По́лька ’танец у хуткім тэмпе’ (ТСБМ). Найбольш імаверна ад чэш. půlka, polovina ’палова’, магчыма, сцяжэнне ад půlkrok ’паўкрок’, бо назва паходзіць ад паўтактавага памеру (Брукнер, 682; Чарных, 2, 55). Неверагодная думка пра тое, што танец з’явіўся ў Празе ў 1831 г. і названы ў знак салідарнасці з палякамі (Голуб-Копечны, 285; Фасмер, 3, 321), бо першыя згадкі пра яго як пра бальны танец — у 1825 г., а ў 40‑я гады XIX ст. ён набыў папулярнасць у Расі і, арганічна ўвайшоў у беларускую народную харэаграфію, бо ў беларускім фальклоры існавалі танцы накшталт полькі (Чурко, 229). Банькоўскі (2, 688) не выключае, што крыніцай магло быць скажонае *folka ад ням. Volkstanz, паколькі танец папулярызавалі як tschechischer Volkstanz.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надоечы ’нядаўна, днямі’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. 2, Ян.), надоячы ’тс’ (Бяльк., Пятк.), надойчы ’тс’ (Сцяшк.), надовечы, надовячы ’тс’ і ’сягоння раніцай’ (Нас., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Ян.), надоіч ’днямі’ (Сл. ПЗБ), надое ’тс’ (Жд. 2), рус. бран., смал. надоичи, надойчи, надовичи. Найбольш блізкімі да названых зыходнымі словамі маглі быць формы тыпу бел. нагда, рус. онады, оноды ’тс’ (< onogъda/‑dy, гл. ESSJ SG, 2, 525), расшыраныя партыкуламі, што ўзыходзяць да указальных займеннікаў і овъ. Карскі (2–3, 71) і Шуба (Прыслоўе, 63) лічаць ‑чы суфіксам, больш правільным было б разглядаць яго ў якасці ўзмацняльнай партыкулы (параўн. ESSJ SG, 1, 305). Магчыма, збліжэнне канца слоў з прыслоўямі тыпу рус. давеча ’недавно’, параўн. надавяча (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Немярэ́ча (німяреча) ’непраходнае балота’ (Яруш.), не́мярэч (немеречь) ’непраходнае месца ў лесе; балоцістае месца сярод лесу, заваленае ламаччам’ (Нас.), не́мерача, не́міріч, німярэ́ч, німярэ́чча ’непралазныя зараслі ў лесе’ (Бяльк.), німярэ́ч ’нетры’ (Яруш.), немарэ́ча ’гушчар лесу’ (Сцяшк. Сл.). Этымалагічна звязана з мярэ́ча ’непраходнае балота, багна; нетры’ (гл.), з якім можа выступаць як сінонім, параўн. нимяреча, мяреча ’балота’ (Максимов, Смол.); для этымалогіі слова паказальна смал. немере́чча ’непраходнае месца ў лесе’ і ’дрэннае надвор’е’ (Дабр.), што дазваляе звязаць яго з мо́рак ’змрок’ з іншай ступенню вакалізму (Талстой, Геогр., 187–188), параўн. немарач (гл.). Пачатковае не- тлумачыцца як паказчык адмоўнай прыкметы (Талстой, там жа) або як словаўтваральны элемент ці «пусты» прэфікс, параўн. рус. не́клен ’чарнаклён’ і пад. (Фасмер, 3, 60; 2, 447).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маркоўнік1 ’расліна, падобная да морквы, Anthriscus silvestris Hoffm.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Растарг., ТС; маг., Кіс.; в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), рус. варон., укр. морковник ’тс’; морко́внік ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella saxifraga L.’ (стол., петрык.; Бейл.), рус. уладз. морковь ’тс’; ’чубатка пустая, Corydalis cava (L.) Schweigg.’ (стол., Бейл.), рус. табол. морковки ’Corydalis caphoides L.’, маркоўнік ’астранцыя вялікая, Astrantia major L.’ (стол., Бейл.). Да маркоўны < морква (гл.). Стол. морковнік ’сон лугавы, Pulsatilla pratensis Mill.’ (Бейл.) паходзіць з ⁺маркотны ’сонны, маркотны, пахілены’; параўн. чэш. poniclec < прасл. poniknǫti ’схіліцца’.

Маркоўнік2 ’сасновы абалоністы лес’ (слаўг., Яшк.). Магчыма, роднасным да яго будзе рус. новасіб. морковник ’дрэва з тонкім ствалом і вялікім, тоўстым камлём’. Да морква (гл.). Семантычны перанос паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Панёва ’спадніца з некалькіх нясшытых удаўжыню полак’ (Нас.), ’суконная саматканая спадніца’ (Бяльк.), ’спадніца з саматканай тканіны ў клетку’ (ДАБМ, 934), ’суцэльная сукня без рукавоў’ (Інстр. I), ’жаночы цёплы пінжак’ (Сцяшк. Сл.). Рус. поня́ва ’пакрывала, накідка; павязка на галаву, хустка’, зах. і паўдн. поня́ва, понёва ’саматканая спадніца’, укр. поня́ва ’від спадніцы’, ст.-рус. понѧва, понева ’кавалак тканіны; пакрывала; завеса; ніжняя спадніца’, ст.-слав. понꙗва, серб.-харв. по́њава ’падсцілка, грубая коўдра’, славен. ponjȃva ’палатно, прасціна, коўдра’. Слова праславянскага паходжання; яно было распаўсюджана ў Паноніі, на што ўказвае яго наяўнасць у вянгерскай і румынскай мовах (Скок, 2, 8). Як мяркуюць даследчыкі (Остэн–Сакэн, SF, 33, 238; Фасмер, 3, 326), звязана з апона, пяць2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гвозд1 ’цвік’ (БРС, Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Рус. гвоздь, укр. гвоздь, гвіздь, в.-луж. hózdź, польск. gwóźdź, ст.-слав. гвоздь і г. д. Прасл. *gvozdъ, gvozdь ’тс’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 7, 185–186 (там і агляд літ-ры), значэнні ’гвозд’ і ’лес’ (параўн. гвозд2) звязаны; праформай з’яўляецца і.-е. *guos‑d‑ (параўн. ням. Quast, Quaste, с.-в.-ням. quast(e) ’кісць, пучок, мяцёлка, венік’).

Гвозд2. Палес. слова (’сухая ўзвышаная мясціна сярод балот, прастора, пакрытая густым лесам’), якое мае сувязі ў зах.-слав. і паўд.-слав. мовах. Аб магчымасці яго існавання гл. Талстой, Геогр., 61–62 і наст. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 7, 185–186; Мартынаў, Этимология 1968, 14 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́рны1 ’гаротны, сумны’ (БРС). Гэта слова ў такім значэнні не сустракаецца ў іншых слав. мовах. Яго няма ў аглядзе Трубачова (Эт. сл., 7, 57–58), дзе разглядаецца матэрыял усіх слав. моў. Таму можна думаць, што гэта самастойнае ўтварэнне на бел. глебе ад го́ра (< прасл. *gorʼe ’гора, бяда і да т. п.’).

Го́рны2 ’фанабэрысты, выхвальны’, ’прыгожанькі, прыгожы’ (КЭС). Рус. дыял. гордно́й, го́рдный ’горды’, горно́й, го́рный ’тс’, польск. garny ’горды, пераборлівы’, серб.-харв. гр́дан, гр̑дан (у розных значэннях) і г. д. Прасл. *gъrdьnъjь, якое з’яўляецца вытворным пры дапамозе прыметнікавага суфікса *‑ьnъ ад прасл. прыметніка *gъrdъ. У бел. мове (як і некаторых іншых слав.) адбылося спрашчэнне кансанантнай групы ‑рдн‑ > ‑рн‑. Агляд форм, семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кон1 ’месца, дзе ставяцца фігуры, якія трэба выбіваць (пры гульні ў гарадкі і г. д.)’ (ТСБМ), ’галоўнае месца дзеяння на пляцоўцы, на якім стаяць удзельнікі гульні’ (Нар. словатв.). Гл. кон3.

Кон2 ’гульня ў мяч’ (Ян.). Гл. кон1.

Кон3 ’чарга, лёс’ (Нас.). Укр. кін ’месца гульні’ і ’месца смяротнай кары’, рус. кон ’рад, чарга’, ’канец, мяжа, рубеж’, ст.-рус. конъ ’тс’, серб.-харв. ко̏н ’пачатак і канец’, ст.-чэш. kon ’канец’, н.-луж. kón ’тэрмін, момант’. Прасл. konъ зберагло рэфлексацыю толькі ў частцы славянскіх моў, у іншых яго выцесніла вытворнае konьcь. Разглядаемае слова знаходзіцца ў рэгулярных апафанічных адносінах з прасл. čęti (гл. пачаць). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 195–196.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́рань1 ’падземная частка расліны’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’настой з кораня’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. корінь, рус. корень, ст.-слав. корень, балг. корен, серб.-харв. ко̏рен, славен. korȇn, польск. korzeń, чэш. kořen ’тс’. Да прасл. kor‑ьnь. Параўн. літ. kẽras ’куст, корань’ (Бернекер, 1, 570; Траўтман, 127).

Ко́рань2 ’сядзіба’ (Мат. Гом., Яшк.). Да корань1 (гл.). Семантычны перанос ’вытокі расліны’ > ’вытокі чалавека’ > ’родныя мясціны, сядзіба’.

Ко́рань3 ’калодачны вулей’ (Сл. паўн.-зах., З нар. сл.). Сувязь з корань1 становіцца зразумелай, калі ўлічыць, што яго значэнне ’настой з кораня’ і тое, што «Купяць карэнь — бадаян, натруць каранік (калодачны вулей. — B. M.), запах даваў, і пчолы сядуць» (Сл. паўн.-зах., 2, 414–415).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Булд-. Аснова, якая выступае ў шматлікіх утварэннях (параўн., напр., булдава́, булды́р, булдо́ўка, булды́га і г. д.). Паколькі гукаспалучэнне булд‑ не можа быць спрадвечна славянскім (бо *buld‑ для прасл. мовы немагчымая рэч, а штосьці тыпу *bulьd‑, *bulъd‑ давесці таксама немагчыма; іначай, але непераканаўча, аб аснове булд‑ гл. Праабражэнскі, 1, 52–53; Фасмер, 1, 238: пад булды́га, булы́га), то, зыходзячы з паралеляў тыпу булдава́|булава́, трэба думаць пра яго другаснае паходжанне шляхам кантамінацыі: балд‑а × бул‑ава > булд‑ава і г. д. (дарэчы, пытанне аб слав. паходжанні асновы балд‑ ставіць Шанскі, 1, Б, 22–23). Варыянт бульд‑ (параўн., напр., бульды́р) узнік ужо на аснове булд‑ пад уплывам такіх слоў, як бу́лькаць і да т. п. (бульды́р ’бурбалка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)