Ба́йда1 ’барка, лайба’ (Гарэц.), рус. ба́йда ’баржа’, укр. ба́йда (паўдн.) ’від пласкадоннай лодкі’. Паводле Фасмера, 1, 107, сюды ж рус. байда́к ’баржа; брус’, байда́ра ’рачное судна’. Усе гэтыя словы лічацца запазычаннямі з усх. моў. Паводле Шанскага, 1, Б, 12, усе гэтыя словы ўтвораны ад ба́йда рознымі суфіксамі, а ба́йда < бадья ’пасудзіна’ (цюрк., параўн. бадзе́йка, бадзя́га). Параўн. ба́йда2 і байда́к.

Ба́йда2 ’паля’ (Нас., Гарэц.). Параўн. ст.-укр. (XVII ст.) байда ’паля, вялікае завостранае бервяно’, якое Цімчанка (50) лічыць запазычаннем з ням. Beute ’карыта; вулей’ (> польск. bajda ’начоўкі’). Гл. таксама Клюге, 71–72 (дзе прыводзяцца роднасныя герм. формы; між іншым са значэннем ’дошка; край лодкі, чаўна’). Усё ж такі паходжанне слова застаецца няясным. Параўн. яшчэ рус. дыял. байда́к ’тоўстая дошка для падлогі або столі’, якое Фасмер, 1, 107, звязвае з байда́к ’лодка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́сла, ма́сло ’харчовы тлушч са смятанкі ці смятаны’, ’мінеральнае тлустае рэчыва’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Вешт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. ма́сло, ст.-рус. масло, польск. masło, н.-луж. masło, чэш. maslo, славац. maslo, славен. máslo, серб.-харв. ма̏сло, макед. масло, ст.-слав. масло ’масла’. Прасл. maslo < maz‑slo, утворанае ад mazati ’мазаць’ (гл.) (Бернекер, 2, 23; Фасмер, 2, 578). Масла, выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі як мазь, якой націралі цела, валасы; некаторыя народы ім мазалі калёсы. Аналагічна ў германцаў: ст.-в.-ням. ancho ’масла’, роднаснае да лац. unguentum ’мазь’ (Махэк₂, 353). Сюды ж ма́слены ’які з масла, падобны на масла’ (ТСБМ, Кліх), ’ліслівы’, ма́сліцца ’блішчаць, ільсніцца’, ’лашчыцца’, ’валаводзіцца, няньчыцца, цацкацца’, ма́сліць ’задобрываць, схіляць ласкамі і падарункамі’ (Нас., ТСБМ; жлоб., Нар. словатв.) і ўтворанае ад якаснага прыметніка масленіцца (Васілеўскі, БЛ, 10, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маца — старажытная мера сыпучых цел, роўная 0,325 вядра, а паводле М. Гарбачэўскага (Словарь древ. акт. яз., 203), = 1 варшаўскаму гарцу, або 3,76 літра; ст.-бел. маца ’мера збожжа’ (1509 г.) запазычана са ст.-польск. maca, якое з с.-в.-ням. mëtze, суч. ням. Metze ’гарнец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 153).

Ма́ца ’набітая конскім воласам скураная падушачка, якая ўжывалася друкарамі для набівання набору фарбай’ (ТСБМ). З рус. ма́ца ’валік для фарбы’, якое з італ. mazzo ’дубінка, дручок’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 247; Фасмер, 2, 585).

Маца́ ’тонкія сухія праснакі з пшанічнай мукі, якія (паводле яўрэйскага абраду) выпякаліся да вялікадня’ (ТСБМ, Нас.). З ідыш maze, якое са ст.-яўр. maṣṣā ’праснак’ (Вінер, ЖСт, 1895, 1, 64; Карскі, Труды, 173; Фасмер, 2, 585). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 153) і Кюнэ (74), запазычана з польск. maca ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млін ’млын’ (Нас., Мал., Чуд., Янк. 1–2, Бес., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ; слонім., Арх. Бяльк.; касцюк., паўд.-усх., КЭС; зэльв., Жыв. сл.). Укр. млин, рус. кур., омск. млин, ст.-рус. млинъ, млинь, млынь, польск. mlyjno, młen, н.-, в.-луж. młyn, чэш. mlýn, славац. mlyn, славен. mlȋn (málin, mélin), серб.-харв. мли̏н, ма̏лин, ме̏лин, балк. ст.-слав. млинъ, мълинъ. Прасл. mъlinъ запазычана са ст.-в.-ням. mulī, mulīn ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 147; Жураўскі, Бел. мова, 62) або з нар.-лац. malīnum, molīna ’вадзяны млын’ (Міклашыч, 186; Мее, MSL, 14, 373; Рэшатар, AfslPh, 36, 541; Фасмер, 2, 632; Бязлай, 2, 189). Махэк₂ (369) ст.-в.-ням., з якога прасл. mъlinъ, выводзіць з с.-лац., а саму рэалію лічыць вынікам распаўсюджання рымскай культуры. Шальч. млінок ’флюгер’ (Сл. ПЗБ) з млін ’вятрак’ (паводле падабенства крылаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы, драг. мо, тураў. му — займеннік для абазначэння дзвюх і больш асоб (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ми, рус. мы, польск., н.-, в.-луж., чэш., славац. my, славен. mȋ, серб.-харв. ми̑, макед., балг. ми, ст.-слав. мы. Прасл. my, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. mẽs, лат. mes, ст.-прус. mes, арм. mekʼ (Мее, Общеслав., 365; Мюленбах-Эндзелін, 2, 620). Форма мы непераканаўча тлумачыцца як вынік уплыву формы асабовага займенніка другой асобы вы і Н. скл. мн. л. на ‑y асноў на ‑a. Гуер (LF, 45, 192) у m‑ бачыць уплыў канчатка дзеясловаў ‑mes/‑mos (‑μες, ‑mas). У сапраўднасці ж форма my з’яўляецца кантамінацыйнай у адносінах да протабалт. mes і прасл. ny (параўн. нас, нам і г. д.) — апошняе лічыцца італійскім інгрэдыентам у прасл. мове (іт. nōs > протаслав. nūs > прасл. ny) (Мартынаў, Язык, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Між1, мі́жы, між‑ ’паміж, сярод’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Бяльк., Растарг., Янк. 2, ТС, Сл. ПЗБ; мядз., Жыв. сл.), ст.-бел. мижъ. Да меж, межы (гл.). Карскі (1, 187) разглядае пераход е > і як несапраўдны, які ўзнік таму, што прыназоўнік між, з’яўляючыся праклітыкай, страціў свой націск, у выніку чаго ‑е‑ звузілася і перайшло ў ‑і‑. Сюды ж шматлікія ўтварэнні з першай часткай між‑: міжсобі, міссобку, міжсобку ’паміж сабой’ (КЭС, Бяльк.; іўеў., Сцяшк. Сл.), міжакры́лы ’частка цела паміж лапаткамі’ (Касп.), міжсошша ’адлегласць паміж сохамі ў гумне’ (Бяльк.), міжывоч ’між вачэй’ (ТС), міжы́калядзь ’святы ад каляд да шчадрухі’ (Шат.), або з яго варыянтам міз‑: мізо́градак ’разора’ (жлоб., Мат. Гом.).

Між2 ’мяжа паміж сялянскімі палямі’ (малар., Выг. дыс.). Генетычна да мяж́а (гл.). Адсутнасць канчатка: уплыў прыназоўніка між1 ці працэс адваротны, як укр. миш > ми́ша ’мыш’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́рпацца ’капацца, калупацца’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Жыв. сл., Сцяшк., Мат. Гом.). Укр. корпати ’калупаць, павольна рабіць што-небудзь’. Параўн. бел. карпаць (гл.) у значэнні ’кепска шыць’ (Нас., 230). Апошняе звязана з рус. корпать ’зашываць адзенне, лапіць’ і іншымі славянскімі паралелямі: серб.-харв. кр́пати ’лапіць абутак і адзенне’, славен. kŕpati ’тс’, польск. karpać ’лапіць адзенне’, славац. krpať ’тс’. Прасл. kъrpati вытворны дзеяслоў ад kъrpa ’лапік’ (балг. кърпа ’анучка, лапік’, серб.-харв. кр̏па ’тс’, славен. kŕpa ’лапік’, серб.-харв. кр̏пље ’від абутку’, kŕplja ’тс’, чэш. krpec, славац. krpec, польск. kierpce ’тс’). З гэтым славянскім словам, якое збераглося толькі спарадычна, генетычна звязана вядомая балтыйская назва абутку: ст.-прус. kurpe, літ. kùrpė, лат. kur̄pe (Тапароў, K–L, 323–333). Цікава, што першасны дзеяслоў літ. kur̃pti мае значэнне ’кепска шыць, вязаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Куры́ць1 ’пыліць, дыміць; удыхаць і выдыхаць дым якога-небудзь рэчыва, пераважна тытуню’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Сержп., Пр., Янк. Мат., Шатал.). Укр. курити, рус. курить ’тс’, ст.-слав. коурити сѧ ’дыміць’, балг. курна ’запаліць’, серб.-харв. ку́рити ’паліць агонь у печы, тытунь’, славен. kúriti ’раскладваць агонь, дыміць, курыць’, польск. kurzyć się ’дыміць, гарэць; пыліць’, чэш. kouřiti ’дыміць, параваць, пыліць’, славац. kúriť ’паліць печ’, kúriť sa ’дыміць’, в.-луж. kurieć н.-луж. kuriś ’тс’. Прасл. kuriti мае паралелі ў балтыйскіх мовах: літ. kùrti ’раскладваць агонь, паліць’, лат. kur̃t ’тс’. Паралелі ў германскіх мовах (гоц. haúri ’вугаль’, ст.-ісл. hyrr ’агонь’) канчаткова пацвярджаюць першаснасць значэння ’паліць агонь’ (Бернекер, 651–652; Траўтман, 145; Фрэнкель, 319).

Куры́ць2 ’ехаць або бегчы хутка’ (Нас., ТС, Ян.). Запазычанне з літ. kùrtí ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагчы́на, лахчы́на, лахчы́начка, лагчы́нка, лагчы́начка ’даліна, нізіна, яр, прадаўгаватае, нізкае месца сярод адхонных схілаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш., Гарэц., КЭС, лаг.; міёр., Нар. словатв.; навагр., КЭС), лахчы́на ’тс’, лашчына ’тс’, ’нізкае месца на полі’ (Сл. паўн.-зах., Выг., Сцяшк., Бяльк., Касп.; паўд.-усх., КЭС), ельск. ’колішняе рэчышча ракі’ (ЛАПП), укр. лощи́на, рус. лощи́на ’нізіна, лагчына’, балг. лъхчина ’нізкае, роўнае месца, акружанае з усіх бакоў узгоркамі’, ’горная седлавіна’, ’нізкая мясціна ля дарогі’, ’нізіна’, ’паглыбленне ў зямлі’. Апошняя лексема — вынік змешвання ў слав. дыялектах з луг, балг. лъг (< lǫgъ); павінна было б быць лохчина, як і балг., макед. логор, логур. Усходнеславянска-балгарскае ўтварэнне ад памяншальнай формы (лексемы lǫgъ) logъkъ і logьkъ і пеяратыўнага суф. ‑ina > logъkъ + ina > logъčina > лагчына; logьkъ + ina > ložъčina > лашчына. Да лог (гл.). Сюды ж ложчына ’нізіна’ (ТС), лажчына ’лагчына’ (Мат. Гом.), лагчыністы, лагчынны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аго́нь ’агонь, касцёр’ (БРС, Нас., Янк. I, Касп.), агонь ’гарачка’ (Янк. Мат.), огон: до огнʼа ’вельмі многа’, на огнʼа ’на чорта’, огнʼовы ’чортавы’ (КСТ), агульна- і праславянскае ognь: рус. огонь, укр. огонь, польск. ogień, чэш. oheň, балг. огън, серб.-харв. о̀гањ, літ. ugnìs, agnùs ’вогняны’, ст.-інд. agnis ’агонь’, хец. agniš, лац. ignis і г. д. < *ugnis. Сасюр, 7, 93; Мейе, MSL, 8, 236, 315; Педарсан, KZ, 38, 395; Гуер, LF, 66, 459; Лер-Сплавінскі, SSW, 1957, 205; Мартынаў, ЭИРЯ, 2, 55. Не даведзена канчатковая сувязь прасл. ognь з серб.-харв. ви̏гањ ’кузня’, чэш. výheň ’горан’ (Ільінскі, РФВ, 74, 133; Левенталь, WuS, 11, 54). Цікава супаставіць з і.-е. *ugnis, ст.-грэч. άγνίζω ’ачышчаю’, памятаючы сакральную ачышчальную ролю агню. Пачатак старагрэчаскага слова (spiritus asper) можна тлумачыць як рэфлексацыю S‑mobile.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)