Ладава́ць 1, ладова́ті ’прыводзіць у парадак, падпраўляць, рыхтаваць, укладваць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’рамантаваць, напраўляць’ (Нар. словатв.), укр. ладува́ти ’рыхтаваць, прыстасоўваць’, польск. ładować ’даводзіць да ладу, рамантаваць, рыхтаваць’ (Малапольшча, Мазоўша), чэш. мар. ladovat se ’рыхтавацца да чаго-небудзь’, ’цешыцца, чакаючы штосьці’. Паўн.-слав. утварэнне ад ladъ > лад (гл.). Параўн. ла́дзіць. Сюды ж ла́давацца, ладава́цца ’прыводзіць у парадак, уладкоўваць, збірацца’ (ТСБМ).
Ладава́ць 2 ’складваць’ (Сцяшк.), слонім. ’грузіць’ (Нар. лекс.), ’класці нешта цяжкае’ (Сцяц.), ’падымаць бярвёны на воз пры дапамозе лада’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. ладовати ’грузіць, нагружаць’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. ładować ’накладваць, нагружаць, абцяжарваць’ (XVI ст.), якое з с.-в.-ням. laden, ням. laden ’накладваць, напаўняць’, ’зараджаць (зброю)’ (Слаўскі, 4, 421). Сюды ж ст.-бел. ладовница, лядовница ’патранташ’ (XVII ст.), запазычаныя са ст.-польск. ładownica ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апо́лец ’кавалак сала’ (Сцяц., Сцяшк.). Геаграфія ўказвае на магчымасць, а фанетыка (е замест усх.-слав. а) — на верагоднасць таго, што гэта запазычанне з польск. poleć кавалак сала’ з пратэтычным а‑. Усх.-слав.: бел. полць ’палавіна гусі, качкі; палоска сала, выразаная ўздоўж’ (Нас.), польць, пульць ’вялікі кавалак сала’ (Вешт.), полаць ’кавалак сала’, рус., укр. полоть, бел. палаток, рус., укр. полоток ’палавіна (частка) вэнджанай (соленай) тушы гусі і інш.’ Але наогул галосны ў слове полць, полаць не зусім ясны. У аполец ‑ец у выніку дээтымалагізацыі ўсведамляецца як суфікс. Сцяц. (Нар., 65) бачыць тут прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне: а‑пол‑ец па тыпу азадак. Больш падыходзячым быў бы тып акраец; пры такой этымалогіі няясна, што такое *пол у тушы (аполец азначала б ’тое, што з боку — ’полу’), таму гэта версія здаецца менш верагоднай, чым тлумачэнне слова як запазычанага.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жмуха́ ’жамерыны’ (драг., Нар. словатв., 144), жмух, жмуха́, жмы́ха́, жмі́ха ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жмых, жмы́ка ’тс’ (Мат. Гом.), жма́кі ’тс’ (Касп., Абабурка). Рус. жмых, дыял. смал., уладз., калуж., варонеж., кур., арл. жма́ка, кур. жмак, ярасл., разан., уладз. жмы́ки, укр. жма́ки, жмихи ’тс’. Чэш. žmach, žmoch ’гразь, нешта разбітае’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць 2). З рознымі галоснымі і суфіксальнымі ‑х‑ ці ‑к‑ утвараліся дзеясловы тыпу жмыхаць ад žьm‑a‑ti, ад дзеясловаў — бязафіксныя назоўнікі тыпу жмых, жмух і г. д. (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; SP, 1, 76). Нельга, відаць, выключаць і непасрэднага ўтварэння назоўнікаў жмакъ ад жма‑ти, як знакъ ад знати. Параўн. жамерыны, жмаць. Параўн. паўд.-слав. утварэнні з элементам ‑ер‑: балг., макед. жмерки ’шкваркі’, макед. жмер ’асадак пры вытаплены сала’, славен. žmeterina ’адходы воску’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заста́ва ’месца ўезду ў мясцовасць і яго ахова’. Рус., укр. застава ’тс’, укр. яшчэ ’залог; харугва’, польск. zastawa ’заслон’, уст. ’залог’, ’сталовы прыбор’, ’плаціна’, серб.-луж. zastawa ’шчыт (у плаціне)’, в.-луж. яшчэ ’залог’, чэш. zástava ’залог’, кніжн. ’сцяг, харугва’, ’натуральная перашкода з дрэў, крыг і г. д.’, славац. zástava ’сцяг’, уст. ’залог’, славен. zastȃva ’сцяг’, ’залог’, ’укладка’, серб.-харв. за̑става, за̏става ’сцяг’, балг. заста̀ва ’застава’, ’хмара, што закрывае сонца’. Ст.-рус. застава ’атрада які ахоўвае войска на маршы ці на месцы’ (XII–XV стст.), ’пост пры ўездзе ў мясцовасць’ (XVI–XVII стст.). Утворана ў прасл. з тэмай ‑a ад дзеяслова zastaviti, прэфіксальнага вытворнага ад staviti (гл. ставіць) ’ставіць нешта на шляху, выстаўляць нешта’ з далейшай спецыялізацыяй значэння ва ўсх.-слав. мовах (> балг.). Шанскі, 2, З, 63, БЕР, 1, 611.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Руча́й ’невялікі вадзяны паток’ (ТСБМ, ТС), руча́й, ручэ́й ’тс’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.). Сюды ж ручаі́на ’невялікі ручай’ (ТСБМ), ст.-бел. ручавина ’невялікі ручай, раўчук’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руча́й ’ручай’, рус. руче́й ’тс’, польск. ruczaj ’тс’, чэш. паэтычнае ručej ’горная ручаіна, ручай’ (пры звычайным potok ’ручай’), славац. ručej, ručaj ’ручай’, в.-луж. ručej ’тс’, балг. ру́чей ’тс’. Стараж.-рус. ручаи (Аповесць мінулых гадоў), ручии, ручьи > ручей (Сразн., 3, 199–200). Прасл. *rečajь < *rukējь, дзе ‑ēj(ь) — суфікс (як у *lišajь, *obyčajь і інш.) і той жа корань, што ў прасл. *rykati/*ryčati ’рыкаць’. Параўн. славен. rukati (пра аленя) ’раўці ў час цечкі’; славац. ručať ’мычаць’, в.-луж. ryčeč ’рыкаць’ (Чарных, 2, 129) і асабліва балг. руча́ ’бурчаць, булькатаць’, ру́квам ’раптоўна пацячы’ < прасл. *ruk‑ (гл. БЕР, 6, 341, 357; Фасмер, 3, 524).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́чань старое ‘студзень’ (Нас.). Укр. сі́чень, старое рус. сечень ‘студзень’, стараж.-рус. сѣчьнь ‘студзень; люты’, чэш. sečen ‘ліпень’, славац. velký sečeń ‘студзень’, malý sečeń ‘люты’, славен. дыял. sečenj ‘люты’, серб.-харв. се̑чањ, sijȇčanj ‘студзень’, балг. фальк. голя́м се́чко ‘студзень’, ма́лък се́чко ‘люты’, макед. сечко ‘люты’, ст.-слав. сѣчьнь ‘люты, студзень’. Прасл. *sěčьnь да *sekti, гл. сячы, як перыяд года, найбольш зручны для высечкі лесу з мэтай атрымання дзелавой драўніны (Шаўр, Этимология–1971, 98 і наст.), або для распрацоўкі ўчастка для раллі. Тлумачэнне, што месяц атрымаў назву па марозе, які “сячэ”, лічыцца народнай этымалогіяй. Назва для ‘ліпеня’ звязана з касьбой (старое *sěkti ‘зразаць траву’). Меркаванні Сноя (Бязлай, 3, 346) пра сувязі з літ. síekis, siẽkis ‘снежань студзень’ аналагічна літ. sãusis ‘студзень, снежань’ пры славен. súšec ‘сакавік’ (Сной₂, 713) падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Гл. ЕСУМ, 5, 258–259.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ска́рдзіцца ‘выказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Смаро́дзіна ‘чорныя парэчкі, смародзіна’ (ТСБМ), смаро́да, смуро́да, смаро́днік, смуро́дзіна, сму́роды, смаро́дніна ‘адна ягада або куст смародзіны’ (ЛА, 1). Укр. сморо́дина ‘чорныя парэчкі’, рус. сморо́дина ‘парэчкі; чорныя парэчкі’, польск. smrodzina, smrodynik, дыял. smardlina, smarglina, чэш. smradinka, smradina, славац. smrdlenka. Параўн. таксама каш. smarʒëna ‘чорныя парэчкі’, smarglëna ‘чаромха’, н.-луж. smrod, smrodyn ‘чаромха; крушына’, серб.-харв. смрдѝка ‘крушына’, славен. smŕdež ‘тс’, балг. смрдлика ‘чаромха’, макед. смрделика ‘від ядлоўцу’. Прасл. *smorda, *smordina ‘парэчкі, чорныя парэчкі’. Да слав. *smordъ ‘моцны пах, смурод’ (гл. сморад); расліна названая так з-за моцнага паху’, аналагічна нова-в.-ням. Stinkbaum пры stinken ‘смярдзець’. Для паўднёваславянскіх моў Мяркулава (Очерки, 213 і наст.) узнаўляе форму з асновай *smord‑ у значэнні ‘расліна з моцным пахам’. Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 338; Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1324; SEK, 4, 321.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трушчо́ба ‘бедны, густа населены брудны квартал горада’, ‘брудны, цёмны, разбураны дом’ (ТСБМ). З рус. трущо́ба ‘тс’, якое зафіксавана ў такім значэнні ў слоўніках з першай паловы XIX ст., утворана пры дапамозе суф. ‑об‑a (як утроба) ад дзеяслова з асновай труск і суф. Параўн. ст.-рус. трускъ (з XV ст.), што з’яўляецца глухім варыянтам да друзгъ ‘сухое галлё, вецце’; у такім выпадку трущоба — гэта ‘лес, завалены галлём’ (КЭСРЯ, 453; Цыганенка, 491). Менавіта гэта значэнне пераважае ў трушчо́ба: ‘глухія мясціны’ (слаўг., Яшк.), ‘глуш’, ‘цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам’ (ТСБМ); трушчо́ба, трушчо́біна ‘непраходнае месца ў лесе’, ‘прорва, бездань’ (Нас.), трошчо́ба ‘гушчар, нетра’ (ТС), укр. дыял. трущоба ‘густы непраходны лес у забалочанай нізіне’ (Фасмер, 4, 112; ЕСУМ, 5, 662), што дае падставы для запазычвання толькі ў вузкім значэнні ‘густанаселены бедны квартал’. Да трушчыць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)