Казні́ць ’гаварыць, дзяўбці’ ў вывазе «казні яму, ці не казні…» (полац., Нар. лекс.), ’у вочы ці за вочы клясці, зневажаць’ (КЭС, лаг.). Як паралель можна прывесці не вельмі дакладнае рус. казниться ’пакутаваць, мучыцца душою’. Другасны дзеяслоў ад казнь, засведчаны ў значэнні загад, павучэнне і інш.’ падобных зах.-слав. польск. уст. kaźń, дыял. kaźń, kaźnia, в.-луж., н.-луж. kazń, в.-луж. kaznja, ст.-чэш., ст.-славац. kázn, якія, як і слав. kazn ’пакаранне і інш.’, да kazati (утваральная аснова ‑kaz‑, яшчэ да тэматычнага пашырэння на ‑a‑ti), гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 173. Фасмер (2, 161) думаў пра першаснае значэнне ’загад’ і пра вялікую верагоднасць сувязі з kajati (sę). Бел. слова — інавацыя на базе страчанай або запазычанай з польск. лексемы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)