Маца — старажытная мера сыпучых цел, роўная 0,325 вядра, а паводле М. Гарбачэўскага (Словарь древ. акт. яз., 203), = 1 варшаўскаму гарцу, або 3,76 літра; ст.-бел. маца ’мера збожжа’ (1509 г.) запазычана са ст.-польск. maca, якое з с.-в.-ням. mëtze, суч. ням. Metze ’гарнец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 153).

Ма́ца ’набітая конскім воласам скураная падушачка, якая ўжывалася друкарамі для набівання набору фарбай’ (ТСБМ). З рус. ма́ца ’валік для фарбы’, якое з італ. mazzo ’дубінка, дручок’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 247; Фасмер, 2, 585).

Маца́ ’тонкія сухія праснакі з пшанічнай мукі, якія (паводле яўрэйскага абраду) выпякаліся да вялікадня’ (ТСБМ, Нас.). З ідыш maze, якое са ст.-яўр. maṣṣā ’праснак’ (Вінер, ЖСт, 1895, 1, 64; Карскі, Труды, 173; Фасмер, 2, 585). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 153) і Кюнэ (74), запазычана з польск. maca ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)