Пу́дра1 (ТСБМ). Паводле Махэка (497), “еўрапейскае слова”, параўн. укр., рус. пу́дра, польск. puder, ням. Puder і г. д.; на Беларусь трапіла, хутчэй за ўсё, праз рускую мову з франц. poudre ’парашок, пудра’, што з лац. pulvis ’парашок’ (Р. скл. pulveris).

Пу́дра2 ’вятроўнік вязалісты (ці лабазнік вязалісты)’ (ТС), ’вазон (кветка)’: пу́дры такія высокія, цвітуць такім розавым, белым цветам (хойн., Мат. Гом.), пу́драчкі ’каляровыя рамонкі’ (уздз., Жд. 3). Відаць, да пудра1 з-за каляровага ці белага пылку, што пакрывае кветкі.

Пу́дра3 ’строгая вымова’, пудро́вка ’моцная прачуханка, чос’, пудрова́ць ’моцна лаяць, рабіць вымову’, пудрова́ць голову ’рабіць строгія вымовы і нават цягаць за валасы’ (Нас.). Сюды ж, відаць, пудры́цца ’узбіцца (пра падушку)’: падушка пудрыцца (віл., Сл. ПЗБ), што звязваюць з лат. pudra, pudrs ’куча, купа’, літ. pudénti ’тузаць, скубаць, рабіць пухкім’ (LKK 16, 143).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)