Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́раск ’крык, верашчанне’ (БРС, Нас.). Рус. ве́реск, укр. ве́реск, польск. wrzask, чэш. vřesk, балг. врясък, серб. ври̑сак і г. д. Прасл. *verskъ ’вераск, верашчанне’. Сюды ж *verščati ’верашчаць’ (< *verskēti): ст.-рус. верещати, бел. верашча́ць, укр. вереща́ти, рус. вереща́ть, польск. wrzeszczeć, чэш. vřeštěti, ст.-слав. врѣштати, балг. врещя́, серб. ври́штати і г. д.; таксама *verskati, *versknǫti: ст.-рус. верескати, укр. вере́снути, чэш. vřiskati, балг. вря́скам і г. д. Роднасныя: літ. verkšlénti ’злавацца, плачучы’, verkšnóti ’плакаць’ (*versk‑), ver̃kti ’тс’, лат. varkšêt ’квакаць’ (*varsk‑). Магчыма, слав. *versk‑ з *verk‑sk‑ (тады першапачатковую форму мы маем у літ. ver̃k‑ti). Словы гукапераймальнага паходжання. Сюды ж і слав. *vъrčati, *vъrkati (параўн. укр. ворча́ти, рус. ворча́ть, чэш. vrčeti, vrkati і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 296–297, 298.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аргуме́нт ’довад’ (БРС). Рус., укр. аргумент, польск. (з XVI ст.) argument. Ст.-бел. аркгументъ (XVII ст. — Гіст. мовы, 1, 298; Гіст. лекс., 108), ст.-укр. аргументъ (канец XVI ст.) з лацінскай, магчыма, праз польскую, як і рускае, зафіксаванае ў мове Курбскага ў XVI ст. (Шанскі, 1, А, 137) з націскам на другім складзе. Націск на апошнім складзе ў беларускай мове ў выніку ўздзеяння рускай мовы ці формы множнага ліку польскай (argumenty) замацаваўся ўжо ў XIX ст. (Нас.); Насовіч прыводзіць і бытавое значэнне аргументы ’хабар’, што дае падставы меркаваць аб адсутнасці перапынку ва ўжыванні слова і робіць непатрэбным дапушчэнне аб паўторным запазычанні слова з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76; Гіст. лекс., 233), дзе сучасны націск замацаваўся ў канцы XVIII ст. (Шанскі; менш дакладна — Фасмер, 1, 84).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ачэ́п 1 (БРС, Шат.), ’бервяно, што кладзецца на апошні вянок зруба’, ’бервяно, якое кладзецца над дзвярыма або войнамі’ (Сцяшк.), ’бэлька на хаце’ (свісл., дзятл., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ачэпа ’тс’ (ваўк., В. В.), учэпа ’тс’ (Шушк.), ачэп ’узор вугла з вертыкальнымі зарубкамі’ (КЭС, лаг.), параўн. польск. oczap, ocap, осера ’бервяно над дзвярыма ў хаце; бэлька ўздоўж сцяны, якая злучае (oczepia) слупы апоры’. Ад ачапіць ’пакласці зверху, ахапіць’, гл. чапаць; геаграфія назвы на польскай тэрыторыі (Мазоўша, Любліншчына) сведчыць аб яе запазычанасці, параўн. указанні на архаічнасць канструкцыі на беларускай тэрыторыі, гл. Бел. нар. жыллё, 44.
Ачэ́п 2 ’жэрдка’ (Арх. ГУ), укр. очепа ’крук, бусак, якім прыцягваюць плыт да берага’, рус. очап ’калодзежны журавель; жэрдка для падвешвання калыскі’. Гл. очап; параўн. Фасмер, 3, 177.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Адлё́т ’лоўкі, смелы’ (Бір. дыс., КТС), адлётны: отлетный (конь) ’выдатны, цудоўны’ (Нас.) поўнасцю ідэнтычныя з рус. залёт, залётный (у тым ліку залётные кони) (аб рускіх формах гл. Кошалёў, БЕ, 1964, 11, 76). Прыпадабненне да лёт, лётаць. Гэта відаць з параўнання польск. zaloty, zalotny ’заляцанні, залётнік’, семантычна тоесных zalety, zaletny. Брукнер (644) характарызуе першы тып форм як «памылковы». Чэш. zálety, славац. zálety ’заляцанні’ разам з іх польскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да польск. zalecać się ’зарэкамендаваць сябе’, славац. zaliečat sa ’імкнуцца спадабацца’. Цікава супаставіць з гэтымі формамі больш далёкія па сэнсу бел. залеціць ’запэўніваць, пераконваць’ (гл.) і славен. zalecati ’ацэньваць, жадаць’ (Безлай, SR, 12, 225–226, Слаўскі, 4, 96). Усе гэтыя словы ўзводзяцца да прасл. lětь ’свабода, мажлівасць, магчымасць’, гл. лець ’можна’ і паралелі да яго (Мартынаў, SlW, 64).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кажуры́на 1 ’кусок аўчыны’ (БРС, ТСБМ, КЭС, лаг.; Шат.), кажурынко ’кажух’ (Федар. рук.), кажуронак ’тс’ (Бядуля). Як і ў папярэднім выпадку, нельга адназначна меркаваць аб статусе бел. слова. Адпаведнікі — у рус. мове, параўн. кожурина (у Даля без геаграфіі) ’кусок закарэлай скуры, аўчыны і да т. п.’, пск., асташ., цвяр., вышагар., алан. ’дрэнны, закарэлы кажух’. Да значэння ’кажух’ параўн. рус. валаг., наўг., кастр., смал. і інш. кожурина ’скура (авечкі і пад.)’; значэнне ’кавалак аўчыны’ паводле суфікса in‑a. Утвораны гэтыя словы ад кожура, кантынуант апошняга засведчаны рускімі гаворкамі. Кажура пск. ’скура, пераважна свіная’, перм. баранья кожура, свярдл. ’скура цяляці’, кадн., валаг., пск. ’луска’ і інш., далей да кожа (гл.). Суфіксацыя ‑ур‑, відаць, экспрэсіўная, параўн. рус. дыял. кожурина ’худы замардаваны конь’, кожура ’скура жабы’, ’тоўстая скура’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казні́ць ’гаварыць, дзяўбці’ ў вывазе «казні яму, ці не казні…» (полац., Нар. лекс.), ’у вочы ці за вочы клясці, зневажаць’ (КЭС, лаг.). Як паралель можна прывесці не вельмі дакладнае рус. казниться ’пакутаваць, мучыцца душою’. Другасны дзеяслоў ад казнь, засведчаны ў значэнні загад, павучэнне і інш.’ падобных зах.-слав. польск. уст. kaźń, дыял. kaźń, kaźnia, в.-луж., н.-луж. kazń, в.-луж. kaznja, ст.-чэш., ст.-славац. kázn, якія, як і слав. kazn ’пакаранне і інш.’, да kazati (утваральная аснова ‑kaz‑, яшчэ да тэматычнага пашырэння на ‑a‑ti), гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 173. Фасмер (2, 161) думаў пра першаснае значэнне ’загад’ і пра вялікую верагоднасць сувязі з kajati (sę). Бел. слова — інавацыя на базе страчанай або запазычанай з польск. лексемы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кано́плі ’расліна Cannabis sativa L.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.; навагр. Жыв. сл.; гродз., гом. брэст., Кіс.), канапля (Сержп., Грам., Яруш.; віц., маг. Кіс.), кыноплі́, канаплі́ (Бяльк.; Шат.), калопня, калапні ’тс’ (Яруш.; гродз., мін. Кіс.). Укр. конопля, рус. конопля, польск. konopie, каш. ku̯ónopla, н.-луж. konopje, в.-луж. konopje, чэш. konopě, славац. konope, славен. konóplja, серб.-харв. ко̀нопља, макед. коноп, балг. коно́п(ье). Прасл. konopja, konop(j)ь. Да інда-іран. *kana‑ ’насенная’. У якасці еўрапейскага культурнага слова выкарыстана форма *kana‑pus‑ ’мужчынскія каноплі’ (параўн. ст.-інд. púmān ’мужчына, самец’) > ’каноплі ўвогуле’, а для ’мужчынскай каноплі’ ўжывалася словаскладанне *pus‑kana > слав. poskonь (бел. і плоскуні). Больш падрабязна агляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 312; Слаўскі, 2, 423–426; Трубачоў, Эт. сл., 10, 188–193).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Капе́ж, капі́ж ’каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх’ (ТСБМ; Некр.; драг. Нар. словаўтв.; ганц., шчуч., ст.-дар. Сл. паўн.-зах.); ’ледзяшы на стрэхах’ (петрык., Шатал.); ’ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.; Сержп. Прымхі, Клім.), ’жолаб каля даху’ (Сцяшк.), ’месца пад страхою, куды сцякае вада або падаюць каплі са страхі’ (Яшк., Клім., Бір. Дзярж.; чэрв., дзярж., гродз., беласт. Сл. паўн.-зах.), ’стрэшка пад франтонам’ (В. В.), ’шчыт страхі’ (Бір. Дзярж.), ’стрэшка ў яме для бульбы’, ’коптар, з коптарам’ (Сцяц., зэльв.). Укр. капеж, капіж ’лядзяш’, рус. сіб. капеж ’капеж’, польск. kapież ’вадасцёк, рына’, серб.-харв. ка̑пеж (зборн.) ’кроплі’. Прасл. kapežъ, утворанае ад kapiti (каўзатыў ад kapati ’капаць’) і суфікса ‑еžь > ‑еж, параўн. бел. гібе́ж ’месца згібу нагі’, вале́ж ’павалены лес’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (sę), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)