Нутро́ ’вантробы, унутранасці’ (Нас., Гарэц., Пятк. 2, Касп.), ’сярэдзіна, унутраная частка’ (Сцяшк., ТС), нутрэ́ ’тс’ (ТС), нутрё ’унутранасці’ (Грыг.), нутра́, нутры́, мн. ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. нутро́ ’тс’, рус. нутро́, нутра́, нутрё, нутрь ’тс’. Са старога прыставачнага ўтварэння *vъn‑ǫtrь ’сярэдзіну’, што было пераасэнсавана, як *vъ‑nǫtrь (Фасмер, 3, 90), гл. уну́тр. Параўн. яшчэ ст.-бел. нꙋтрь моѧ переменилосѧ, ноутръ моѧ, нγтрь мои, оу нγтри моє​м (Псалтыр XVI ст., гл. Карскі 2-3, 17), чэш. nitro ’унутранасць, нутро’, славац. vnútro ’тс’ — новыя назоўнікі на базе пераасэнсаванай часткі *‑nǫtrъ (Махэк₂, 696). Звяртаюць увагу на паралельнае грэч. ἔντερα, мн. л. ’унутранасці, вантробы’, ст.-інд. antrám ’тс’, літ. įščios ’тс’ (Бязлай, 2, 228 і інш.). Сюды ж таксама ну́троносць ’тс’ (ТС, магчыма, пад уплывам рус. внутренность), нутраны́, нутрэнны́ ’выняты з нутра’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), нутро́ны ’унутраны’ (Сл. ЦРБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)