Клей 1 ’ліпкае рэчыва, якое выкарыстоўваецца для трывалага змацавання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яруш.), ’смала на вішнях, слівах’ (ТС). Укр. клей, рус. клей ’тс’, ст.-слав. клѣй ’смала, клей’, балг. клей ’тс’, серб.-харв. (XVII ст.) klej ’тс’, польск. klej ’клей’, klej żabi ’жабурынне’, чэш. klej ’клей’, славац. klej, в.-луж. klij, н.-луж. klij ’тс’. Да прасл. kъlějь. Параўн. ст.-грэч. κόλλα (< *κολια ’клей’), с.-в.-ням. helen (< haljan) ’клеіць’ (Слаўскі, 2, 200). Словаўтварэнне на аснове праславянскага суфікса ‑ějь (∼ літ. ėjas; там жа), аднак з зусім іншай функцыяй (выключна Nomen agentis балта-славянскага перыяду) (Мартынаў, Дерив., 23–24). Індаеўрапейскія паралелі фармальна даволі далёкія (іншыя каранёвы вакалізм і словаўтварэнне). Германскі дзеяслоў адносна позняй фіксацыі і ніжненямецкага арэала.
Клей 2 ’жыццёвыя сілы, клёк’ (Сцяц., Клім.). Да клёк 1 (гл.). Кантамінацыя з клей 1, магчыма, на аснове агульнага ўяўлення пра клейкасць жывога, жыватворнага. Параўн. польск. żabi klej ’жабурынне’ і рус. клёк ’тс’.
Клей 3 ’праполіс’ (Анох.). Гл. клей 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)