сце́рці, сатру, сатрэш, сатрэ; сатром, сатраце; пр. сцёр, сцерла; зак., што.
1. Тручы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні; выцерці. Сцерці пыл са стала. □ Далонь лягла на халоднае шкло і сцерла лёгкую пару, што асела на ім. Савіцкі. Сцерці ржу з вінтоўкі .. не было чым. Кулакоўскі. Алесь скамянеў, а .. [Зіна] ўжо з-за брамкі весела крыкнула: — Не забудзьце памаду сцерці! Шыцік. // Сціраючы што‑н., зрабіць чыстым. Сцерла [Жэнька] стол, узяла ляльку Ганульку і выйшла з Петрыкам на руках на вуліцу. Крапіва. Галіна сцерла рукой лаву, прысела, паклала на стол сумачку, пасунула яе далей. Пташнікаў. // Выціраючы, саскрэбваючы, знішчыць (што‑н. напісанае, намаляванае і пад.). Дошка ў класе вісела на ранейшым месцы. З яе толькі сцерлі непрывычнае для нас рашэнне задачы па геаметрыі. Навуменка. Слоў на рэйхстагу не сцерці! Мы помнім пажар ягоны. Дарма пагражаюць смерцю Смертнікі хіжага Бона. Вялюгін. // перан. Знішчыць, згладзіць. Дзе ж вы, мае вясёлыя сябры? Як многа вас загінула дачасна .. Памяці аб вас З душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка. Боль у сэрцы і час не сцёр. Стук у дзверы — маці павернецца. За жыццё — аддала б жыццё, Толькі сын хай дадому вернецца. Тармола.
2. Трэннем, дотыкам пашкодзіць скуру або верхні пласт чаго‑н. [Грэчка:] — Эх, усю нагу сцёр рубец. Мележ.
3. Тручы, раздрабніць, ператварыць у аднародную масу. Сцерці тытунь на парашок.
4. Трэннем апрацаваць (пра лён). Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч.
5. перан. Патраціць, змарнаваць без карысці час. Тады .. [Макар] і пайшоў за Ёсіпам, адбіўся ад калгаса, далей увайшло ў звычку туляцца. Гады сцёр, нічога не нажыўшы... Дуброўскі.
•••
Сцерці (змесці) з (твару) зямлі — вынішчыць, знішчыць. І Сцёпка яшчэ больш грозна блісне вачыма і зробіць намеры сцерці .. [Алёнку] з твару зямлі, пасля чаго імчыцца далей. Колас. Захопнікі прыйшлі ў маю краіну, Жадаючы з зямлі народ наш сцерці. Аўрамчык.
Сцерці на парашок — расправіцца з кім‑н. [Фашысты да абаронцаў крэпасці:] — Даём вам дванаццаць гадзін, — гучала над крэпасцю пагрозлівае папярэджання — Калі будзеце супраціўляцца, сатром усіх на парашок. Кухараў.