Балхва́, болхва́, больхва́ ’баваўняная немерсерызаваная каляровая фабрычная пража, што выкарыстоўваецца ў якасці ўтку пры ўзорным тканні’ (Влад.), балхва́ (баўхва́) ’каляровыя ніткі для вышывання’ (Касп.). Слова няяснага паходжання; здаецца, няма яго і ў суседніх мовах. Можна толькі выказаць няпэўную здагадку: балхва́ і г. д. узнікла (метатэзай і заменай ф > хв) з *фальба, *фалба. Апошняе можа быць запазычаннем з польск. (тэрмін шчотачнай вытворчасці) falba ’шчацінне, светлы волас’ (< ням. falb ’бляклы, бялявы, буланы’, Варш. сл., 1, 714). Немерсерызаваная пража звычайна даволі цвёрдая (параўн. значэнне ў польскі ’шчацінне, волас’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́рава ’куродым’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’пыл’ (Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Жыв. сл., Жд. 3). Ст.-бел. курава ’пыл’, якое Булыка (Запазыч., 181) памылкова лічыць запазычаннем з польскай мовы. Укр. курява ’тс’, польск. kurzawa, славац. kúrava ’тс’, н.-луж. kuŕava ’туман’, в.-луж. kurjawa ’тс’. Паўн.-слав. kurjava. Славен. kurjȃva ’саграванне’ мае іншую семантыку і не мае паралелей у іншых паўднёваславянскіх мовах. Параўн., аднак, серб.-харв. ку̀рњавити ’дыміць’, якое, калі яго параўнаць з польск. kurniawa, сведчыць аб паралельнай форме: прасл. kurnjava (Слаўскі, 3, 404). Да курыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́на ’вільгаць, вада’ (У склепе адна бры́наСцяшк. МГ). Цёмнае слова. Можа, мае нейкія адносіны да рус.-ц.-слав. брение гліна, гразь’, ст.-серб.-харв. брна ’гразь’, славен. bȓn ’рачны іл’ (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 212). Але хутчэй за ўсё да слав. *brьněti ’налівацца, паспяваць’ (гл. брыня́ць), асабліва параўн. яго значэнне разбухаць’. З гэтага апошняга, відаць, і трэба зыходзіць: ’разбухаць (ад вільгаці)’ → ’рабіцца вільготным’ → ’вільгаць’. Пра сувязь дзеяслова набрыня́ць ’набухнуць’ з бры́на думаюць Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буко́та1 ’ўзгорак на лузе, на якім расце вяз’ (слаўг., Яшкін). Утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго «ўзмоцненай» формы *buk‑ot‑ěti ’гучаць, шумець і г. д.’ Да семантыкі параўн. бу́чаё (гл.), там і паралелі з іншых слав. моў. Параўн. яшчэ бу́хта, буко́та2, букта. Цікава, што ў бел. мове буко́та мае два значэнні: ’узгорак’ і ’глыбокае месца ў рацэ’. Дакладная семантычная паралель да гэтага — укр. бе́лебень ’узвышша’; ’глыбокае месца ў вадзе’ (аб матывацыі гл. пад бу́чаё).

Буко́та2 ’глыбокае месца’. Гл. бу́кта.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вечарынка ’вячэрняя пагулянка з музыкай і танцамі’ (КТС, БРС, Касп., Бяльк.), клім. вічарінка ’тс’, укр. вечери́нка ’бяседа ўвечары’, палес. вечори́нка ’невялікае вяселле, якое спраўляецца на працягу аднаго дня’, рус. вечери́на ’вячэрняя забава моладзі’; ’перадвясельны вечар’; ’дзявочнік’; ’развітальны вечар сяброў маладога напярэдадні вяселля’, вечери́нка ’перадвясельны вечар’, арханг. вечеринки ’бяседа, вячоркі’, польск. wieczorynek ’вячэрняя забава’; ’забава маладога і яго бацькі ў сватоў да агледзін’, wiecerynki ’вячоркі’, славац. уст. večerinka ’вячэрняя забава, вечарынка’, серб.-харв. вечѐринка ’вечарынка’, вечѐрина ’вячоркі, вечарынка’, макед., балг. вечеринка ’тс’. Ад večerina і суф. ‑k‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалязня́к1 ’парода, што змяшчае жалезную руду’ (ТСБМ). Рус. железня́к, укр. залізня́к, славац. železniak, славен. železnjak ’тс’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння тыпу жалезны камень. Час утварэння няпэўны, хаця наяўнасць слова ў мовах усіх трох груп, а таксама семантыка і словаўтварэнне (гл. SP, 1, 89) не выключаюць вельмі даўняга яго паходжання.

Жалязня́к2 ’рыдлёўка’ (абл., ТСБМ, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Рус. калуж. железня́к, смал. желе́зник ’лапата’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння жалезная лапата пры дапамозе суфікса ‑як, відаць, даволі позна (XIX–XX стст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажамя́ка ’гарбар, кушнер’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп., КЭС, лаг.; Нас., Шат., Яруш.). Укр. кожомʼяка, рус. кожемяка (у Даля без геаграфіі, ёсць зах.-бран., пск., цвяр.). Утворана на базе ўсх.-слав. словазлучэння мяти кожу; недахоп даных з рус. і ўкр. моўных тэрыторый прымушае меркаваць аб літаратурным характары слова або ва ўсякім разе яго вандроўным культурным характары. Магчыма, гэта ўтварэнне часоў Кіеўскай Русі; не выключана, што экспансія магла ажыццяўляцца на фальклорным (міфалагічным) узроўні. Аб гэтым сведчыць ст.-інд. carmamña, аналагічнае па структуры, гл. Фасмер, 2, 266.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парася́, парасё ’дзіцяня свінні’, дыял. таксама парасёнак. Агульнаславянскае: рус. поросёнок, дыял. порося́, укр. порося́, ст.-рус. порося, царк.-слав. прасѧ, польск. prosię, серб.-харв. пра̑се і г. д. Праславянскае porsę, ‑ęte. Роднасныя у інш. і.-е. мовах: літ. par̃šas ’парася’, ст.-прус. parstian н. р. ’парася’, лац. por̃cus ’свойская свіння’, грэч. πόρκος, ст.-в.-ням. far(a)h ’парася’, сяр.-ірл. ors ’маладая свіння’, курдскае purs (гл. Траўтман, 207; Вальдэ-Гофман, 2, 314; Фасмер, 3, 332; Трубачоў, Происх., 63; у яго гл. і больш падрабязна літ-ру).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́плеч ’у непасрэднай блізкасці, поруч, побач’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв.: Нік. Очерки; Шат., Касп., Сл. ПЗБ. Бяльк.). Утворана па мадэлі по + назва часткі цела, аналагічна по‑бач ад бок, по‑руч ад рука, по‑плеч ад плячо, літаральна ’каля пляча’. Першапачаткова, магчыма, адвербіялізаваны назоўнік, параўн. польск. pobocz ’абочына’, ’месца на водшыбе’, даўнейшае ’цуглі, лейцы’ (Брукнер, 423). Сюды ж таксама паплечнік ’найбольш блізкі ў справе калега’, параўн. ст.-польск. poplecznik ’памочнік воіна-рубакі, які стаіць у яго за спіной і бароніць ззаду’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праме́нь ’вузкая паласа святла’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб.), параўн. ст.-бел. промени солнечныи (XVII ст.; БЛ, 29, 52). Паводле Кюнэ (Poln., 89), з польск. promień ’тс’; гл. таксама Станкевіч (Зб. тв., 2, 167), які звяртае увагу, што ў гэтым значэнні ў народнай мове ужываецца слова каса (гл.) і вытворныя ад яго, што ўскосна пацвярджае этымалогію прасл. *pormy, Р. скл. *pormene з першасным значэннем ’пасма валасоў’ і пад. (Махэк₂, 479). Німчук (Давньорус., 32) дапускае для ўкр. про́мінь выпадзенне першага о ў по́ромінь ’тс’, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)