Балхва́, болхва́, больхва́ ’баваўняная немерсерызаваная каляровая фабрычная пража, што выкарыстоўваецца ў якасці ўтку пры ўзорным тканні’ (Влад.), балхва́ (баўхва́) ’каляровыя ніткі для вышывання’ (Касп.). Слова няяснага паходжання; здаецца, няма яго і ў суседніх мовах. Можна толькі выказаць няпэўную здагадку: балхва́ і г. д. узнікла (метатэзай і заменай ф > хв) з *фальба, *фалба. Апошняе можа быць запазычаннем з польск. (тэрмін шчотачнай вытворчасці) falba ’шчацінне, светлы волас’ (< ням. falb ’бляклы, бялявы, буланы’, Варш. сл., 1, 714). Немерсерызаваная пража звычайна даволі цвёрдая (параўн. значэнне ў польскі ’шчацінне, волас’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)