Ко́рпацца ’капацца, калупацца’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Жыв. сл., Сцяшк., Мат. Гом.). Укр. корпати ’калупаць, павольна рабіць што-небудзь’. Параўн. бел. карпаць (гл.) у значэнні ’кепска шыць’ (Нас., 230). Апошняе звязана з рус. корпать ’зашываць адзенне, лапіць’ і іншымі славянскімі паралелямі: серб.-харв. кр́пати ’лапіць абутак і адзенне’, славен. kŕpati ’тс’, польск. karpać ’лапіць адзенне’, славац. krpať ’тс’. Прасл. kъrpati вытворны дзеяслоў ад kъrpa ’лапік’ (балг. кърпа ’анучка, лапік’, серб.-харв. кр̏па ’тс’, славен. kŕpa ’лапік’, серб.-харв. кр̏пље ’від абутку’, kŕplja ’тс’, чэш. krpec, славац. krpec, польск. kierpce ’тс’). З гэтым славянскім словам, якое збераглося толькі спарадычна, генетычна звязана вядомая балтыйская назва абутку: ст.-прус. kurpe, літ. kùrpė, лат. kur̄pe (Тапароў, K–L, 323–333). Цікава, што першасны дзеяслоў літ. kur̃pti мае значэнне ’кепска шыць, вязаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)