Кі́снуць1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр. киснути, рус. киснуть ’тс’, балг. кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв. ки̏снути ’тс’, славен. kísniti ’кіснуць’, польск. kisnąć, чэш. kysnouti, славац. kysnuť, в.-луж. kisnyć, н.-луж. kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл. *kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат. kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл. kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл. kysti, kysati звязваюцца з літ. kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат. kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ. kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат. kûsât і літ. kùštiрухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл. kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е. як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус. бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.

Кі́снуць2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць1 ’мокнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рум1 выкл. ’шась, тух, бах’: госьці рум на двор (ЭШ), агледзеліся паны да рум назад (Сержп. Казкі). Укр. рум ’тс’, польск. rum ’шась, скрып, бух’. Гукапераймальнага паходжання (Брукнер, 468; Смаль-Стоцкі, Приміт., 97). Сюды ж таксама ру́мнуць ’нечакана зайсці, ускочыць’ (ТС), польск. rumać ’грукаць, стукацца ў дзверы’, каш. rumac ’моцна кашляць’, якое Борысь (SEK, 4, 219) параўноўвае з блізкім па значэнні і фанетыцы ням. rummeln ’шумець, крычаць, ляскатаць’. Гл. таксама румзаць, румза. Мяркулава (Этим. иссл., 6, 24–25) адносіць сюды і рус. ру́ма ’непрытомнасць’, стараж.-рус. рюма ’эпілепсія’, узводзіць апошнія да прасл. *ruti, *rʼutiрухацца’ + суфікс *ma, пастулюючы для ўкр. рум ’шась, тух’ першаснае значэнне руху.

Рум2 ’месца на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і дзе вяжуць плыты’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сержп. Казкі, ТС), рум, ром ’тс’ і ’штабель бярвенняў, дроў’, ’вялікая па плошчы прастора’ (Сл. ПЗБ), рюм ’месца на беразе ракі, куды звозяць сплаўны лес’ (віц., Нар. сл.). Ст.-бел. румъ ’руіны’, ’вольнае месца’, ’месца пагрузкі’, што з ст.-польск. rum ’вольнае месца’, ’вольны праход, дарога’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. rūm, сучаснае ням. Raum ’прастора’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189; БЛ, 29, 45–46; SEK, 4, 218.

Рум3 ’уся будоўля’ (Сцяшк. Сл.), ’агульная страха жылога будынка і гаспадарчых пабудоў’, ’зруб’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. румъ ’будаўнічы матэрыял’, ’вольнае месца’. Параўн. польск. дыял. rum ’вялікі пакой у жылым памяшканні’, в.-луж. rum ’прастора, абшар’, ’пакой’, што выводзяцца з ням. дыял. rūm ’прастора’, ’частка будынка, абмежаваная сценамі, пакой’, н.-ням. Rūm, Rüm ’прастора’, ’памяшканне’, параўн. Борысь, SEK, 4, 218. Гл. рум2.

Рум4 ’сена з першага ўкосу’ (хойн., Арх. ГУ). Няясна.

Рум5 ’ром’: “Подмовивши да красную девку, румом напоили” (гом., Рам. 1, 135). Гл. ром.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лі́цца, льецца і ліецца; пр. ліўся, ‑лася, ‑лося; заг. ліся; незак.

1. Цячы струменем, цурком. З .. жолаба ў коўш ліўся магутны струмень зіхотнага чыгуну. Карпаў. Лілася кроў з глыбокіх ран, з вачэй — ні кроплі слёз. Непачаловіч. / у безас. ужыв. З неба то лілося як з вядра, то сыпаўся дожджык, дробненькі, як пыл. Гарэцкі. // Сыпацца патокам. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. // перан. Ісці, рухацца суцэльнай масай, натоўпам. Бежанцы на падводах, бежанцы пешкі бясконцым патокам льюцца, пакідаюць Маскву... Васілевіч.

2. перан. Распаўсюджвацца ў паветры (пра святло, пах і пад.). З-пад сініх абажураў-парасончыкаў ліецца мяккае святло. Навуменка. Кусты вербалозу .. былі абсыпаны жоўтымі пушыстымі каплямі. Ад іх ліўся прыемны і веснавы пах. Чарнышэвіч. Чырвань льецца на загоны, Нішчыць цьмы пасады-троны. Колас. // Плаўна разносіцца, раздавацца (пра гукі музыкі, песні і пад.). З рэпрадуктараў лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Па вуліцы прайшлі дзяўчаты. Галасістая песня не змаўкала, па-маладому лілася, будзіла наваколле. Каршукоў. Ідуць касцы, ідуць, як хмары, І льецца смех іх разудалы, Як веснавыя перавалы. Колас.

3. перан. Лёгка і свабодна цячы (пра мову, гутарку і пад.). Шумна гудзе партызанская раць, Льецца гаворка жывая. Колас. [Дзеці] туляцца бліжэй да маці, слухаюць яе словы, якія льюцца і булькочуць, як вясновы ручаёк. Васілевіч.

4. перан. Пранікаць (у душу, сэрца і пад.). Радасць льецца ў душу з кожным шэптам вясны. Васілёк. Льецца ў ногі стома, бы свінец. Звонак.

5. Зал. да ліць (у 4 знач.).

•••

Ліцца цераз край — тое, што і біць цераз край (гл. біць).

Льецца кроў гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што. Варочаючы, змяніць становішча каго‑, чаго‑н. Павярнуць ключ. Павярнуць дзіця на другі бок. □ На лёгкі скрып дзвярэй .. [хворы] паволі павярнуў галаву, і ў поглядзе яго адбіліся сполах і недавер’е. Васілевіч. // чым. Зрабіць рэзкі, моцны рух. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жа[ў]неры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // што. Накіраваць у процілеглым напрамку. Павярнуць зброю супроць ворага.

2. Разм. Рушыць у якім‑н. напрамку. Крушынскі саскочыў з ганка і павярнуў да чорнага ходу з боку кухні. Бядуля.

3. Змяніць свой напрамак (пра дарогу, сцежку, лінію і пад.). Ад Нёмана дарога павярнула ў лес. Брыль.

4. каго-што і без дап. Змяніць напрамак свайго або чыйго‑н. руху; пачаць або прымусіць рухацца ў іншым напрамку. Павярнуць каня назад. Павярнуць з вуліцы ў завулак. □ [Антось] павярнуў веласіпед і паімчаўся назад у мястэчка. Чарнышэвіч. Мы павернем воды Енісея З поўначы ў спякотны край пустынь. Панчанка.

5. перан.; што. Змяніць ход; даць іншы напрамак чаму‑н. Павярнуць жыццё. Павярнуць гаворку на іншы лад. □ Павінен стаць быў Леніным Ульянаў, Каб увабраць любоў і гнеў народа, Паклікаць самых дужых і адважных І павярнуць усёй планеты лёс. Грахоўскі. Таленавіты паэт Валянцін Таўлай гарэў жаданнем павярнуць усю заходнебеларускую літаратуру да жыцця, адрадзіць грамадзянскі пафас. У. Калеснік.

6. што. Разм. Скарыстаць, выкарыстаць. — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць, а ён ужо там паверне іх, куды трэба. Чорны.

•••

Павярнуць (завярнуць) аглоблі — пайсці, паехаць назад, не дасягнуўшы мэты.

Павярнуць кола гісторыі назад — прыпыніць заканамерны ход гістарычнага развіцця, вярнуцца да мінулага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упе́рад, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку перад сабой; у напрамку паступальнага руху; проціл. назад. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў. Лынькоў. Машыніст насунуў рэгулятар уперад. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак.

2. прысл. У напрамку далейшага развіцця, у будучыню. Блок камуністаў і беспартыйных .. увасабляе непарушнае яднанне Камуністычнай партыі, Савецкага ўрада і шырокіх народных мае, што з’яўляецца зарукай усіх нашых поспехаў, нашага пераможнага руху ўперад да камунізма. «Звязда». Цвёрдасць, рашучасць свая ўсё ж давалі глядзець уперад з нейкай надзеяй. Мележ.

3. прысл. Спярша, спачатку, раней. Уперад падумай, а потым гавары. □ Марыля абкружвала .. [руку] хусцінкай, уперад ад болю, а потым ад сораму. Брыль. Мне і ўперад, вядома, хацелася есці, але я не адчуваў так моцна голаду, не адчуваў так той хваравітай прагі да яды, якая цяпер не давала супакою. С. Александровіч. // Раней за каго‑, што‑н. А Сямён яшчэ ўперад за мяне ўправіўся са сваім [гітлераўцам]. Шуцько. // Некалі, калісьці; даўней. [Дзед:] — Я — быў дуж! Бывала, на ўсім сяле са мною ніхто не мог паборацца. У лесе шулы — адзін клаў .. — Уперад, кажуць, усе людзі былі дужыя, — пагаджаюся я. Скрыган.

4. прысл. Раней вызначанага тэрміну. Максім падзякаваў і папрасіў узяць грошы, колькі належыць, за месяц уперад. Машара.

5. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н., раней за каго‑н. [Матрос:] — Ды не лезь ты [Сцёпка] ўперад бацькі ў пекла... Хомчанка.

6. у знач. выкл. Ужываецца ў якасці загаду рухацца ў напрамку перад сабой. — За ўладу Саветаў, уперад! — пачулася каманда. Гурскі.

•••

Крок уперад — тое, што і крок наперад (гл. крок).

Ні ўзад ні ўперад гл. узад.

Узад і ўперад; узад-уперад гл. узад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́цца 1, шыюся, шыешся, шыецца; незак.

Разм.

1. Лезці, ісці і пад. у якое‑н. вузкае месца; туды, дзе цесна, шчытна. — Лявон крайні, — выгуквае сіпла гаспадар шапкі-кучомкі і .. шыецца ў натоўп. Кухараў. Адбіваючыся ад сабакі, Гамыра шыўся глыбей у хмыз. Колас. Дзед Трахім, які нешта рабіў у гумне і забавіўся, выйшаў, калі хлапчукі сама шыліся пад снапы. Паўлаў. // Хавацца куды‑н. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву і, час ад часу, наслепа крычыць: «Агонь!» Брыль. Маланкі ў поўнач рассякалі хмары, І шыліся ў падстрэшша кажаны. Грахоўскі. Рабіў ён [шпачок] гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост. Асіпенка. // Ісці, рухацца, перамяшчацца куды‑н. Стары надзяе шапку і шыецца да дзвярэй. Мурашка. // Залазіць, забівацца, пранікаць куды‑н. [Снег] шыўся ў рукавы і за каўнер. Алешка. Золь зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Лынькоў. / у перан. ужыв. Галасы.. [паравозаў], напоўненыя трывогай і адчаем, плавалі па-над горадам, запаўнялі вуліцы, і завулкі, і двары, шыліся ў шчыліны [акон]. Галавач. // Пралягаць, праходзіць праз што‑н. шчыльнае. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. Адамчык.

2. перан. Старацца быць падобным на каго‑н., прыкідвацца кім‑н. [Драздовіч:] — Прыеліся ўжо «конскія партрэты» ды «саўкі», што шыюцца ў дурні. Машара.

шы́цца 2, шыецца; незак.

1. Вырабляцца шыццём. Каця хадзіла ў шараварах і шырокай, як звычайна шыюцца начныя сарочкі, мешкаватай сукенцы. Васілевіч. Ватнікі, праўда, былі караткаватыя, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Навуменка.

2. безас. Разм. Пра жаданне або магчымасць шыць. Мне сёння не шыецца.

3. Зал. да шыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гну́цца, гнуся, гнешся, гнецца; гнёмся, гняцеся; незак.

1. Прымаць дугападобную выгнутую форму; згінацца. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады. Ваданосаў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога.. гнуліся пад нагамі. Чорны. // Згінаць спіну, шыю. [Кум] гнуўся, несучы на спіне.. мяшок. Чорны. // Схіляцца ўніз, прыгінацца да каго‑, чаго‑н. (пра дрэвы, галіны і пад.). Веюць ветры, веюць буйныя, Долу гнуцца клёны. З нар. Як я полем іду, гнецца колас ка мне. Купала. // перан. Траціць стойкасць, паддавацца чыёй‑н. сіле, націску. Каланіялізм ужо трашчыць, хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Колас.

2. Быць гнуткім, мець уласцівасць згінацца (пра рэчывы). Жалеза гнецца, а сталь ломіцца. // Мець здольнасць рухацца, згінацца ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Ногі не гнуцца. □ Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. Разм. Скупіцца. Гніся, бацька, ці не гніся, а за кішэню бярыся. Прыказка.

4. Абл. Курчыцца (ад холаду). Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся. Колас.

5. Зал. да гнуць (у 1 знач.).

•••

Аж нос гнецца у каго гл. нос.

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук — а) многа і цяжка працаваць. Бацька гнуўся крукам, Уставаў з гарой. Бядуля. Над палоскай вузенькай, гарбатай Пакаленні гнуліся ў крук, А цяпер Абноўленыя хаты Спатыкаюць ясную зару. Лявонны; б) перан.; перад кім выказваць паслушэнства, угодлівасць. Крукам гнуўся перад панам, Уздыхаў нясмела, Катавалі батагамі Юнацкае цела. Купала.

Гнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіляцца, згінацца; б) перан. празмерна ўгоднічаць. — Падхалім, калі чалавек у славе, перад ім гнецца ў тры пагібелі, а калі што якое, — перабягае на другі бок вуліцы, каб не спаткацца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)