Кацу́ба ’качарга’ (Сцяшк. МГ), кацу́ба ’кій з загнутай ручкай’ (Сл. паўн.-зах.), кацюба ’качарга’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. польск. kociuba ’тс’, укр. коцюба. Слаўскі (2, 318–319) рашуча сцвярджае, што геаграфія слова указвае на запазычанне польск. лексемы з укр. мовы (< коцюба), а не наадварот (Брукнер, 242, Бернекер, 536 і інш. меркавалі, што для ўкр. слова крыніцай была польск. мова). Зыходным з’яўляецца тур. kösübe, утворанае ад асновы köse- ’шураваць у печы; у вогнішчы’. Былі таксама спробы выводзіць слова кацу́ба з еўрапейскіх моў (ням.), але беспадстаўна. Бел. кацу́ба (з такім націскам) узята, відаць, непасрэдна з польск.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каша́ры (толькі ў мн. л.) ’казарма’ (ТСБМ, Шат. і інш.). Укр. дыял. коша́ра ’казарма’. Запазычанне з польск. koszary ’тс’. У польск. мове гэта слова з такім значэннем вядома з XVIII ст. Лічыцца, што ў польск. мове koszary ’казарма’ таго ж паходжання, што і польск. koszar, koszara ’загарадзь для авечак’. Значэнне ’казарма’, як думаюць, з’явілася пад уплывам іншага слова — kasarnia, запазычанага таксама ў XVIII ст. з ням. Kaserne (з ад’ідэацыяіі да польскіх слоў на ‑(ar)‑nia). Параўн. Бернекер. 587; Брукнер, 260. Няясным усё ж застаецца, аднак, пытанне, чаму гэта слова ўжывалася іменна ў мн. ліку.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́дле 1 ’згодна з чым, адпаведна чаму’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Запазычанне з польск. (ГБЛМ, 1, 145). Падрабязна гл. вэдле.
Во́дле 2 ’побач, вакол’ (Нас.). Рус. во́дле, во́дли і во́зле, укр. відля, візля, візлі, польск. wedla, wedle, чэш. vedle, славац. veďla, славен. vàdlje, серб.-харв. ва̀дље ’адразу, у тую ж хвіліну’. Звязваецца звычайна з рус. длина, прасл. *dьlgъ і інш. Параўн. таксама ст.-рус. д(ь)ля ’даўжыня’ (Брукнер, 89; Фасмер, 1, 334, 517). Паводле Праабражэнскага, 1, 90, зыходнай формай была vъ‑dьli, а ст.-чэш. форму vedlé Голуб-Копечны (98) рэканструююць як *vъdьlьje.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́харэц ’зух’ (Бяльк.). Няясна; параўн. рус. ухарь ’тс’, якое Фасмер (4, 178) лічыць вытворным ад выкл. ух, гл. вух, ух, хутчэй ад дзеяслова ухать, гл. вухаць; параўн. таксама бранск. ву́ха ’бойкі, вынаходлівы хлопец’ і мсцісл. уга́р ’разудалы’ (Юрч. Сін.). Магчыма, звязана з вухры́ць ’настаўляць, вучыць’ (гл.); параўн. наву́хрыць ’намуштраваць’, падву́хрыць ’падвучыць каго, падбіць’ (Бяльк.). Прымаючы пад увагу мсцісл. угар, можна дапусціць сувязь з польск. ogar, чэш. ohař, ц.-слав. огаръ ’ганчак’, далейшая гісторыя якога застаецца няяснай (магчыма, запазычанне з усходніх моў; гл. Фасмер, 3, 117; Махэк₂, 410 і інш.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вярбе́льнік ’птушкамлечнік парасоністы, Ornithogalum umbellatum’ (віц., Кіс.; Крывіч, 4, 1923). Відавочна, з *вярбейнік; параўн. рус. вербейник ’лазаніца, Lysimachia L.’ Да вярба́ (гл.). У іншых слав. мовах таксама ёсць шматлікія назвы раслін, якія паходзяць ад vьrbá; параўн. польск. wierzbownica ’скрыпень, Epilobium’, wierzbówka, в.-луж. wjerbka ’тс’, wjerbinka ’лазаніца’, wjerbička ’стрэя’, чэш. vrbice ’драсён, Polygonum L.’; ’скрыпень, Epilobium L.’, славац. vrbica ’чальчак, Lythrum L.’, макед. врбовка, серб.-харв. vŕbovica, славен. vŕbovec ’скрыпень, Epilobium L.’, балг. върбовница ’драсён земнаводны, Polygonum amphibium L.’, върбовка ’скрыпень’; ’фарбоўнік, Isatis tinctoria L.’, върбовник ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’ і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Газе́та. Рус. газе́та, укр. газе́та, польск. gazeta і г. д. Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Першакрыніцай слова з’яўляецца іт. gazzetta ’тс’ (гэта назва ўтворана ад gazzetta ’дробная манета’: «плата за чытанне зводу навін, газета»). Рус. газета запазычана з франц. мовы (Шанскі 1, Г, 9). Бел. газета запазычанне з рус. мовы. Але бел. дыял. газэ́та (Шат., Бяльк., Сцяшк., Касп., Яруш., Мядзв.) узята непасрэдна з польск. мовы (таксама Слаўскі, 1, 264; ён лічыць, што паланізмам з’яўляецца і ўкр. газе́та). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 382. Іншыя этымалогіі, што прапанаваліся рознымі даследчыкамі, гл. у Шанскага (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гайно́ ’бярлога, логава’ (БРС, Шат., Бяльк., Мат. Гом., 3, Шатал.); ’бярлог’ (Яшк., Касп., Грыг., Мядзв.), таксама ’гняздо’ (Мат. Гом., 3), га́йна ’логава, беспарадак’ (Янк. III). Укр. гайно́ ’гной, кал; падсцілка з саломы для жывёлы; бярлога; беспарадак’, рус. га́йно́ ’гняздо, логава звера; гняздо птушкі; сабачая будка, палатка; хлеў; падсцілка для свіней і да т. п’. Няма ў слоўніках Слаўскага і Фасмера. Рудніцкі (531) хоча бачыць тут эўфемізм для зыходнага слова *govьno. Няпэўна. Невядома, ці ёсць нейкая сувязь з чэш. hejno, славац. hajno, польск. дыял. gajno ’стада авечак, сагнаных разам’ (аб гэтых словах гл. Махэк₂, 164).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́лас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (БРС, Нас., Шат.), таксама гала́с (Нас., Сцяшк. МГ). Шатэрнік выводзіў гэта слова з польск. hałas, але апошняе само запазычана (h‑) з усх.-слав. (бел., укр.) моў (гл. Слаўскі, 1, 397, які, праўда, услед за іншымі даследчыкамі лічыць, што польск. слова ўзята з укр. мовы). Этымалогія ўсх.-слав. слова няпэўная. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка hala!). Іншыя шматлікія версіі (агляд іх гл. у Слаўскага, 1, 397–398) пераконваюць менш. З га́ла́с звязана бел. дыял. галасава́ць ’гучна крычаць’ (Шатал.); параўн. і ўкр. галасува́ти ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гамзе́ць ’турбаваць (пра зубы)’ (Сцяц.). Відаць, таго ж паходжання, што і іншыя словы, якія адносяцца да прасл. *gъmъz‑ (гл. га́мзаць, там і літ-ра). Параўн. у Фасмера (1, 435) рус. гомоза́ ’непаседа’, гомози́ть ’мітусіцца, турбавацца’, гомза́ть ’кішэць’. Зыходным значэннем можа быць ’капашыцца, пакусваць’ → ’пакусваць (спачатку аб насякомых)’ → ’пакусваць, турбаваць’ → ’турбаваць’. Параўн. Трубачоў (Эт. сл., 7, 193), дзе прыводзіцца в.-луж. hemzać ’капашыцца, пакусваць’, польск. giemzać ’зудзець і да т. п.’ Бел. гамзе́ць ’турбаваць (пра зубы)’. Трубачоў (там жа, 194) таксама адносіць да слав. *gъmъz‑ (пад агульнай праформай *gъmъzěti (sę)).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гано́к ’плыт’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. гоно́к ’тс’, але таксама га́нок. Дакладна аб этымалогіі слова, хоць яно і здаецца празрыстым, нічога пэўнага сказаць нельга. Яно можа паходзіць ад дзеяслова гнаць. Але бянтэжыць рус. дыял. форма га́нок ’тс’, якая можа ўказваць на фармальную сувязь са словам га́нак (гл.). Гэта апошняе ў дыялектах мае шмат значэнняў (параўн., напр., для рус. мовы агляд у СРНГ, 6, 135). Але ўсё ж такі здаецца, што зыходным трэба лічыць *гоно́к (: goniti ’гнаць’), якое пазней у гаворках у выніку дээтымалагізацыі асацыіравалася з іншым словам (га́нок, га́нки ’ганак’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)