стаўбу́н, ‑а, м.

Абл.

1. Збан без ручкі. А раніцой, пабраўшы ў рукі стаўбуны з пітвом для жней і кошык з яблыкамі-падалкамі, ідуць [Васілінка з Зоськай] на поле. Ус.

2. Высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; падобны на такі прадмет. На Серабранцы цвілі каштаны. Белыя стаўбуны кветак сама браліся ў сілу. Паўлаў. Як акінуць вокам ляжалі высокія штабялі аблузанага яловага бярвення і стаўбуны сухой кары. Машара. / у вобразным ужыв. Не менш прыгожая Сонька... І вялікі белы стаўбун валасоў на галаве, і чысты румяны твар, і блакітныя вочы. Мыслівец. // перан. Пра высокага чалавека. Каб у яго быў бацька, дык, можа, Віця быў бы большы і за гэтага стаўбуна Кастуся. Марціновіч.

3. Слуп чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), які падымаецца ўверх. Пад вёскаю падымаліся белыя стаўбуны дыму, а ў акенцах пагойдвалася няроўнае святло — палілі ў печах. Грахоўскі.

4. Віхор, ураганны вецер. [Дзед:] — Мінулым летам як наляцеў быў стаўбун, дык у Варывончыка — майго суседа — усю хату аскуб. Кулакоўскі.

5. Кветаноснае сцябло ў клубневых раслінах, цыбур. Цыбуля ў стаўбуны пайшла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эскі́з, ‑а, м.

1. Першы, папярэдні накід малюнка, карціны ці асобнай яе часткі. — Таксама не, — весела адказаў Коля і пачаў расказваць пра сённяшні ўрок малявання. Потым паказаў ёй [маці] свой эскіз казачнага дуба. Шыловіч. Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // Першапачатковае афармленне скульптурнага твора, звычайна ў зменшаных памерах. Можна сказаць: ну, прыехаў паглядзець, пакідаць эскізы, а што датычыць скульптур — як удасца. Гроднеў. Сям-там, па кутках і прагалках, ціснуліся і другія незакончаныя або кінутыя работы ці толькі эскізы да іх — тулава, ногі, галава. Скрыган. // Накід, план літаратурнага ці музычнага твора. Некаторыя апавяданні Хвядоса Шынклера яшчэ носяць характар эскіза, замалёўкі. Арабей.

2. Малюнак, па якому ствараецца што‑н. (дэкарацыя, тэатральны касцюм і пад.). На маю просьбу памагчы нам аформіць спектакль, зрабіць эскізы касцюмаў Маша засмяялася. Шамякін. // Тэхнічны малюнак, выкананы ад рукі, з захаваннем асноўных правіл чарчэння, які змяшчае ўсе даныя для вырабу паказаных прадметаў. У архівах вялікага мастака выяўлены эскіз пральнай машыны. Матрунёнак.

[Фр. esquisse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сіга́ць ‘скакаць’, ‘бегчы, шпарка ісці шырокімі крокамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., ЛА, 2), ‘імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), сігну́ць ‘ступіць’ (Нас.; карэліц., Сл. ПЗБ), сіг ‘крок, скок’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Рус. сига́ть ‘скакаць’, сиг ‘скок’. Брукнер (490) адносіць сюды ж і польск. дыял. (у XVI ст. запісана як мазавецкае) sigać ‘кідаць’, а таксама ц.-слав. сиг ‘костка для гульні’ і серб.-харв. си̏га ‘stalactites’. Апошнія два прыклады няпэўныя, у іншых крыніцах не згадваюцца. Бліжэйшыя паралелі бачаць у ст.-інд. śīghráh̥ ‘хуткі, скоры’, ст.-англ. hígian ‘спяшыць, напружвацца, імкнуцца’; гл. Сольмсен, KZ, 38, 143; Майргофер, 3, 348. Іншая версія — ад *sęgati (гл. сягаць) з другасным ‑i‑, як гэта мяркуе Праабражэнскі (2, 248), менш верагодная, аднак для некаторых значэнняў тыпу лаг. sihać ‘дамагацца’ цалкам дапушчальная. Думку Расянена (FUF, 29, 198) аб запазычанні з чув. sik‑ ‘скакаць’, тур. säkmäk ‘тс’ Фасмер (3, 618) адвяргае з прычыны наяўнасці слова ў беларускай мове. Меркаванні Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 39) пра рускае і беларускае слова як булгарызм не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пёс ’сабака’ (Бес., Нас.), астрав. пес ’тс’ (Сл. ПЗБ), пёссі ’сабачы’ (чач., Нар. Гом.; Чарадз. казкі), укр. пес, рус. пёс, польск. pies, н.-луж. pjas, в.-луж. pos, чэш., славац. pes, славен. pȅs ’сабака’, серб.-харв. па̏с, макед. пес, балг. пес, пе́сът, старое pъs, ст.-слав. пьсъ. Прасл. pьsъ, якое фанетычна стаіць найбліжэй да ст.-інд. piçáŋgas ’рыжаваты, карычневы’, параўн. Рыжык ’імя сабакі’ і прасл. *pьstrъ ’стракаты’ (першапачаткова ’плямісты’ — параўн. авест. paēsa ’пракажоны’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’ і інш.) (Фасмер, 3, 248). Найімаверней выходзіць з і.-е. *pĭk‑ ’злы’, хаця ў балт. мовах — *pik‑/*pei̯k‑/*poi̯k (літ. pìktas ’тс’, peĩkti ’ганіць’, ’абгаворваць, зняслаўліваць’, paĩkas ’прыдуркаваты’) (Сной–Бязлай, 3, 27). Іншыя версіі: збліжэнне з лац. pecus ’скаціна’, ст.-грэч. πεκος ’шкура’, ст.-інд. paçús, авест. pasu‑ ’тс’, гоц. faíhu ’грошы’ з набліжэннем семантыкі да ’касматы, калматы’ (Ільінскі, РФВ, 69, 13; 73, 286; AfslPh, 34, 11) ці да ’вартаўнік скаціны’ (Остгаф, Parerga 1, 214, 256–265 і наст.; Брукнер, 411, Барталоме, 881), што, як і збліжэнне з лац. specio ’гляджу’ (Мее, Études, 238) і інш., з’яўляюцца менш імавернымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́жка, ложка ’прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы’ (Яруш., Гарэц., Касп., Сцяшк., Анох., ТСБМ, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Укр. ложка, ли́жка, ли́шка, ли́жґа, рус. ложка, кастр. лы́жка, ст.-рус. лъжька, ложька; польск. łyżka, łyška, lyjška, łyska, łóška, łuška, leška, каш. lëška, łiška, ст.-н.-луж. łežka, чэш. lyžka, łezka, славац. lyžka, liška, усх. ložka. Прасл. паўн. lъžka ’лыжка’ (Слаўскі, 5, 441–445), якая першапачаткова рабілася з дрэва, з кары; гэта дэмінутыўнае ўтварэнне ад *lъga, і.-е. адпаведнікам якога з’яўляюцца алб. lugë ’тс’, усх.-асец. alịgd ’надрэз’, alịgdịn ’падразаць’, ст.-інд. rujati ’ламае’. Аналагічна англ. spón ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням. spân ’трэска’, ст.-ісл. spánn ’лыжка, трэска’, швед., дац. sked ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням. sceidôn ’расколваць’. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Слаўскі (5, 444–445); Фасмер (2, 511–512), Махэк₂ (346), Скок (3, 683), Трубачоў (Ремесл. терм., 169–170). Карскі (1, 149; Труды, 501) мяркуе, што бел. лы́жка — паланізм. Сюды ж лы́жачнік ’майстар, які робіць лыжкі’ (ТСБМ), лы́жачка ’дыхавіца’ (ТСБМ; КЭС, лаг.) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства (упадзіна ў грудной клетцы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаўня́1 ’спарыння’ (Сцяшк. МГ, Шатал.), галаве́нька ’тс’ (Шатал.). Гэта назва сустракаецца ў радзе слав. моў. Параўн. рус. головня́, укр. голо́вня́, польск. głownia, балг. главня́ ’тс’. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76–79; Трубачоў, Эт. сл., 7, 12–13. У гэтай жа форме, але з іншым значэннем (’галавешка’) *golvьńa сустракаецца ў многіх слав. мовах і дыялектах (агляд гл. Трубачоў, там жа). Гэта значэнне лічыцца зыходным, а ’Ustilago, хвароба зерневых, спарыння’ — другаснае. Гл. Выгонная, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 7, 13. Будзішэўска (Słown., 300) меркавала, што значэнне ’Ustilago’ — гэта інавацыя, што, бясспрэчна, няправільна (параўн. геаграфію слова і семантычныя паралелі, якія прыводзіць Выгонная, там жа, с. 77).

Галаўня́2 ’верхні вушак у дзвярах’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут, магчыма, захоўваецца адно з архаічных значэнняў слова *golvьńa, менавіта ’штосьці важнае, галоўнае і да т. п.’ Гэта значэнне не зафіксавана ў Трубачова (Эт. сл., 7, 12–13), што, аднак, не сведчыць аб немагчымасці яго існавання ў мінулыя часы. Менш верагодным здаецца вывядзенне «верхняга вушака ў дзвярах» з якога-небудзь вядомага значэння прасл. *golьbńa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўчэ́г1 ’каўчэг, судна, у якім згодна з біблейскім паданнем, выратаваўся ад «сусветнага патопу» Ной з сям’ёй і жывёлай’ (ТСБМ, БРС). Рус. ковче́г, укр. ковче́г, ст.-рус., ст.-слав. ковъчегъ, балг. ковче́г, серб.-харв. ко̀вче̑г ’скрынка, скрыня’. Слова, якое, як мяркуюць, паходзіць з усх. моў. Звычайна параўноўваюць з чагат. kopur ’пасудзіна’, koburčak ’скрынка’ і г. д. Менш верагодным лічыцца вывядзенне слова з тур. мовы (параўноўваюць з тур. kapčyk, kapčuk ’футарал’). Яшчэ больш няпэўным з’яўляецца вывядзенне з грэч. крыніцы або са ст.-рус. ковъ ’пасудзіна’ (апошняе прапанаваў Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 230; цікава, што яшчэ Даль прапанаваў вывядзенне слова ковчег ад ковать).

Каўчэ́г2 ’скрынка для захоўвання асабліва каштоўных рэчаў; скарбонка’ (ТСБМ); ’пенал’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з назвай каўчэга, на якім плыў біблейскі Ной. Даль адзначае, што каўчэгам сталі называць дзіўнага выгляду судны, караблі і нават калымагі, далей ківот для абразоў. Каўчэгам называлі таксама скрыначку для захоўвання каштоўнасцей царквы, царскіх грамат, а таксама пячацей, якія былі прымацаваны да грамат, дыпломаў і г. д. Пазней слова гэта стала азначаць больш простыя рэчы, напр., пенал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)