ФЛЕ́КСІЯ (лац. flexio згінанне, выгін),
словазмяняльны афікс, апошняя змяняльная ч. слова, якая замяняецца на іншую пры скланенні, спражэнні слоў. Напр., «зім-а, зім-ы, зім-е, зім-ой», «няс-ём, нес-яце, няс-уць», «бел-ы, бел-ага, бел-аму». Як грамат. фармант Ф. проціпастаўляецца аснове слова: «бязмежн-ы», «узнікн-е». Як фармант рэлятыўны (канчатак) Ф. проціпастаўляецца суфіксу — фарманту дэрывацыйнаму, што не мае сінтакс. значэння: «лес-нік-і, лес-нік-оў, лес-нік-ам». Пры канверсіі сукупнасць Ф. выступае як словаўтваральны сродак. Ф. ўнутраная — чаргаванне гукаў у корані, якое мае словазмяняльнае або словаўтваральнае значэнне: англ. sing — спяваць, sang — спяваў, song — песня; параўн. рус. «воз — вез-ти», бел. «з-бор — з-бір-аць — са-бр-аць — бяр-у». Ф. нулявая — нявыражаны матэрыяльны канчатак, які выяўляецца на фоне рэальных, «непустых» афіксаў: «стол-Ø — стал-а — стал-у», «ног-і — ног-Ø — наг-ам».
Літ.:
Морфологическая структура слова в индоевропейских языках. М., 1970.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НФІКС (ад лац. соп з, разам + fixus прымацаваны), цыркумфікс,
службовая марфема (афікс), якая камбінуецца з прэфікса і постфікса, што нясуць адзінае непадзельнае значэнне (напр., бел. «пад-акон-нік», рус. «за-речь-е»), Выкарыстанне К. наз. парасінтэз — адначасовы ўдзел у сінтэзе слова двух розных афіксальных сродкаў.
т. 8, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВА ў мовазнаўстве, частка слова, носьбіт яго лексічнага значэння. У склад асновы ўваходзяць корань і афіксы словаўтварэння («сад — пера-сад-к-а — сад-ов-ы»). Адрозніваюць 2 тыпы асновы: невытворную (простую), фармальна роўную кораню («горад», «кніг-а»), і вытворную (складаную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння («стал-іц-а», «за-столь-н-ы»).
Асновы лічыцца вытворнай, калі існуе простая з тым самым коранем («стал-ов-ы — стол») ці складаная з інш. афіксацыяй («ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы»). Суадносная складаная аснова наз. звязанай. Страта сувязі з простай або звязанай асновай вядзе да апрошчання («заўтра» з «за-утра», «рубель» з «руб-ель»). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Простая ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і гэтак далей («дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожнічаць»).
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)