Расхры́станы ’расшпілены, расхлістаны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк., Ян.), расхрэ́станы ’тс’ (Скарбы), расхрыста́ны ’тс’ (Янк. Мат.). Дзеепрыметнік ад расхры́стацца ’агаліць грудзі’ (Нас.), ’расшпіліцца і расхінуць адзенне’ (Варл.), расхрэ́стацца ’тс’ (Сцяц.). Параўн. укр. росхри́станий ’з адкрытымі грудзямі, незашпілены’, рус. экспр. расхри́станный ’у расшпіленай, разарванай на грудзях вопратцы’, што ўтворана ад расхристать < *христать ’рваць’, гл. Мяркулава, Этимология–1970, 194, дае прыводзіцца толькі рус. дыял. хрыста́ть ’скабліць, стругаць’. У сувязі з гэтым дапускаецца вывядзенне з расхрыданы (гл.) з распадабненнем зычных: *xrydti > *xrysti > *христатъ ’рваць’ (там жа). Гл. аднак хры́ста (хри́ста) ’той, хто ходзіць незашпілены’ (Нас.), хрысце́нь (хрысце́нь) ’хто ходзіць з голымі грудзямі; прастак’ (Нас.), што не выключае ўтварэнне ад экспрэсіўнага хрысці́ць ’біць, лупцаваць’ (гл.) аналагічна да расхлі́стацца (гл.) ці на аснове апошняга; да фанетыкі параўн. укр. росхри́стя ’хто ходзіць з расшпіленай сарочкай’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)