Аго́нь ’агонь, касцёр’ (БРС, Нас., Янк. I, Касп.), агонь ’гарачка’ (Янк. Мат.), огон: до огнʼа ’вельмі многа’, на огнʼа ’на чорта’, огнʼовы ’чортавы’ (КСТ), агульна- і праславянскае ognь: рус. огонь, укр. огонь, польск. ogień, чэш. oheň, балг. огън, серб.-харв. о̀гањ, літ. ugnìs, agnùs ’вогняны’, ст.-інд. agnis ’агонь’, хец. agniš, лац. ignis і г. д. < *ugnis. Сасюр, 7, 93; Мейе, MSL, 8, 236, 315; Педарсан, KZ, 38, 395; Гуер, LF, 66, 459; Лер-Сплавінскі, SSW, 1957, 205; Мартынаў, ЭИРЯ, 2, 55. Не даведзена канчатковая сувязь прасл. ognь з серб.-харв. ви̏гањ ’кузня’, чэш. výheň ’горан’ (Ільінскі, РФВ, 74, 133; Левенталь, WuS, 11, 54). Цікава супаставіць з і.-е. *ugnis, ст.-грэч. άγνίζω ’ачышчаю’, памятаючы сакральную ачышчальную ролю агню. Пачатак старагрэчаскага слова (spiritus asper) можна тлумачыць як рэфлексацыю S‑mobile.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўла́ць ’крычаць’ (Мат. Гом.), жаўні́ць ’паўтараць адно і тое’ (Касп.), жаўрі͡ети ’размаўляць, жартаваць’ (Бес.). Рус. перм., ярасл. жа́вля́ть ’жаваць, чаўкаць’, валаг. желва́чить бурчаць, лаяцца, прасіць’, наўг., алан., тамб., смал., валаг. желнить ’ціха, доўга гаварыць’, балг. дыял. жавре се, жевря се ’крыўляцца пры гаварэнні’, джевря(м) се ’скардзіцца’, чэш. želovati. У бел. гаворках прадстаўлены тры тыпы падаўжэння (‑l‑, ‑n‑, ‑r‑) і.-е. кораня *gōu‑, *gou̯‑, *gū‑ ’крычаць, клікаць’, адлюстраванага ў говар, гаварыць, гутарыць (гл.); пры чаргаванні галоснага ое вынікаюць формы тыпу *geur‑, *geuər‑, адкуль журыцца (гл.), жаўрэць, а з іншымі падаўжэннямі жаўлаць, жаўніць. Параўн. яшчэ гом. жаўна ’крыклівае дзіця’. Гл. жаўна. Краўчук, Зб. Крапіве, 195–196; Супрун, Бюлетин за съпост. изследв., 1976, 5, 76. Іначай, як гукапераймальнае, тлумачыць балг. формы БЕР (t, 529), што мала верагодна, калі мець на ўвазе не ўлічаныя там паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмуха́ ’жамерыны’ (драг., Нар. словатв., 144), жмух, жмуха́, жмы́ха́, жмі́ха ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жмых, жмы́ка ’тс’ (Мат. Гом.), жма́кі ’тс’ (Касп., Абабурка). Рус. жмых, дыял. смал., уладз., калуж., варонеж., кур., арл. жма́ка, кур. жмак, ярасл., разан., уладз. жмы́ки, укр. жма́ки, жмихи ’тс’. Чэш. žmach, žmoch ’гразь, нешта разбітае’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2). З рознымі галоснымі і суфіксальнымі ‑х‑ ці ‑к‑ утвараліся дзеясловы тыпу жмыхаць ад žьm‑a‑ti, ад дзеясловаў — бязафіксныя назоўнікі тыпу жмых, жмух і г. д. (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; SP, 1, 76). Нельга, відаць, выключаць і непасрэднага ўтварэння назоўнікаў жмакъ ад жма‑ти, як знакъ ад знати. Параўн. жамерыны, жмаць. Параўн. паўд.-слав. утварэнні з элементам ‑ер‑: балг., макед. жмерки ’шкваркі’, макед. жмер ’асадак пры вытаплены сала’, славен. žmeterina ’адходы воску’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус. дыял. смал. жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул. дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр. джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ. žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnas слав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Завалі́на ’гультай, абібок’ (Сцяц.). Геаграфія (зэльв.) і на піск указваюць на польск. паходжанне, дзе zawałina ’тое, што завальвае дарогу, перашкаджае’; параўн. zawalidroga ’той, хто перашкаджае, гультай, абібок’, якое ўказвае на шлях семантычнай змены ў польск.

Зава́ліна, зугва́ліна, загава́ліна, зуга́ліна ’прызба’ (Мат. Гом.). Рус. зава́лина ’насып вакол хаты для ўцяплення’, цвяр., пск. ’лаўка на вуліцы каля варот’, валаг. ’зямля, пакінутая з-за нязручнасці карыстання ці бясплоднасці’, калуж., бранск., смал. загвалина, заговалина, заговальня ’прызба’, укр. уст. зава́лина ’руіна’, польск. zawalina ’тое, што завальвае дарогу, перашкаджае’, дыял. zawalnia ’насып вакол хаты ў выглядзе лаўкі’. Ст.-рус. пск. завалина ’прызба’ (XV ст.). Утворана на базе дзеяслова валіць1 (гл.), заваліць з суфіксам ‑іна (параўн. абва́ліна ’высокі бераг, дзе можа абвальвацца’), відаць, яшчэ ў ст.-рус. час. Формы загаваліна, зугваліна, зугаліна адлюстроўваюць, відаць, экспрэсіўны элемент (прэфікс?) ‑г‑, ‑го‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ліўка ’бручка, Brassica napus’ (ДАБМ, Касп., Мат. Гом.), каляўка ’тс’ (ДАБМ). Рус. асташ., пск., цвяр., наўг., пецярб. калевка ’тс’, наўг., пск., цвяр., велікал., уладз., калуж., а таксама ў рус. гаворках Прыбалтыкі каливка ’тс’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад каліва ’бручка’, параўн. у такім значэнні наўг., пск., цвяр. калива. Структура апошняга слова не вельмі ясная; нельга прыняць меркаванне Смулковай, Балтызмы, 41, што крыніцай бел. слова з’яўляецца лат. kālis або літ. kõlis ’бручка’. Не выключаецца магчымасць утварэння слова на слав. тэрыторыі (параўн. варыятыўнасць лексемы: калика, калига, калива, каля і да т. п.). Адпаведная структура была ўжо ў мове, адкуль пайшла міграцыя тэрміна, магчыма, было некалькі зон, адкуль слова запазычана. Параўн. каліка (гл.). Бел. слова сустракаецца ў розных гаворках, што, відаць, сведчыць не столькі аб страце лексемы на большай тэрыторыі, колькі аб розных напрамках яе пранікнення.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руды́ ’ружова-карычневы’ (ТСБМ), ’карычневы’ (докш., Янк. Мат.), рудава́ты ’трохі руды, не зусім руды’ (ТСБМ), рудова́ты ’карычневы, рыжаваты’ (ТС), руды́ ’рыжы’ (мазырск., З нар. сл.), руды́й ’нябелены’ (Сл. Брэс.), ’колер нябеленага палатна, загарэлага цела, светла-русы колер валасоў, поўсці’ (Клім.). Укр. руди́й ’руды’, рус. дыял. ру́дый ’крывава-чырвоны’, польск. rudy ’рыжы’, в.-луж. rudy ’буры’, чэш. rudý ’чырвоны, рыжы’, славен. rûd ’чырвоны, карычневы’, серб.-харв. ру̂д ’рыжаваты’, балг., макед. руд ’буры’. Прасл. *rudъ(jь) ’рыжы; чырвоны’ роднаснае да літ. raudónas ’чырвоны’, raũdas ’чырвоны, буланы’, rùdas ’буры’, лат. raũds ’чырвоны, рыжаваты, карычневы’, гоцк. rauþs ’чырвоны, рыжы’, ст.-в.-ням. rōt (сучаснае ням. rot), ст.-інд. rṓhitas ’чырвоны, рыжаваты’, лац. rūfus ’чырвоны’, ruber ’тс’, грэч. ἐρυθρός ’чырвоны’, якія выводзяць з і.-е. *roudh‑o‑s ’чырвоны’ (Фасмер, 3, 513; Глухак, 532).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трудны ‘цяжкі’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Вруб.; паст., Сл. ПЗБ), ‘нудны, прыкры, невыносны’ (Нас.), ‘цяжка хворы’ (Пан.), тру́дна ‘вельмі цяжка, вельмі моцна’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Ян., Сл. ПЗБ), ‘пакутліва (пры смерці), балюча, пякельна, нясцерпна’ (воран., в.-дзв., швянч., ашм., пруж., Сл. ПЗБ), ‘немагчыма’, ‘толькі б’ (Нас.), тру́дно ‘цяжка’ (Сл. ПЗБ), трудно́ ‘тс’ (Растарг.); сюды ж труднава́ць ‘пакутаваць, гараваць’ (Сцяц.; маладз., Янк. Мат.), ‘цяжка хварэць, мучыцца пры цяжкай хваробе, перад смерцю’ (Рэг. сл. Віц., Пан., Сл. ПЗБ, Янк. 3.), ‘перажываць, хвалявацца, нервавацца’ (воран., Сл. ПЗБ), ‘трывожыцца’ (Сцяшк.), труднава́цца ‘турбавацца’, ‘пакутаваць, моцна перажываць’ (гродз., Нар. лекс.), ‘знаходзіцца ў цяжкім становішчы’ (Сцяшк. Сл.), трудні́ць ‘абцяжарваць, турбаваць’ (Нас.), ‘мучыць, цягнуць на ваніты’ (мядз., Нар. сл.), трудні́цца ‘мучыцца’, ‘пакутаваць ад болю, ад хваробы перад смерцю’ (віл., рагач., Сл. ПЗБ, Скарбы, Др.-Падб., Сцяшк. Сл.). Да труд2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туда́ма, тудэ́ма, туды́ма, тудо́ма, тудама́, тудо́мі, тудэ́мі ‘туды, тудою’, ‘у тым напрамку, у той бок’ (Гарэц., Федар. 4, 5, Сцяшк. Сл., Вруб.; слуц., навагр., Мат., Зайка Кос., Сл. Брэсц.), тудэ́мо ‘тудою’ (Федар. 1, беласт., Жыв. НС). Аснова туд‑ (< прасл. *tǫd‑, гл. туды), да якой далучаюцца суфіксы з элементам ‑м‑, што нагадваюць такі ж канчатак формы Тв. скл. парнага або мн. л. назоўнікаў, паводле Карскага (2–3, 67–68), ідэнтычныя суфіксам прыслоўяў на ‑ма, ‑мо, ‑мі, як у лежма, дармо, вельмі і пад. Варыянтнасць папярэдніх галосных залежыць ад канчаткаў праславянскіх прыслоўяў *tǫdĕ/*tǫdu/*tǫdy/*tǫda — у славянскіх мовах яны выступаюць у асноўным у трох значэннях: ‘тудою’, ‘там’, ‘тут’ (ESSJ SG, 2, 694–695). Сюды ж тудойма ‘ў той бок, той дарогай’ (Нар. Гом.), тудэ́йма ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)