На́шча ’не еўшы нічога’ (Нас., Мядзв., Шпіл., Грыг., Гарэц., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ), ’на пусты жывот пасля начнога сну’ (полац., Нар. сл.), на́шчо ’тс’ (мін., Шн. 2, навагр., Сл. ПЗБ), na czczo ’тс’ (Федар.), сюды ж нашчако́м ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), на́шчы ’які з раніцы не прымаў ежы, пусты’ (Нас.), на́шчыцца ’есць што-небудзь на галодны страўнік, закусваць пасля выпіўкі’ (Нас.), ’апахмяляцца’ (Яўс.; мсцісл., З нар. сл.), укр. наще́ ’на галодны страўнік; дарэмна’, польск. naczczo ’нічога не еўшы з раніцы’, балг. наще́ ’тс’. З больш ранняга натшча (натще), зафіксаванага яшчэ ў Насовіча, дзе т выпала «ў выніку вялікага збегу зычных» (Карскі, 1, 356), што ў сваю чаргу з на‑тъщ‑ѣ (Шуба, Прыслоўе, 116), або на тъште (Карскі 2-3, 73) ад прасл. *tъštь, гл. тшчы, тошчы ’пусты; чысты; дарэмны’, параўн. славен. teščè ’на пусты страўнік’, пры tèšč ’пусты, парожні’. Гл. нашчэ́серца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)