Кудзе́ля ’валакно льну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Серб., Шпіл., Бяльк., Мат., Янк. 1, Чуд.). Укр. куделя, рус. кудель ’тс’, балг. къделя, серб.-харв. ку́деља, славен. kodȇlja ’тс’, польск. kądziel, чэш. koudel, в.-луж. kudźel, н.-луж. kuzel ’тс’. Параўн. кужаль (гл.), кужэль (гл.). Частка форм, якія ўзыходзяць да kǫžel, мае значэнне ’кудзеля’ (бел. кужаль ’ачэсаны і ачышчаны лён’, укр. кужіль ’ачэсаны лён, прыгатаваны для прадзення’, параўн. рус. кудель у тых жа значэннях). Такім чынам, kǫdelь і kǫželь могуць мець тоесную семантыку. Спробы даць прасл. kǫdelь этымалагічнае тлумачэнне былі няўдалымі. Такім з’яўляецца супастаўленне kǫdelь з літ. kedénti ’скубеш воўну’, якое генетычна суадносіцца з kedė́ti ’трэскацца, лопацца’, kėdóti рваць у розныя бакі’, kẽdaras ’лахманы’, а далей са ст.-грэч. σκεαννύναι ’расшчапляю’, літ. skedervà ’асколак’ (параўн. Фрэнкель, 233). Таксама няўдалай з’яўляецца спроба звязаць kǫdelь з kǫdьrь (гл. кудзер) з выдзяленнем у іх агульнага прэфікса (kǫdelьc і.-е. *del‑/*dol‑ ’расколваць’ з рэканструкцыяй першаснага значэння плесці’, якое не збераглося ў жывых дыялектах) (параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 99). Зыходзячы з факта спарадычнага змяшэння і у карысць у праславянскай мове, мяркуем, што kǫdelь < *kǫgelь (якое дало таксама kǫželь) (Мартынаў, Слав. акком., 64–65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́хва ’ножны’, ’футарал’, ’vulva’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Гарб., Мік., Гарэц., Яруш., Касп.; маст., смарг., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’навалочка’ (Сцяшк. МГ; маст., Сл. ПЗБ), по́хвы ’пахавыя часткі цела ў жывёл’ (віц., Шн. 3; Нік. Очерки), ст.-бел. пахва, похвы ’ножны’, укр. пі́хви ’ножны’, рус. дыял. пахва́, пахвы ’падхвосныя рамяні ў збруі’, польск. pochwa, poszwa ’ножны’, ’рэмень-падхвостнік’, ст.-польск. pochwa, pochew ’ножны’ (XV–XVII стст.), ст.-чэш. pochvy ’тс’, чэш. pochva, pošva ’ножны’, pochvy ’збруя’, славац. pošva ’ножны’, серб.-харв. pohve ’тс’. Відаць, вандроўны тэрмін не зусім яснага паходжання, асабліва ў значэнні вайсковай прылады. Паколькі польскае слова лічыцца запазычаннем са ст.-чэш. pochvy (Банькоўскі 2, 648–649), то, насуперак Кюнэ (Poln., 88) і Булыку (Булыка, Запазыч., 256), можна меркаваць, што ў беларускую мову слова магло трапіць непасрэдна са ст.-чэш. і было збліжана з утварэннямі ад хава́ць, пахава́ць ’схаваць’ (Нас., 486). Імаверным падаецца таксама меркаванне пра сувязь з прасл. *paxy (*paxъve) або з *poxy (*poxъve), гл. паха, што выводзяцца з *pax‑/*paz‑/*pag‑, варыянтнасць *pa‑/*po‑ тлумачыцца старажытным чаргаваннем галосных (Фасмер, 3, 221; Шустар-Шэўц, Etym. Brun., 1, 30). Нацягнутым здаецца збліжэнне з ням. Fachm ’паліца’, ’скрыня’, Fuge ’паз’, ’шво’, ’жалабок’, лац. pango ’ўганяць, убіваць’, ’засаджваць чым-небудзь’ і ўзвядзенне да і.-е. кораня *pāk‑/*pāg‑ ’замацаваць’ (Скок, 2, 695; Голуб-Копечны, 283–284).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіну́ха1 ‘баркун белы, Melilotus albus Desr.’ (Кіс., Мат. Гом.), ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (Кіс.), свінну́ха ‘сівец, Nardus stricta L.’ (Касп., Сл. ПЗБ, Шатал., Нар. лекс., ЛА, 1), свінну́х ‘рыжая трава, якая расце на ўзгорках’ (Мат. Маг.), свіну́х ‘сена з сухадольнай сенажаці’ (клім., ЛА, 2), свіне́ц ‘нейкая трава’ (ТС), сві́нская трава́ ‘расліна спарыш’ (Сл. ПЗБ). Рус. свіну́ха ‘драсён, Polygonum arenarium Wald.’, свіна́я трава́ ‘драсён птушыны’, польск. świńska trawa ‘тс’. Ад асновы свін‑ (гл. свіны); семантычная сувязь можа быць дваякай: або трава выкарыстоўваецца на корм свінням, або з-за яе шорсткасці, што прыпамінае свіную шчаціну, параўн. народную назву сіўца — чортава барада (Кіс.).

Свіну́ха2 ‘грыб сямейства свінухавых з пласціністай шапкай жоўтага, бурага, лілова-шэрага колеру; свінарка, свінушка’ (ТСБМ, Нар. словатв., Мат. Гом.), свіні́цы ‘тс’ (ТС), сюды ж свіна́ркі, сві́нкі, сві́нні (Мат. Гом.), сві́нкі (Нік., Оч., Мат. Маг.), сві́нка (Нар. словатв.), свіну́шка ‘падгруздак’ (Сл. ПЗБ), сві́ня ‘падгруздак белы’ (Нар. словатв.), а таксама сівая свіння, чорная свіння, свінскі грыб ‘грыбы Russula nigricans Fr., adusta Fr.’ (Сярж.–Яшк.). Рус. свину́х, свину́ха, свину́шка ‘свінуха’. Ад свіны (гл.) з рознымі суф. або перанос з назвы жывёліны; гл. Мяркулава, Очерки, 154, 157. Семантычная матывацыя можа быць шматаспектнай: па падабенстве (з лычом свінні) або з-за малаўжывальнасці грыба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыць1 ’сытасць, насычэнне’, да сы́ці ’ўволю, удосталь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Юрч. Вытв., Федар. 4), сыць вам ’пажаданне тым, хто есць’ (Касп.), сыць Божа ’тс’ (ашм., Стан.), сыць ’укорм’ (Бяльк.), ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’пералічэнне’ (Пятк. 2), ’спажыва’ (віл., Сл. ПЗБ), сы́це ’тук’, ’сытасць, укормленасць’ (Нас.), сы́цце ’харчовае задавальненне, смачная і пажыўная ежа’ (Нік. Очерки), ’насычэнне; тлустасць’ (Нас.), ст.-бел. сыть ’ежа, харч’: оставила от сыти своеи (Альтбаўэр). Укр. сить ’тлустасць; сытасць’, рус. сыть ’ежа, корм’, ’сытасць’, ст.-слав. сыть ’сытнасць’, до сыти ’дасыта, уволю’. Прасл. *sytь < *sytъ (гл. сыты), варыянт з чаргаваннем у аснове захаваўся ў славен. dósti ’даволі’, серб.-харв. dȍsti ’даволі, вельмі’, польск. dość ’дастаткова’, в.-луж., н.-луж. dosć ’тс’. Гл. досыць.

Сыць2 ’расліна Cyperus L.’, сыць ілжывая ’асака, Carex pseudo-cyperus’ (Кіс.). Параўн. укр. дыял. сить ’расліна Cyperus L.’, рус. сыть ’тс’. Няясна; звычайна не адрозніваюць ад сіт, сі́тнік (гл.), параўн. укр. сіть ’сітнік, чарот’ (ЕСУМ, 5, 247). Гл., аднак, укр. дыял. сить ’ражкі, Claviceps purpurea Tul.’, якая мае на Палессі іншыя назвы, у тым ліку спары́ш ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), што дазваляе, насуперак ЕСУМ (там жа), звязаць назву з сыты (гл. сыць1), г. зн. багаты; які дае павелічэнне, напаўненне і інш. Адносна апошняга гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камы́1 ’бульбяная каша’ (Мядзв., Янк., Малч., Гарэц.: шкл., Мат. АС; горац., КЭС; докш., Янк. Мат.; полац., Янк. 2; паўд.-усх., КЭС; ТСБМ, Мат. Гом.; Серб., Бяльк.); ’бульбяная каша з гарохам ці бобам’ (свісл., Шатал.; полац., Нар. сл.; ашм., швянч., глыб., віл., паст., Сл. паўн.-зах.), ’клёцкі з бульбы або з гароху’ (Др.-Падб.); ’каша з бобу ці гароху’ (швянч., Сл. паўн.-зах.; Нік. Очерки; Мат. Гом.): ’пюрэ канаплянае’ (Мат. Гом.), ’каша з льнянога семя’ (барыс., Сл. паўн.-зах.) ’талакно’ (даўг., Сл. паўн.-зах. ’клёцкі, начыненыя мясам’ (рас., в.-дзвін.), ’бульбяная каша, змешаная з тоўчаным макам’ (Грыг., Маш.); ’цвёрдае цеста з аўсянай або гарохавай мукі, скачанае ў шарыкі, зваранае ў вадзе’ (в.-дзвін., КЭС); ’гарохавы суп’ (Жд. 3), ’густое цеста ў камах’ (Нас.), ’клёцкі з цёртай бульбы’ (в.-дзвін., Нар. сл.). Балтызм. Параўн. лат. kami ’тоўчаны, вараны гарох, скачаны ў галкі’ (Блесэ, SB, 5, 22–23). Другое значэнне лат. kams ’ком, камяк’ таксама праглядваецца ў семантыцы бел. камы.

Камы́2 ’ажына’ (Сцяшк.; смарг., Шатал.; Сл. паўн.-зах.). Рус. уладз. комы́ ’тс’, казан. ’макуха’. Макед. комиње ’вінаградныя жамерыны’, комов ’які мае адносіны да вінаградных жамерын; серб.-харв. ко̏м ’жамерыны’ славен. kom ’нешта круглае’; польск. дыял. kom ’камяк’. Відавочна, ажыны названы так паводле іх цвёрдасці і акругленасці формы пладоў. Да прасл. komъ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 179). Параўн. літ. kẽmuras ’гронка ягад’ (Буга, Rinkt, 2, 220).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Конь1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабуры́нне ’жабіна ікра’ (ТСБМ), ’раска’ (Шатал.), ’водарасці’ (Яшкін), жабе́рнік ’тс’ (Шатал., Жыв. сл., 23), жабе́р ’раска; стаячая, пакрытая плесенню вада з сапрэўшымі водарасцямі; студзяністыя водарасці’ (Яшкін; Нар. словатв., 97). Рус. дыял. паўд. (дан., краснадарск.) жабури́нье ’зялёныя водарасці ў стаячай вадзе’, жабури́нья, жабуре́нья ’ўнутранасць дыні, гарбуза і некаторай іншай агародніны, пладоў’, укр. жабури́ння ’жабіна ікра, водарасці, унутранасць дыні; слізкая маса, што ўтвараецца на стаячай вадзе’, дыял. жабу́р ’водарасці, балота’, зах.-балг., макед. жабарник, жабурник, жабурнак ’жабурынне, месца, дзе водзяцца жабы’, чэш. žabinec ’раска, месца, дзе жывуць жабы’, славац. žaburina ’жабіна ікра, раска, стаячая вада, балота’, žabinec ’раска, розныя водарасці, стаячая вада, балота’. Значэнне месца вядома і бел. мове. Яно, відаць, і абумоўлівае суфіксацыю нік у жабе́рнік. Не выклікае цяжкасцей і суфікс ‑нне. Элемент ‑р‑ прадстаўлены яшчэ ў балг., макед. жабор ’жаба-самец’, жубу́ря се, жабу́ркам ’трымае ваду ў роце’, в.-луж. žabr ’нарыў на небе’. Параўн. таксама жа́бры. ‑р‑ можна лічыць яшчэ праславянскім, дзе яно можа быць з балта-слав., і.-е. (параўн. шэраг балтыйскіх гідронімаў з gabr, якія не атрымалі пакуль што дастатковага тлумачэння, Тапароў, E–H, 127; параўн. літ. žúobris ’лемех’, Траўтман, 364). Фасмер рус. дан. жебуриньи ’выжымкі, жамерыны’ лічыць запазычаным з цюрк. (тат. чупрǝ ’закваска’ і інш.). Хутчэй тут кантамінацыя жабуринье ’жабіна ікра, слізкая вада’ і жемиринье ’жамерыны’ (дан.), звязанага з коранем жаць2. Семантычна неверагодна запазычанне з літ. žabarýnas ’малады лес’ (Лаўчутэ, Сл. балт., 45).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скут ‘скрутак, кавалак палатна, прызначаны для бялення’ (Касп.; астрав., глыб., шуміл., калінк., Сл. ПЗБ; Уладз.; сен., Сл. нар. фраз.; ЛА, 4, Нік. Очерки), ‘кавалак, абрэзак палатна’ (Сл. рэг. лекс.), ску́так ‘акравак; скрутак палатна’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘палатно, якім кума пакрывала дзіця пры абрадзе хрышчэння’ (хойн., Арх. ГУ), скуто́к ‘скрутак палатна’ (Сцяшк. Сл.). Укр. дыял. скут ‘жаночае зімовае паліто на ваце’, ц.-слав. скутъ Бярында тлумачыць одѣ(н)е, а Зізаній ве(р)хнее одѣніе, рус. паўн.-усх. ску́ты ‘цёплыя анучы’, ст.-рус. скутъ ‘кавалак тканіны; верхняя вопратка’, старое н.-луж. skut ‘шматок, акравак’, серб.-ц.-слав. ску̑тъ ‘крысо адзежы’, серб.-харв. ску̑т ‘край, падол’, балг., макед. скут ‘крысо, шляк адзежы’. Прасл. *skutъ. Лічыцца запазычаннем з ст.-герм.; параўн. гоц. skaut(s) ‘край, вугал, шляк’, ст.-ісл. skauti м. ‘чатырохвугольны кавалак тканіны’, нарв. skaut ‘жаночая хустка’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 201; Праабражэнскі, 2, 316; Фасмер, 3, 663; Скок, 3, 275. Брукнер (186) супастаўляў славянскае слова з хуста (гл.) і літ. skíautė ‘аскравак, абрэзак’, Фасмер (там жа) лічыць гэта непрымальным, як і версію Даля і Кіпарскага (там жа) з хутаць (гл.), што вельмі верагодна, параўн. скутаць ‘ухутаць, уцяпліць’ (Нас.) пры сувой (да віць, гл.) ‘скрутак палатна’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 812–813. Лінгвагеаграфія і семантыка не даюць падстаў лічыць запазычаннем з літ. skùtas ‘кавалак палатна’, як гэта мяркуюць аўтары Сл. ПЗБ (4, 474).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)