlydis, àtlyda ’адліга’, atlýžti ’змякчыцца, адыйсці’ — àtlyža ’адліга’, atlė́gti ’адпусціць’ — àtlėga ’адліга’. Усе яны этымалагічна не звязаныя, але ствараюць адзінае семантычнае поле, узмоцненае марфолага-акцэнтуацыйным падабенствам. У якасці непасрэднай крыніцы запазычання можна спаслацца на літ. atlė́gti ’адпусціць (аб марозе)’ і àtlėga ’адліга’. Параўн. марос атлʼох (Бір. дыс.) і літ. šal̃tis atlė́go. Тады варыянт адлега — першасны, варыянт адліга ўзнік на яго аснове. Параўн. усх.-палес. одлʼегаць ’вымакаць’ і одліглы ’вымаклы’ (КСТ). Магчыма, варыянт адліга ўзнік пад уплывам дзеяслова ліць. Так, Свобада (Зб. Унбегаўну, 246) параўноўвае адліга з абліваха (гл.). Генетычная сувязь, аднак, тут выключана (гл. Мартынаў, SlW, 66–67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́гва ’грыб Piptoperus або іншыя з сям’і Polyporaceae, губа; трут’ (бяроз., Шатал.; тураў., КСТ). Польск. żagiew ’грыб Polyporus’; параўн. рус. кастр., уладз., маск. жа́гра, жагара ’тс’ (СРНГ, Іванова), серб.-харв. же̑г ’трут’. Паводле Міклашыча (406), польск.славац. žahev, якое, аднак, не пацвярджаецца SSJ і Калалам) і рус. словы ўзыходзяць да слав. кораня *žeg‑. Гэта прымаюць Брукнер, 664; Фасмер, 2, 32–33. Гараеў (105) побач з гэтым прыводзіць балт. паралелі са значэннем ’галлё’ (гл. жага́ры), а Праабражэнскі (1, 220) адзначае няяснасць утварэння. Бел. і польск. формы ўказваюць на прасл. аснову на (параўн. Бернштэйн, Чередования, 232–234, дзе шэраг прыкладаў назваў раслін на *‑ū: *bruky, *bъty, *klʼuky, *bolgy ’баравік’ і інш.). Этымалогія і словаўтваральная мадэль слоў на *‑ū часта няясныя, шэраг з іх запазычаныя (*pigy, *bruky, *tyky), ёсць і аддзеяслоўныя (*stęgy ’раменьчык для абутку’ і інш.). Лучыц-Федарэц (Бел.-польск. ізал., 80–81) лічыць, што бел.-польск. паралель (Тарнацкі, Studia, к. 77) адлюстроўвае ўплыў балт. словаўтваральнай мадэлі (літ. degtùvas ’запал, запальнік’ пры dègti ’паліць’), што не зусім пераканаўча, бо не тлумачацца шляхі і магчымасці такога ўплыву. Паколькі пашырэнне слова паўн.-слав., магчыма, трэба ўлічыць рус. чага ’жагва’ < комі тшак ’тс’ (Фасмер, 4, 310; Мацвееў, Финно-угор. заимствования, 37), хаця слова вядома і на Палессі (Ніканчук, Матеріали, 62), а таксама суадносіны čs у фіна-ўгор. мовах (Основы финно-угорского языкознания, 122–124) пры пошуку крыніцы слав. кораня. Няясна. Ст.-бел. жакгва, жакгев ’галавешка, факел’ < польск. żagiew ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жазло́ ’посах асобай формы, сімвал улады; палачка ў рэгуліроўшчыка вулічнага руху; стрыжань з дужкай пры рэгуліроўцы руху паяздоў’ (ТСБМ). Рус., укр. жезл., дыял. жезло́, чэш. žezlo, уст. žezl, славац., в.-луж. žezlo, балг. жезъл, макед. жезол, серб.-харв. жѐзло, славен. žêzlo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. жьзлъ ’посах, жазло’, ст.-бел. жезлъ. Параўн. серб.-харв. же́жељ ’посах, кол’. Лат. ziz(i)ls ’посах’ < ст.-рус. (Пагодзін, Следы, 161; Мюленбах-Эндзелін, 4, 730). Ст.-бел., а таксама шэраг сучасных слав. слоў з сімвалічным значэннем могуць узыходзіць да ст.-слав. Першаснае канкрэтнае значэнне ’посах’ адлюстроўваецца ў ст.-слав. жьзлъ, серб.-харв. жежељ і, магчыма, рус. калым, жезе́л ’посах’. Трубачоў (Зб. Раманскаму, 137–140) супастаўляе са ст.-ісл. geisl ’посах’ (ням. Geissel ’пуга’), а далей з грэч. χίλιοι ’тысяча’. Апошняе семантычна цяжка: ’посах з зарубкамі’ хутчэй мог бы абазначаць дзесятак, сотню, што прызнаў і Махэк₂ (726), адмовіўшыся ад папярэдніх параўнанняў з žehlo (Махэк₁, 594), да якіх, па сутнасці, прыйшоў Младэнаў (165), параўноўваючы жезъл са словамі з коранем *žig‑, і якія падтрымлівае БЕР (1, 531), звязваючы з жегъл (гл. жыга́ла1). Да Трубачова звычайна ст.-сл. жьзлъ параўноўвалі з ням. Kegel ’кол’, што мае фанетычныя цяжкасці, як і этымалогія І. Шмідта, да якой узыходзіць пункт гледжання Трубачова. Фасмер (2, 40) прыхільна аднёсся да параўнання з арм. gzri ’чарот’. Скок (3, 679) не атаясамлівае ў адрозненне ад Трубачова серб.-харв. жѐзло і жежељ, звязваючы апошняе з ц.-слав. жѧжель ’ашыйнік’. Аб žęželь гл. Варбот, Этимология, 1979, 32–34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвавы ’бойкі, рухавы’. Рус. паўд., зах. жвавый, укр. жвавий, польск. żwawy, памор. žvavï ’тс’, чэш. уст. нар. žvavý ’гаваркі, балбатлівы’, славац. уст. žvavosť ’балбатня’, в.-луж. žwawy ’хто жуе; балбатлівы’. Міклашыч (413) суадносіў бел. жвавы ’вясёлы’ з živ‑ (žĭv‑). Коген (Уч. зал. БГУ, сер. филол., вып. 1. Мн., 1940, с. 193) выдзяляў суфікс ‑ав‑. Таксама Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 10, 134) узводзяць да žĭv‑. Брукнер (668) лічыў, што żwawy да żuć ’жаваць’, а ўсх.-слав. словы з польск. Паходжанне польск. слова і яго семантыку ў русле думкі Брукнера тлумачыў Атрэмбскі (Życie wyrazów, 130–131). Трубачоў (Этимология, 1965, 63–64), рэканструюючы прасл. дыял. *žьvavъjь, указваў на семантычнае і фармальнае супадзенне з авест. j̆vaya ’жвавы’ і дапускаў іранскае ўздзеянне на слав., паколькі больш слав. форм з žьv‑ ён не адзначыў. Аднак такой формай можна лічыць жэўжык (гл.). Калі прыняць тэзіс Міклашыча пра *žьv‑//*živ‑, і.-е. форма будзе мець выгляд *g​ī̆​u (Покарны, 1, 468). Чэш., славац., в.-луж. і ст.-польск. значэнні ўказваюць на магчымасць прыняцця гіпотэзы Брукнера пра суаднясенне з жаваць, аднак, верагодна, бел. і ўкр. формы маглі ўзнікнуць незалежна ад польск. Мсцісл. жвялы ’жвавы’ і вытворныя (жвяла, жвяласць), жвялець ’жвавець’ (гл.), чэрв. жвалы, укр. дыял. жвалий ’жвавы’ (Жэлях.), магчыма, суадносяцца з літ. žvalus ’жвавы, лоўкі’. Да гэтай формы ўзводзіць бел. дыял. жвяла, жвялець Лаўчутэ (Baltistica, VI, 2, 199). Пры гэтым літ. форма магла ўздзейнічаць на бел., а бел. семантыка на літ. Супрун, Бел.-польск. ізал., 124–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жма1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шка1, kakóška ’курыца’ (Федар., 6). Дэрыват яд прасл. kokǒsь, якое рэканструюе на базе ўкр. кокош ’певень’, рус. кокошь ’курыца’, польск. kokosz ’тс’, в.-луж., н.-луж. kokoš ’тс’, чэш., славац. kokoš ’певень’, славен. kokoš, серб.-харв. ко̏кош, балг. кокош ’курыца’. Прасл. лексема ўтворана суфіксам ošь ад той жа самай асновы, што і kokotъ (гл. кокат), гукапераймальнага паходжання. Параўн. лац. coco‑coco аб спеве пеўня, франц. coq ’певень’, англ. cock і інш. Што датычыцца функцыі суфікса, параўн. меркаванні Слаўскага, 2, 338, які параўноўвае ‑ošь з суф. ‑uša (рус. квакуша ’жаба’, балг. крекетуша і інш.). Бел. кантынуант ад гэтай прасл. формы прадстаўлен толькі ў тэрмінах, параўн. какош1, 2. Таксама мае паралелі ў слав. мовах (укр. дыял. кокошка, рус. кокошка ’поўная, круглая жанчына’, відавочны другасны перанос), польск. kokoszka, в.-луж., н.-луж. kokoška, славен. kokôška, серб.-харв. ко̀кошка, макед. кокошка, балг. кокошка сведчаць аб праславянскім яе характары, хоць рэгулярны характар памянш. суфікса дапускае і незалежнае ўтварэнне гэтых лексем у асобных мовах.

Како́шка2 ’?’ (Федар., 6, 8: «Дзве какошкі, дзве какошкі Да мліна насіць»). Значэнне няяснае, аднак фармальная сувязь з даўняй назвай курыцы відавочная. Этымалогія kokośь пад какошка1.

Како́шка3 ’своеасаблівы кранштэйн для пашырэння лаўкі, каб на ёй можна было паслаць пасцель’ (стаўб., З нар. сл.). Відаць, суадносіны з тэрмінам какош2 (гл.); рэаліі, відавочна, падобныя, аднак назва какош пашырана значна больш, ёсць і адпаведнікі за межамі бел. мовы для гэтага слова. Таму какошка3 разглядаецца як другаснае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)