падсу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Сунучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; прысунуць. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго падсунулі да самага стала. Шамякін.
2. Засунуць пад што‑н. Маці выгнала з хаты парсюка, памыла рукі і падсунула нагою карыта пад лаўку. Галавач.
3. Непрыкметна падлажыць што‑н. Хмара выбраў некалькі паперак і працягнуў Крамнёву.. — Зможаш усё гэта ўмела падсунуць немцам? — спытаў Хмара, калі Крамнёў дачытаў усё да канца. — Пастараюся. Шашкоў. // Разм. Карыстаючыся чыёй‑н. няўважлівасцю, даць што‑н. фальшывае, непатрэбнае, непрыдатнае. — Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не патрывожаны. — Падсунулі, дык і падпісаў не чытаючы, — буркнуў Арэшка. Капусцін. [Упраўляючы:] — Адмаўляйся ад дошак. Там хітрыя ўсе: падсунуць абы-што, а тады скажуць — фонды вы свае выбралі. Беразняк.
4. Разм. Даць хабар. Сёй-той гаварыў, што не хвароба выратавала Драча ад акопаў, а грошы, якія той падсунуў пану доктару. П. Ткачоў.
•••
Камар носа не падсуне гл. камар.
Падсунуць свінню — тое, што і падлажыць свінню (гл. падлажыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пача́цца, ‑чнецца; зак.
1. Пачаць прасцірацца. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка. Вось ужо скончыліся палеткі, пачалася сенажаць. Машына далей ехаць не магла. Марціновіч.
2. Пачаць адбывацца, здзяйсняцца. Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. Колас. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі. Мележ. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Лынькоў. // Адкрыцца, пачаць працу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Так пачалося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў. Чорны. Праўленне адразу ж пачалося бурна. Пянкрат. // Наступіць, настаць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Навуменка. Памерла яна [маці] яшчэ тою часінай, Калі толькі трэці пачаўся мне год. Прыходзька.
3. Разм. Пачаць з’яўляцца; абазначыцца. У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка. Брыль. [Гушка:] — Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Чорны. [Бацька:] — А ягад у нашым Варку — хоць вазамі вазі, хутка і грыбы пачнуцца. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праясні́цца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць ясным, выразным, добра бачным. Знікла снежная імгла, праясніўся далягляд. Пестрак. На небе праясніўся малады месяц і выплылі зоры. Якімовіч.
2. Стаць ясным, свабодным ад хмар; праяснець. Пад вечар неба праяснілася, і горад заззяў ад прам[янёў] сонца. Мележ.
3. Стаць ясным, зразумелым. Андрэю было не зусім ясна, чаму Мароз адмовіўся выкарыстаць партыйны сход супроць яго. Гэта праяснілася праз два дні. Лобан. І мы доўга не маглі ўцяміць, з якой ласкі стаў .. [Мядзведзька] да нас такі добры. Але хутка ўсё праяснілася. Навуменка.
4. Стаць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). Шмат у чым праяснілася .. светаразуменне [мастака]. Перкін. / у безас. ужыв. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч. // Стаць спакойным, вясёлым, прыветлівым. Тут бацька зразу адпусціўся, Павесялеў і праясніўся. Колас. Твар Кандрата Назарэўскага праясніўся ўсімі жывымі рысамі. Чорны. Валя сэрцам адчула бацькаў настрой, і погляд яе, у апошнія часы часцей за ўсё строгі і незадаволены, таксама праясніўся. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэ́мія, ‑і, ж.
1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.
2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.
3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.
4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.
5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.
•••
Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.
[Ад лац. praemium — узнагарода.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. узлез, ‑ла; заг. узлезь; зак., на што.
1. Залезці, узабрацца на што‑н. высокае, на верх, на паверхню чаго‑н. Узлезці на тэлеграфны слуп. Узлезці на рыштаванні. Узлезці на самы верх. □ Рыгор спрытна схапіў рэчы і ўзлез на заднюю пляцоўку задняга вагона. Гартны. Вязень узлез на столік, што стаяў пад акенцам, узяўся рукамі за краты, упёрся ў іх галавой і, прагна глядзеў на турэмны двор. Таўлай. // перан. Падняцца ўверх (па службе і пад.). А хацеў лічыцца Ён [Цярэшка] тузом у трэсце. Як жа падлаўчыцца — На пасаду узлезці. Гілевіч.
2. Разм. Надзецца, налезці (пра адзенне, абутак). Вот узлез на нагу. □ Прымяраю, ці ўзлезе на плечы Ватоўка, кашуля. Куляшоў.
3. Разм. Наступіць на што‑н. Андрэй не ведаў, куды падзецца ад сораму. Ён баяўся сустрэцца позіркам з Зояй, а тут па табе — на нагу ўзлез. Хадановіч.
4. Разм. Ступіць, уз’ехаць куды‑н. [Грасыльда:] — Вясна сёлета была халодная, дажджы. На поле не ўзлезеш. А сеяць — сёй. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утаймава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.
1. каго. Уціхамірыць, супакоіць (непаслухмянага, раззлаванага чалавека). Не так лёгка было Данілу ўтаймаваць Сымона. У таго ад злосці прыбавілася сілы, ён нібы звар’яцеў. Нарэшце абяссілены, спацелы і раскудлачаны Сымон здаўся. Чарнышэвіч. // Падпарадкаваць сваёй волі чые‑н. дзеянні, учынкі. Мы ўтаймуем ворагаў зямлі, Мы здолеем у пыл іх планы сцерці! Панчанка. // Падпарадкаваць волі чалавека дзікую або непаслухмяную жывёлу. Утаймаваць тыгра.
2. што. Зменшыць, аслабіць або суцішыць (боль). Я падзякаваў сваёй выратавальніцы і папрасіў, каб яна дала мне ў дарогу гэты корань: — Калі зуб забаліць зноў, я адразу ўтаймую боль. Дубоўка. // Заглушыць, прыглушыць (якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Нейкае хваляванне ахапіла ўсіх. Каб утаймаваць яго, людзі пачалі прасіцца ісці на заданне. Шамякін. Мы сядзелі дзе хто, маўчалі, .. не маглі ўтаймаваць сваіх пачуццяў. Няхай. // Заспакоіць, здаволіць (пра жаданні, патрэбы і пад.). [Цвыркун:] — Дзякуй, пане, нешта мне піць хочацца, а салодкім чаем не ўтаймуеш смагі. Пальчэўскі. // Справіцца з якімі‑н. стыхійнымі з’явамі. Утаймаваць пажар. □ Уся брыгада працавала тады цэлага паўдня, пакуль.. утаймавалі шалёную ваду. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Нача́льнік ’хто кіруе, загадвае чым-небудзь’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), параўн.: nastaulaju naczalnikam nad waŭkami (Пятк. 2, 144), укр., рус. нача́льник ’тс’, польск. naczélnik ’хто стаіць на чале, кіраўнік, правадыр’, чэш. načelnik ’тс’, славац. načelnik, славен. načelnik, серб.-харв. на́челник, балг. нача́лник, макед. началник. Са ст.-слав. начѧльникъ ’правадыр, кіраўнік’ ад начѧло ’пачатак’, параўн. рус. под нача́лом ’пад кіраўніцтвам’; для шэрагу славянскіх моў дапускаецца змяшэнне асноў načęti, načьnǫ ’пачаць’ і čelo ’лоб, пярэдняе месца’ (гл. чало), параўн. на чале, польск. na czele, славен. na čelu ’на першым месцы, пад кіраўніцтвам’, гл. Бязлай, 2, 210; Махэк₂, 97 і інш.; параўн. таксама польск. naczelnik ’павязка на лоб; рамень у вуздэчцы, што знаходзіцца на ілбе ў каня’, якое разам з naczelnik ’загадчык, кіраўнік, камандзір’ выводзяць ад czoło, гл. Брукнер, 80; Варш сл., 3, 24.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́харэц ’зух’ (Бяльк.). Няясна; параўн. рус. ухарь ’тс’, якое Фасмер (4, 178) лічыць вытворным ад выкл. ух, гл. вух, ух, хутчэй ад дзеяслова ухать, гл. вухаць; параўн. таксама бранск. ву́ха ’бойкі, вынаходлівы хлопец’ і мсцісл. уга́р ’разудалы’ (Юрч. Сін.). Магчыма, звязана з вухры́ць ’настаўляць, вучыць’ (гл.); параўн. наву́хрыць ’намуштраваць’, падву́хрыць ’падвучыць каго, падбіць’ (Бяльк.). Прымаючы пад увагу мсцісл. угар, можна дапусціць сувязь з польск. ogar, чэш. ohař, ц.-слав. огаръ ’ганчак’, далейшая гісторыя якога застаецца няяснай (магчыма, запазычанне з усходніх моў; гл. Фасмер, 3, 117; Махэк₂, 410 і інш.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нерв, нерв звычайна мн. не́рвы, нэ́рвы ’нервы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), не́рва ’тс’ (Янк. 1), не́рванный ’нярвовы’ (Юрч.); сюды ж нэрвава́цца ’перажываць’ (Сл. ПЗБ), не́рвенік ’дзіванна скіпетрападобная, Verbascum thapsiforme Schrad.’ (Бейл.). Запазычана праз рус. нерв або польск. nerw з заходнееўрапейскіх моў (< ням. Nerw, франц. nerf, што з лац. nervus ’жыла, мускул, нерв’), гл. Фасмер, 3, 64; назва расліны ўтворана паводле прадуктыўнай мадэлі па тыпу сярдзе́чнік ’зелле ад сэрца’, не́рвенік ’зелле ад нерваў’ і пад. Форма ж. р. другасная, узнікла з мэтай пазбегнуць неўласцівага беларускай народнай мове спалучэння ‑рв у канцы слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пава́л 1 ’дзеянне паводле значэння дзеяслова паваліць; тое, што павалена; павалены лес, буралом’ (ТСБМ, Яруш., Касп.), пава́ла (Шат.), пава́лка ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. валіць.
Пава́л 2 ’столь’ (Сцяшк. Сл., Шатал.), ’гара на хаце’ (Шатал.), пава́ла ’столь’ (Тарн.), пова́л ’тс’ (Шушк., ДАБМ, 116). Запазычанне з польск. powała ’столь з бярвення’, на што паказвае геаграфія слова. Муж. род, відавочна, пад уплывам павал 1. Польск. слова ад прасл. valiti (параўн. Брукнер, 599; Махэк, 676).
Пава́л 3 ’эпідэмія, мор’ (Сцяшк.). З рус. пова́л ’эпідэмія, чума, мор’ (ср. повальная болезнь). Далей да вал, валіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)