гульня, ‑і; мн. гульні, ‑льняў; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. гуляць (у 1 знач.). // Занятак, дзейнасць дзяцей. Паеўшы, [Славік] выбягаў на вуліцу, каб паганяць футбольны мяч або заняцца якой іншай гульнёй са сваімі шматлікімі сябрамі. Няхай.

2. Занятак з мэтай забавы, адпачынку і пад., звычайна заснаваны на пэўных умовах, правілах. Гульня ў футбол. Гульня ў шахматы. Парушыць правілы гульні.

3. Камплект неабходных прадметаў для таго, каб іграць у якую‑н. гульню. Дзіцячая настольная гульня.

4. Разм. Вечарынка, гулянка. Моладзь яшчэ спала пасля ўчарашняе гульні. Гартны.

5. Хуткая змена колераў, святла і пад. Сусвет нахіляецца да майго казырка. Нахіляецца гулам пушчы, пляскам вады крынічнай, Запалавелым жытам, вясёлай гульнёй зарніц. Кірэенка.

6. Наўмысныя дзеянні для дасягнення якой‑н. мэты; тайныя замыслы, інтрыгі. — Прахадзімец ты ... Гэта вядома. А двайную гульню кідай. Навуменка.

•••

Алімпійскія гульні — міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, якія праводзяцца раз у чатыры гады.

Гульня прыроды — выключная, рэдкая з’ява ў прыродзе; адхіленне ад звычайных фізічных норм.

Гульня слоў — дасціпны, каламбурны выраз.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)