Ку́рва ’распусная жанчына’ (Нас., Шат., Сержп. Ск., Мядзв., Шпіл., Грыг.). Укр. курва, рус. курва ’тс’, балг. і макед. курва, серб.-харв. ку̑рва, славен. kȗrva ’тс’, польск. kurwa, чэш. kurva, славац. kurva, в.-луж. kurwa ’тс’. Прасл. kury, kurъve ’meretrix’. Рад даследчыкаў разглядаюць славянскія формы як такія, што праніклі з германскай (ст.-ісл. hóra, ст.-в.-ням. huora). Да германскіх форм прыводзяць вельмі ненадзейную паралель: лац. cārus ’дарагі, мілы’, ст.-інд. kārunya ’спачуванне, ласка’ (Бернекер, 651). Іншыя ўзводзяць прасл. kury да kurъ ’певень’. У якасці семантычнай паралелі разглядаецца франц. cocotte ’курачка і какотка’. Незразумелым застаецца паходжанне гоц. hōrs ’пралюбадзей’ (Кіпарскі, Gemeinslav., 42). Мы разглядаем прасл. kury як генетычна звязанае са ст.-грэч. χύριος ’пан, гаспадар’ і прасл. praščurъ ’роданачальнік’, літ. prakuréjus ’прарадзіцель’. У такім разе прасл. kury мела значэнне ’жанчына рода, абшчыны’ > ’жанчына ва ўмовах паліандрыі’. Германскія формы паходзяць ад славянскіх (Мартынаў, Лекс. взаим., 208–209). Параўн. Махэк, Slavia, 21, 260.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)