Каўчэ́г 1 ’каўчэг, судна, у якім згодна з біблейскім паданнем, выратаваўся ад «сусветнага патопу» Ной з сям’ёй і жывёлай’ (ТСБМ, БРС). Рус. ковче́г, укр. ковче́г, ст.-рус., ст.-слав. ковъчегъ, балг. ковче́г, серб.-харв. ко̀вче̑г ’скрынка, скрыня’. Слова, якое, як мяркуюць, паходзіць з усх. моў. Звычайна параўноўваюць з чагат. kopur ’пасудзіна’, koburčak ’скрынка’ і г. д. Менш верагодным лічыцца вывядзенне слова з тур. мовы (параўноўваюць з тур. kapčyk, kapčuk ’футарал’). Яшчэ больш няпэўным з’яўляецца вывядзенне з грэч. крыніцы або са ст.-рус. ковъ ’пасудзіна’ (апошняе прапанаваў Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 230; цікава, што яшчэ Даль прапанаваў вывядзенне слова ковчег ад ковать).
Каўчэ́г 2 ’скрынка для захоўвання асабліва каштоўных рэчаў; скарбонка’ (ТСБМ); ’пенал’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з назвай каўчэга, на якім плыў біблейскі Ной. Даль адзначае, што каўчэгам сталі называць дзіўнага выгляду судны, караблі і нават калымагі, далей ківот для абразоў. Каўчэгам называлі таксама скрыначку для захоўвання каштоўнасцей царквы, царскіх грамат, а таксама пячацей, якія былі прымацаваны да грамат, дыпломаў і г. д. Пазней слова гэта стала азначаць больш простыя рэчы, напр., пенал.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)