Ром 1, ро̂м ’месца, куды звозяць бярвенне для сплаву, ці з якога сплаўлялі лес, вязалі плыты’ (Бір.; чырв., З нар. сл.; капыл., Сл. ПЗБ), ’прастор, свабоднае месца’, ’абшар’ (Др.-Падб.); ст.-бел. румъ ’тс’, ’месца пагрузкі’, ’будматэрыялы ’руіны’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. rum, якое з с.-в.-ням. rūm (Булыка, Лекс. запазыч., 189; SEK, 4, 216), < і.-е. *reu̯os: авест. ravah‑ ’даль, прастора, даўжыня’, лац. rūs ’зямля па-за горадам’, ст.-ірл. rōi ’раўніна’, тахар. rū‑ ’адкрываць’. Гл. рум.
Ром 2 ’моцны спіртны напой з пераброджанага соку або з патакі цукровага трыснягу’ (ТСБМ) — з рус. ром ’тс’ (упершыню ўжыта ў перакладзе «Рабінзон Круза» 1762 г. у форме рум), якое з англ. rum — вымаўляецца як [rʌm], таму [у] > [о] — а гэтае з’яўляецца скарочаным rumbullion ’шум, вэрхал, галас (пры распіцці гарэлкі)’ (Рэйзак, 550; Сной₂, 633); яго запазычылі англійскія пасяленцы на в. Барбадас (у XVII ст.). Пальмер (Neuweltwörter im Deutschen. Heidelberg, 1933, 117) выводзіць лексему з малайскага brum ’цукровая гарэлка’ (Фасмер, 3, 499). Гл. таксама рум 5.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)