Прыма́ць1, незак. тр. да прыня́ць (гл.) (ТСБМ, Нас., Мал.). Узыходзіць да прасл. *prijьmati, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *jьmati, гл. мець. Сюды ж дзеясловы з захаваным ‑j‑: прыйма́ць ’прымаць (у розн. знач.)’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прыйма́ты ’прыбіраць’ (драг., Сл. ПЗБ), прыймава́ць ’зазнаваць; цярпець’: не доведзи Богъ, што мы отъ его пріймуемъ (Нас.), ст.-бел. приимати, приимовати ’атрымліваць, браць; прымаць; прызнаваць’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав., ст.-рус. приимати ’тс’, рус. дыял. прима́ть ’браць, атрымліваць; прымаць’; ’прыбіраць, здымаць’, прийма́ть ’прымаць, браць; зазнаваць (гора, няшчасце)’, приима́ть ’прымаць, браць да сябе; даваць прытулак’, ’запрашаць, ветліва сустракаць’, ’цярпець, зазнаваць (непрыемнасці, пакуты)’, укр. прийма́ти ’прымаць; атрымліваць, браць; цярпець, зазнаваць’, польск. przyjmować, дыял. przyjmać ’атрымліваць, браць’, серб.-харв. при́мати ’атрымоўваць, прымаць’ і пад.

Прыма́ць2 ’браць мужа ў сям’ю жонкі’ (Ян.). Да прыма́ць1 з вядомымі значэннямі, але, відаць, з захаваннем старой семантыкі, параўн. літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, таксама рус. дыял. прима́ть ’пускаць у дом, да сябе’, укр. прийма́ти ’браць каго-небудзь у сваю сям’ю як мужа, зяця, нявестку і пад.’ Паводле Мартынава (Бел.-укр. ізал., 51), з’яўляецца балтыйскім пранікненнем, што магчыма прыняць толькі для часткі беларускіх і ўкраінскіх гаворак. Параўн. прыма́к (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляд1 ’няшчасце, няўдача’ (Булг.). Роднаснае з рус. ляд ’д’ябал, нячысцік, якое выводзяць з ледачий ’шалапутны, нічога не варты’ або з польск. ladaczy (ladacy) ’д’ябал’. Гэта нібыта пацвярджаюць і бел. лядашчыц ’нячысцік’, лядашцік ’злы дух’ (Нас.). Паводле Карскага (Труды, 205), лядъ лічыцца таксама паланізмам, што можна аспрэчваць. Бел. ляд з’яўляецца працягам прасл. паўн. lędъ ’д’ябал’, які названы так паводле яго месцазнаходжання — на лядах, параўн. аналагічна хлеўнік, амшанік, балотнік (Талстой, Геогр., 142–143). Развіццё семантыкі ў адмоўным напрамку, як і ў бел. чартаўшчына ’што-небудзь незразумелае, неверагоднае, недарэчнае’, якое ад чорт. Бел. ляд мае адпаведнікі ў рус. народных гаворках са значэннямі: ’бяда, няшчасце’, ’хвароба, немач’, ’усё ні да чаго не патрэбнае’. Сюды ж маст. ляда ’цяжка’ (Сл. ПЗБ).

Ляд2 ’прагаліна на полі, дзе не ўзышло збожжа або бульба’ (кам., ДАБМ, 957), ’поле на месцы высечанага лесу ці пажарышча’ (пруж., Яшк.). Роднаснае да ляда1 (гл.). Прасл. lęd‑ъ (параўн. рус. валаг., калін. ляд ’нізкае балоцістае месца’, ’сырая паляна’, арханг. ’лядная сістэма земляробства’ ўжывалася разам з lęd‑a і lęd‑o, як і іншыя словы з суфіксамі на ‑nъ (‑na, ‑no) і ‑tъ (‑ta, ‑to), — больш падрабязна гл. Аткупшчыкоў (Из истории, 162, 163).

Ляд3 у назве расліны мышый ляд ’гарошак мышыны, Vicia crassa L.’ (драг., Нар. лекс.). Да ля́да2 (гл.) або да яд (?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гай1 ’гай’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшкін, Касп., Грыг., Мядзв., Шн., Бес., Булг.). Агляд значэнняў бел. слова гл. Яшкін, 43–44; Талстой, Геогр., 48–50; ДАБМ, 913. Укр. гай, рус. гай, чэш., славац. háj, польск. gaj, в.-луж. haj, н.-луж. gaj, серб.-харв. га̑ј, славен. gáj. Слав. *gajь. Звычайна тлумачыцца як звязанае са слав. дзеясловам *gojiti ’даглядаць, ахоўваць’ (гл. Фасмер, 1, 383, там і агляд іншых версій, якія Фасмер не прымае, здаюцца досыць праўдападобнымі пасля дэталёвага аналізу Талстога, Геогр., 48–56). Талстой лічыць, што, падобна да таго як слова *šuma ’лес’ звязана з *šuměti, слова *gajь роднаснае лексеме *gajiti ’крычаць, шумець’ (там жа, 54–55). Некаторыя спецыфічныя значэнні бел. слова, напр. ’могілкі’ (гл. Яруш.; ДАБМ, 913), тлумачацца з прамежкавага ’гай, асабліва на могілках’ (Гарэц.).

Гай2 ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ (Шатал.: «Мы зовом гаем між полей неудобную землю, де ростэ трава, а лес не ростэ»). Не выклікае сумнення сувязь з гай1 (гл.). Дыяпазон семантыкі славянскай лексемы *gajь вельмі шырокі (параўн. Яшкін, 43–44, і асабліва Талстой, Геогр., 48–54). Талстой (Геогр., 50) спецыяльна адзначае, што ў бел. гаворках gajь мае і спецыфічнае значэнне ’адсутнасць расліннасці’. Гай ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ якраз адносіцца іменна да гэтай катэгорыі семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ла1 (ж. р.) ’голае месца’ (БРС), ’прастора між лесу’ (Сцяшк. МГ), ’лапіна’ (Шатал.), га́ла (н. р.) ’балотная сенажаць, чыстая ад зарасніку’ (Шат.), гал ’прагаліна ў лесе’ (Бяльк., Яшкін). Слова гэта вядома галоўным чынам ва ўсх.-слав. мовах (перш за ўсё на Палессі) і часткова ў зах.-слав.

Га́ла2 ’круглы ком, шар (скручаны)’ (БРС), га́лка ’невялікая гала’ (Нас.). Паводле Бернекера (1, 301) і Фасмера (1, 388), этымалагічна звязаны рус. га́лка ’шкляная гала’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’галка, невялікая гала, вярхушка вежы’, польск. gałka ’гала, булавешка і г. д.’, gały ’вочы’. Але, як мяркуе Фасмер (там жа), вывядзенне гэтай групы слоў з позняга с.-в.-ням. galle (< лац.) няпэўнае (насуперак Міклашычу, 50; Бернекеру, 1, 292; Праабражэнскаму, 1, 117 і інш.) і, прынамсі, частка гэтых слоў, магчыма, спрадвечна славянскага паходжання (так Ільінскі, RS, 6, 217; Патабня, РФВ, 3, 163). Гл. яшчэ меркаванні Слаўскага (253), які таксама бачыць тут славянскае ўтварэнне (магчыма, да *golъ ’голы’; тлумачэнне семантыкі ў Слаўскага). Магчыма, сюды і га́лы ’ягадзіцы’ (Нас.), хоць не выключаецца і сувязь гэтага слова з *golъ ’голы’. Для бел. слова крыніцай, відаць, з’яўляецца польск. gałka. Аб гэтым сведчыць ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ (слова вядома ў помніках XVI ст.). Гл. Булыка, Запазыч., 147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напашэ́ве ’пад рукамі, нагатове, у патрэбную хвіліну’ (слуц., Вітка, Полымя, 1988, 7, 201), ’на такім месцы, дзе можна ўзяць адразу, не шукаючы’ (слуц., Нар. словатв.), напашэ́я ’пад рукою, навідавоку’ (дзярж., Нар. сл.), напашэўку ’пад рукамі, пад рукой’ (мін., Жыв. сл.; стаўбц., Нар. сл.; Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.), ’блізка, пад рукамі’ (Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на пашэве, дзе другая частка — назоўнік у месным склоне *пашэ́ва ці *пашэ́ў ’похва’, параўн. польск. poszew, poszwa ’тс’, першапачаткова ’трымаючы руку на похве са зброяй’; у выпадку спалучэння на пашэўку — ’паклаўшы руку на похву’, параўн. польск. poszewka ’похва’, усё да шыць, шво (гл.). Магчыма і іншая версія, якая ўлічвае наяўнасць у радзе славянскіх моў прыслоўяў тыпу польск. poszewo ’коса, нахілена, крыва’ (магчыма, да szawiać ’кранаць, рухаць’, што Брукнер (542) параўноўвае з chwiać, параўн. ша́ваць ’рухаць’, рус. шевелить ’тс’), славен. pošev ’коса’, асабліва napošev ’коса, накасяк’, што дае падставы гаварыць аб адноснай старажытнасці слова, аднак адсутнасць фіксацыі зыходнай формы ў беларускіх гаворках прымушае лічыцца з магчымасцю запазычання. У карысць апошняй версіі сведчыць, магчыма, і ўкр. на‑похваті ’навідавоку, пад рукой’, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік похват (да хватати ’хапаць’); тады магчымае *пашэў ’рух, крананне’ (да шаваць ’рухаць, кранаць’). Цікава, што пры гэтым захоўваецца фармальная суадноснасць з іншым варыянтам назвы ножнаў — похва, што не выключае магчымых збліжэнняў у развіцці семантыкі слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багу́н1, таксама багно́, баго́н, баган, бахун, багульнік, бугу́н, баго́ннік (гл. Кіс., Талстой, Геогр., 155). Рус. багу́н, багу́нник, багу́льник, укр. багно́, багу́н, баго́н, багу́льник і г. д. (Макавецкі, Sł. botan., 205), польск. bagno. Вытворнае ад *bag(ъ)no ’багна’ (гл.). Брукнер, 11; Фасмер, 1, 103; Слаўскі, 1, 25; параўн. яшчэ Мяркулава, ЭИРЯ, III, 16–17; Якобсон, Word, 7, 189; Машынскі, Uwagi; Талстой, Геогр. Але Абаеў (Зб. Фальку, 1–4) на аснове рэдкай рус. формы вагульник хоча бачыць сувязь з ням. wacholWacholder ядловец’) і асец. waɣyly ’шыпшына’. Няпэўная думка (Машынскі, Pierw., 214) пра сувязь з *bagnę (гл. багня́1, 2): у час цвіцення багун нагадвае воўну ягнят. Няправільна Сабалеўскі, AfslPh, 33, 477, ЖМНП, 1911, май, 162, пра роднасць з грэч. φηγός дуб’, дар. φᾱγός, лац. fāgus ’тс’ (акрамя семантыкі, тут і фанетычныя перашкоды: у грэч. і лац. словах і.-е. *‑g̑‑, якое б дало слав. Гл. таксама Шанскі, 1, Б, 8–9 (дзе прыводзяцца некаторыя новыя меркаванні). Параўн. бахун.

Багун2 ’расліна Cynoglossum officinale L., касталом лекавы’ (Кіс.). Мабыць, назва перанесена з багу́н1 ’Ledum palustre’, таму што Cynoglossum, як і Ledum, мае вельмі непрыемны пах. Не выключаецца, што ёсць сувязь і з ба́гна ’балота’ (бо расліна расце ў пясчаных месцах і на берагах рэчак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́жаль ’валакно ачэсанага льну’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Грыг., Жыв. сл., Нар. сл., Доўн.-Зап. 2, Гарэц., Шн., Др.-Падб., Кліх, Мядзв., Гарб., Маш.). Укр. кужіль, рус. кужель ’тс’, балг. къжель, серб.-харв. ку̀жељ, славен. kožȇlj ’тс’, чэш. kužel ’тс’. Для прасл. kǫželь існуюць дзве асноўныя версіі яго паходжання. Першая — запазычанне з германскай крыніцы. Параўн. ст.-в.-ням. chonachla, chunchla, сяр.-в.-ням. kunkel, гал. konkil ’кудзеля’. Параўн. ст.-ісл. kǫngul‑, kǫngurváfa ’павук’, с.-в.-ням. kanker ’тс’, фінск. германізм kangas ’пража’, ст.-ісл. kingsa ’круціць кола калаўрота’. Калі на аснове гэтых паралелей рэканструяваць прагерм. kanga, kangula, kangela, можна сцвярджаць аб запазычанні з прагерманскай мовы прасл. kǫželь (Мартынаў, ВЯ, 1968, I, 129). Менш верагодным з’яўляецца паходжанне kǫželь < *krǫželь пад уплывам kǫdelь (Трубачоў, Ремесл. терм., 96–97). Каб прыняць гэту версію, трэба быць упэўненым, што kǫželь і kǫdelь рознага паходжання (гл. кудзеля), і да таго як узнікла kǫželь (< *krǫželь), kǫdelь ужо існавала. Гіпатэтычнае *krǫželь рэканструюецца на падставе зафіксаванага польск. krężel ’верацяно, конусападобная насадка на калаўроце’. Але гэту форму, якая знаходзіцца ў акружэнні форм без r, лягчэй вытлумачыць як такую, што ўзнікла пад уплывам семантыкі ’вярчэння’ (< krążyć). Параўн. укр. кужілка і кружілка ’калаўрот’. Такім чынам, мы мяркуем, што прасл. kǫželь < прагерм. kangela (Мартынаў, Слав. акком., 65). Параўн. Фасмер, 2, 401–402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́йма, плы́йма, плу́йма, плэйма ’мноства (аб жывых істотах)’, ’безліч, вялікая колькасць, зборышча чаго-н., кампанія’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Шат., Клім., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Растарг., Жд. 1, Жд. 3; Варл.; бялын., Янк. Мат., Янк. 3.: мсцісл., Янк. 2; мсцісл., Юрч. СНЛ; Сцяшк. МГ; барыс., драг., Сл. Брэс.; паўн.-усх., КЭС), ’стада кароў, табун коней, статак авечак’ (карм., ЛА, 1), плоймаю ’кучай’ (калінк., З нар. сл.), плуймо ’многа’ (круп., ЛА, 5), ’дзятва, дзеці’ (Бяльк.), ’сваякі’ (Юрч. СНЛ), плойма ’гультай’ (лях., Сл. ПЗБ), укр. палес. пли́йма ’безліч, мноства’. Варбот (Этимология–1986–1987, 62–63) суадносіць бел. лексему з серб.-харв. plȏjba ’шмат вады на столі, падлозе пры кепскім даху’, якое Скок (2, 687) выводзіць у якасці далматараманскага рэлікта, вульг.-лац. *plǫvia < лац. pluvia ’дождж, дажджавая вада’. Варбот (там жа) уключае лексему *plojьma ў этымалагічнае гняздо і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы, напаўняць’, ’нараджаць’, якая разглядаецца як вытворная ад асновы з коранем у нулявой агаласоўцы і пашырэннем яе на ‑i‑; да гэтага гнязда належыць прасл. *pьlnъ(jь), *plodъ, *plemę, *plęgti ’пладзіцца, вырастаць’. Параўн. таксама Люканен, 1, 172 (плойма < *plodma ад *ploditi). Магчыма, да плыць (гл.), як рус. вой ад выть, гл. аплавітна ’багата’. Значэнне ’вялікая колькасць вады’ — адлюстраванне першаснай семантыкі і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)