На́шча ’не еўшы нічога’ (Нас., Мядзв., Шпіл., Грыг., Гарэц., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ), ’на пусты жывот пасля начнога сну’ (полац., Нар. сл.), на́шчо ’тс’ (мін., Шн. 2, навагр., Сл. ПЗБ), na czczo ’тс’ (Федар.), сюды ж нашчако́м ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), на́шчы ’які з раніцы не прымаў ежы, пусты’ (Нас.), на́шчыцца ’есць што-небудзь на галодны страўнік, закусваць пасля выпіўкі’ (Нас.), ’апахмяляцца’ (Яўс.; мсцісл., З нар. сл.), укр. наще́ ’на галодны страўнік; дарэмна’, польск. naczczo ’нічога не еўшы з раніцы’, балг. наще́ ’тс’. З больш ранняга натшча (натще), зафіксаванага яшчэ ў Насовіча, дзе т выпала «ў выніку вялікага збегу зычных» (Карскі, 1, 356), што ў сваю чаргу з на‑тъщ‑ѣ (Шуба, Прыслоўе, 116), або на тъште (Карскі 2–3, 73) ад прасл. *tъštь, гл. тшчы, тошчы ’пусты; чысты; дарэмны’, параўн. славен. teščè ’на пусты страўнік’, пры tèšč ’пусты, парожні’. Гл. нашчэ́серца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нутро́ ’вантробы, унутранасці’ (Нас., Гарэц., Пятк. 2, Касп.), ’сярэдзіна, унутраная частка’ (Сцяшк., ТС), нутрэ́ ’тс’ (ТС), нутрё ’унутранасці’ (Грыг.), нутра́, нутры́, мн. ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. нутро́ ’тс’, рус. нутро́, нутра́, нутрё, нутрь ’тс’. Са старога прыставачнага ўтварэння *vъn‑ǫtrь ’сярэдзіну’, што было пераасэнсавана, як *vъ‑nǫtrь (Фасмер, 3, 90), гл. уну́тр. Параўн. яшчэ ст.-бел. нꙋтрь моѧ переменилосѧ, ноутръ моѧ, нγтрь мои, оу нγтри моє​м (Псалтыр XVI ст., гл. Карскі 2–3, 17), чэш. nitro ’унутранасць, нутро’, славац. vnútro ’тс’ — новыя назоўнікі на базе пераасэнсаванай часткі *‑nǫtrъ (Махэк₂, 696). Звяртаюць увагу на паралельнае грэч. ἔντερα, мн. л. ’унутранасці, вантробы’, ст.-інд. antrám ’тс’, літ. įščios ’тс’ (Бязлай, 2, 228 і інш.). Сюды ж таксама ну́троносць ’тс’ (ТС, магчыма, пад уплывам рус. внутренность), нутраны́, нутрэнны́ ’выняты з нутра’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), нутро́ны ’унутраны’ (Сл. ЦРБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капе́ц, копе́ц ’куча агародніны, накрытая ад дажджу і марозу саломай і прысыпаная зверху зямлёй’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Яўс., Бір. Дзярж., Сцяшк., Рам. 7; Яшк.; слуц., Лекс. і грам.; чэрв. Сл. паўн.-зах.; бялын., Янк. Мат., Янк. I); ’курган, магільны насып’ (Янк. I; паст., навагр., шчуч., пух., Сл. паўн.-зах.; Серб., Грыг., Яруш., Касп., Мал., Гарэц., ТСБМ); ’насып са слупам як межавы знак’ (Касп., Яруш., Гарэц., лід., в.-дзвін., паст., Сл. паўн.-зах.; ТСБМ), копэ́ц ’мурашнік’ (лунін., Шатал.), капе́ц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.); ’кратавінне’ (беласт., ганц., Сл. паўн.-зах.); капе́ц//капцы́ ’смерць, пагібель, канец’ (ТСБМ, Некр., Янк. БФ, Сержп., Яўс., Бір. Дзярж., Янк. I); капе́чышча ’месца, дзе быў капец бульбы, буракоў’ (Яшк.). Прасл. kopьcь ’насып, куча, узгорак’ — памяншальнае ад коръ < kopati > капа́ць (гл.) (прыклады і этымалагічную літ-ру гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 38–40 і 28). Параўн. таксама бел. драг. скопэ́ц ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мозг (мозык, мозак, мозаг, мо́зок, мосх), мазгі, мозгі, мозг̌і, мозкі ’мозг у чэрапе і канале пазваночніка’, ’розум’, ’тканка ў поласці касцей, шпік’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Мядзв., Янк., Шатал., Бяльк., Грыг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ), мазгавіт́ы ’разумны, кемлівы, разважлівы’ (ТСБМ, Бяльк.), мозкова́ть ’думаць, працаваць галавой’ (ТС). Укр. мо́зок, мі́зок, рус. мозг, ст.-рус. мозгъ, польск., н.-луж. mózg, в.-луж. mozh, mozy (мн. л.), чэш. mozek, славац. mozok, славен. mȏzg, mȏzeg, серб.-харв. мо̏зак, макед. мозок, балг. мозък, ст.-слав. можданъ (< mozgěnъ). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. muzgeno ’касцявы мозг’, літ. smãgenys ’мазгі’, smãgenės, лат. smadzenes, у якіх s‑ паходзіць з s‑ у smãkrės ’мозг’, ст.-інд. smajján‑, smajjā ’касцявы мозг’, авест. mazga‑, ст.-в.-ням. marag, marg, тах. maśśuni ’тс’ < і.-е. *mozg(h)os (Махэк₂, 377; Міклашыч, 203; Траўтман, 172; Фасмер, 2, 638; Бязлай, 2, 118).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кно́раз ’самец свінні, кныр’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 2, Бяльк., Сержп. Грам., Мядзв., ДАБМ, Грыг., Гарэц., Янк. II). Укр. кнороз, рус. кнороз ’тс’, польск. kiernoz, славац. kornáz, в.-луж. kundroz, н.-луж. kjandrozʼ ’тс’. Формы заходнеславянскія фанетычна адрозніваюцца ад усходнеславянскіх (лужыцкія не адпавядаюць цалкам іншым заходнеславянскім). З адменным пачаткам паўднёваславянскія назвы кнораза: балг. нерез, серб.-харв. не̏раст ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 155 і ў апошні час Аткупшчыкоў, Из истории, 121). Нягледзячы на фанетычныя цяжкасці, усё ж такі ўдаецца аднавіць праславянскае складанае слова *kъrnorzь. У паўднёваславянскіх паралелях балг. нерез, серб.-харв. не̏раст маюць у якасці паралелі рус. нерезь ’непакладаны самец свінні’ (да не + рэзаць). Прасл. kъrnorzь ад kъrnъ ’абрэзаны’ і orzъ ’ядро’. Такую рэканструкцыю пацвярджаюць формы кныр, кнур, якія з’яўляюцца скарочанымі адносна формы кнораз. Гл. кныр. Параўн. у апошні час Шаўр ZfSl, 24, 115–119.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пахолік, пахолак, пахолачак ’бедны селянін’, ’сялянскі хлопец’ (Нас., Грыг.), пахо́лок ’парабак’ (ТС), пахолятко ’лёкай’ (брэсц., КЭС). Булыка (Лекс. запазыч., 185) мяркуе, што ст.-бел. пахолокъ (пахолекъ, пахоликъ, похоликъ, похолокъ, пахолэкъ) ’слуга’, ’салдат’ (з 1516 г.) былі запазычаны са ст.-польск. pachołek. Аднак наяўнасць слова ў рус. аланецкіх, вяцкіх гаворках (па́холок ’хлопец, хлопчык, дураслівец, свавольнік’, пахо́лок ’дзіцё’) дае повад сумнявацца, прынамсі, часткова: толькі некаторыя з гэтых ст.-бел. слоў з’яўляюцца паланізмамі ці аформлены пад польскія. Борысь (Prefiks., 25) лічыць гэту лексему паўночнапраславянскай (рахоlъ: рахоlъkъ ’хлопец, слуга’), утворанай ад дзеяслова хоliti ’пясціць, акружаць апекай, клопатамі; трымаць у чысціні’; аднак няяснай застаецца першасная функцыя прэфікса pa‑. Махэк₂ (426–427) мяркуе, што ра- надавала іранічны характар слову pa‑xol‑ę. Фасмер (3, 221) таксама вылучае прэфікс pa‑, а ‑хоlkъ супастаўляе з серб.-ц.-слав. хлакъ ’нежанаты’, ст.-рус. холокь і звязвае іх з холо́п, холу́й.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масол, масёл, масолак ’косць’, ’голая косць’ (Бяльк., Растарг., Ян.; хоц., Мат. Маг.; ветк., добр., б.-каш., Мат. Гом.), (перан.) ’рука’ (жытк., Мат. Гом.), масалы́га ’костка, масол’ (Грыг., Бяльк.), масалы́кнуць ’ударыць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Рус. мосол, мосла́, мосла́к ’костка сцягна’, ’круглая абгрызеная галоўка косці’, ’сустаў крыла’, ст.-рус. мосолъ ’тоўстая каравячая косць’, мослокъ ’вяртлюг’, мостолыга ’вялікая косць’ (XVII ст.). Паходзяць з тур. musluq ’кран’, ’трубачка ў cacyдах’ (Баскакаў, Тюрк. элем., 258). Яшчэ раней Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 191), Мацэнаўэр (LF, 10, 333) прапанавалі ў якасці крыніцы запазычання тур. maslak, muslak ’кран бочкі’, пасля, аднак, Міклашыч адхіліў гэту гіпотэзу. Прычынай з’явіліся дадатковыя значэнні ў вытворнага дзеяслова мосо́лить, у прыватнасці ’дакучаць’. Баскакаў (там жа) размяжоўвае рус. лексемы мосол, мосолыга на дзве: ’проська’ і ’косць’. Першая звязана з мянушкай рускіх прасолаў, перакупнікаў палоцен, асновай для якой з’яўляецца цюрк. mäsül ’прошанае’, ’просьба’, ’прадмет просьбы’. З гэтага ўтварылася і бел. масталыга ’прыдзірала, буркун’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёк1 ’розум, развага’, ’косны мозг’ (ТСБМ, Нас., Шат., Грыг., Янк. БП, Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Ян.). Да клёк2 (гл.) семантычны пераход: ’жыццёвая сіла’ > ’розум’.

Клёк2 ’жыццёвая сіла, сокі, клейкасць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Мядзв., Мат. Гом., З нар. сл., Ян.), ’расол ад селядцоў’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.). У гэтым значэнні слова трэба разглядаць як кантамінацыйнае ўтварэнне на аснове крак (гл. кракавіна) і клей2 (гл.). Параўн. бел. кракавіна ’жабурынне’, польск. klej ’тс’, рус. клёк ’тс’. Параўн. таксама Грынавецкене і інш. LKK, 16, 170.

Клёк3 ’дзіцячая гульня, палачка’ (Мат. Гом., Сцяц., Нар. словатв., Ян.). Укр. кльок ’дзіцячая гульня «свінка»’, рус. клёк ’гульня ў гарадкі’, клёка ’драўляны брусок для гэтай гульні’. ЕСУМ (2, 471) сцвярджае генетычную сувязь з клюк ’дзіцячая гульня, драўляны гак’. Гл. клюка.

Клёк4 выкл.-дзеясл. форма: «Нам клёк у грудз[e]: здагадаліса…» (Янк. II). Гукапераймальнае. Параўн. ст.-рус. клекати ’біцца (пра сэрца)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кра́ска1 ’кветка’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Мат., Касп., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Бяльк., Ян., Жд. 3, Маш., Грыг., Бір., Гарэц., Жд. 2, КЭС, лаг., Мал., Мядзв., Ян., Нар. словатв.). Укр. краска, рус. краска ’тс’, балг. краска ’колер’, серб.-харв. кра̏ска ’назва некаторых раслін’, польск. kraska ’колер’. Прасл. krasъka ў значэнні ’кветка’ найбольш устойлівае на беларускай моўнай глебе. Этымалагічная версія для краса1 (гл.) дае магчымасць рэканструяваць першаснае размежаванне паміж кветка (гл.) і краска. Першае з іх азначала ’кветка, цвіценне (наогул)’; другое — ’цвет, цвіценне ў сакральным сэнсе (адраджэнне прыроды)’. У карысць гэтага сведчаць замены лексемы краска лексемамі купала, купалка і ў радзе назваў кветак, а таксама красавы на ўкр. купалий. Параўн. яшчэ ст.-чэш. krasa ’зіхаценне сонца’ і бел. сонца купаецца ’сонца зіхаціць’ (Мартынаў, Лекс. Палесся, 29–30).

Кра́ска2 ’хвароба жывёлы’ (КЭС, лаг.). Параўн. краска3 (гл.).

Кра́ска3 ’кроў’ (Чуд.). Параўн. краска1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́рва ’распусная жанчына’ (Нас., Шат., Сержп. Ск., Мядзв., Шпіл., Грыг.). Укр. курва, рус. курва ’тс’, балг. і макед. курва, серб.-харв. ку̑рва, славен. kȗrva ’тс’, польск. kurwa, чэш. kurva, славац. kurva, в.-луж. kurwa ’тс’. Прасл. kury, kurъve ’meretrix’. Рад даследчыкаў разглядаюць славянскія формы як такія, што праніклі з германскай (ст.-ісл. hóra, ст.-в.-ням. huora). Да германскіх форм прыводзяць вельмі ненадзейную паралель: лац. cārus ’дарагі, мілы’, ст.-інд. kārunya ’спачуванне, ласка’ (Бернекер, 651). Іншыя ўзводзяць прасл. kury да kurъ ’певень’. У якасці семантычнай паралелі разглядаецца франц. cocotte ’курачка і какотка’. Незразумелым застаецца паходжанне гоц. hōrs ’пралюбадзей’ (Кіпарскі, Gemeinslav., 42). Мы разглядаем прасл. kury як генетычна звязанае са ст.-грэч. χύριος ’пан, гаспадар’ і прасл. praščurъ ’роданачальнік’, літ. prakuréjus ’прарадзіцель’. У такім разе прасл. kury мела значэнне ’жанчына рода, абшчыны’ > ’жанчына ва ўмовах паліандрыі’. Германскія формы паходзяць ад славянскіх (Мартынаў, Лекс. взаим., 208–209). Параўн. Махэк, Slavia, 21, 260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)