штанда́р, ‑а, м.

1. Уст. Сцяг адпаведнага колеру, часта з вышываным або намаляваным гербам, як знак дзяржавы, вайсковай часці або якой‑н. грамадзянскай арганізацыі. Над шчыльнымі радамі крыжаносцаў лунаюць шматлікія сцягі і штандары з малюнкамі злавесна чорных арлоў, ваўкоў, мядзведзяў, з крыжамі, мячамі і рознымі рыцарскімі эмблемамі. В. Вольскі. // Сцяг кавалерыйскіх часцей у рускай (з 1731 па 1917 гг.) і некаторых іншых арміях. // Сцяг кіраўніка дзяржавы (цара, імператара і пад.), які паднімаўся на ваенным караблі, у палацы і пад. у час знаходжання там гэтай асобы.

2. Паэт. Сцяг. — Мір на зямлі мы абаронім І ўздымем аж да самых зор Штандар чырвоны. Танк. Чырванню шаўковай Зашумяць штандары, Хто ў няволі гнуўся, — Ўстане гаспадарыць. Купала.

[Ням. Standarte.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Краса́1 ’хараство, прыгажосць’ (ТСБМ, Шат., ТС). Укр. краса, ст.-рус. краса ’тс’, ст.-слав. краса ’тс’, ст.-польск. krasa, чэш. krasa, славац. krasa, в.-луж. krasa, н.-луж. krasa ’тс’. На ўнутраную форму прасл. krasa пралівае святло этымалогія, якая звязвае гэту лексему з прасл. krěsъ (Ваян, Зб. Младэнаву, 284–285). Прасл. krasa на падставе пашыранага пераважна абстрактнага значэння ’прыгажосць’ і канкрэтнага ’чырвоны колер’ рэканструявалася ў гэтым значэнні. Пры параўнанні з прасл. krěsъ (рус. крес ’ажыванне, адраджэнне’, серб.-харв. кре̏с ’Іванаў дзень’) была звернута ўвага на тое, што krasa (параўн. лац. cresco ’вырошчваю’) магло першапачаткова абазначаць ’колер жыцця, ажыўленне’. Канкрэтнае значэнне для краса і краска1 (гл.) не захавалася на беларускай глебе таму, што прасл. krěsъ было выцеснена ўсходне-славянскай інавацыяй Купала (гл.). Прасл. krasa страціла ў гэтым рэгіёне сакральнае значэнне (Мартынаў, Лекс. Палесся, 29–30). Параўн. агляд іншых этымалогій у Трубачова, Эт. сл., 12, 95–97.

Краса́2 ’цвіценне злакавых раслін’ (Сл. паўн.-зах., ТС, КЭС, лаг., Клім.). Гл. краса1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́савы ’лісіны’ (ТС). Рэгіяналізм з адносна-якасным значэннем, утвораны з суфіксам, які мае прыналежнае значэнне.

Ліса́вы ’ліслівы, хітры’ (Шат., Ян., ТС; лід., лях., Сл. ПЗБ; хойн., нараўл., Мат. Гом.), ліса́вый ’тс’ (Бяльк.); ’ветлівы, свойскі, абыходлівы, ласкавы, рахманы’ (Сцяшк., Юрч.; барыс., Жд. 2; лун., Шатал.; Ян.; браг., Нар. словатв.; лід., смарг., шчуч., Сл. ПЗБ), в.-дзв. лісіва́ты ’ліслівы, хітры’, іўеў. ліса́вянькі ’ласкавы’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. лиса́вий, ст.-укр. лисавый (XVII ст.), рус. смал. лиса́вый ’ласкавы, пяшчотны’, арханг. лиса́ва ’ліса’; польск. lisawy (XVII ст.) ’рыжы, чырвоны’, ’бландзін’, чэш. lísavý ’ліслівы, пяшчотны’. Прасл. lisavъjь, якое аўтары «Эт. сл. слав. моў» (Трубачоў, Эт. сл., 15, 140) фармальна адносяць да lisa > ліс (гл.), утворанага пры дапамозе суфікса ‑avъ, і супастаўляюць, аднак, з дзеясловам lisati (), які Махэк₂ (335) выводзіць з lasiti (у выніку перастаноўкі галосных). Дапускаецца таксамі, што гэта экспрэсіўны варыянт дзеяслова lizati > лізаць (гл.). Польск. lisawy, магчыма, звязана са значэннем ’спаліць’, параўн. бел. лі́са злаві́ць ’падсмаліць світку ці іншую суконную адзежыну’, польск. кацеўск. liśić ’спаліць’, priliśić ’прыпаліць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плюс1 ’матэматычны знак +’, ’дадатны бок’ (ТСБМ), ст.-бел. плюсъ ’плюс’ (1666 г.). Праз польск. мову з ням. ці франц. plus, якое ў XV ст. — з лац. plus ’больш’. Першапачаткова ужывалася як сімвал слова дадай! Пазней стала абазначаць дадатную (станоўчую) лічбу, г. зн. большую ад нуля (Булыка, Лекс. запазыч., 154; КЭСРЯ, 344; Банькоўскі, 2, 612; Васэрцыер, 174).

Плюс2 ’кумач, матэрыял чырвонага колеру’ (ТСБМ). З рус. дыял. плюс, плюсь ’плюш’ ’тс’, плю́совый ’ярка-чырвоны’, плюх ’баваўняная тканіна чырвонага колеру’. Відавочна, ідэнтычнае плюш (гл.). Параўн. таксама польск. plis, plisz, pliśnia ’плюш’, балг. плис ’баваўняная тканіна, падобная на аксаміт’, славен. pliš плюш’ і пад.

Плюс3, плюсы́ ’радоўкі, Tricholoma parlentosum’ (ТС; круп., рагач., Сл. ПЗБ), плюс, плю́ска ’радоўка штрыхаватая’ (узд., Нар. словатв.), плю́са ’грыб, падобны на сыраежку’ (Ян.), бяроз. плюсы́ ’грыбы’ (Вайтовіч, Вакалізм, 90), плюшоўка ’радоўка фіялетавая, Lepista nuda’, плюхі ’грыбы’ (Інстр. 2), плю́сы ’род грыбоў, якія зрасліся разам’ (Шпіл.). Рус. маск. плю́ха ’грыб шаруха, Lactaris flexuosus’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палымя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае ярка-чырвоны колер, колер полымя. Злева, на фоне медна-залатога, палымянага захаду, вырысоўваецца з сіняй вады цёмны сілуэт другой гары. В. Вольскі.

2. перан. Палкі, страсны. Палымяны рэвалюцыянер. Палымяны патрыятызм. □ Плошча запоўнена чырвонаармейцамі, рабочымі. На высокай драўлянай трыбуне — знаёмая постаць Ільіча. Правадыр звяртаецца да народа з палымянай прамовай. Шматаў. Заспявай мне песню тую, Што з палёў збіраеш, Што ў сэрцы палымяным Для мяне хаваеш. Русак. // Прасякнуты страснасцю, запалам. Палымяныя выступленні газеты дапаўнялі лістоўкі. Пятніцкі. // Які вырашае палкасць, страснасць. З глыбінь дзесяцігоддзяў у цяжкія для савецкага народа дні гучаў палымяны голас выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Шкраба. Светлячкі капцілак не ў сілах прыхаваць палымянага бляску людскіх вачэй. Там гарыць нянавісць, якая мацней за ўсе агні на свеце. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для пераходу куды‑н. Пераходны тунель. Пераходны люк.

2. Які з’яўляецца пераходам ад аднаго стану да другога; прамежкавы. Пераходны перыяд. Пераходныя гаворкі. □ Гэта была пераходная пара года: яшчэ не дыхаў зазімак, але і сівец, што кусціўся пад дубам, не паспеў пацямнець ад дажджоў. Даніленка. [Раіса] была ў тым пераходным узросце, калі забываюцца дзіцячыя гульні, калі дзяўчына лічыць сябе ўжо дарослай і баіцца, што цікавасць да малодшых будзе вытлумачана як уласная нясталасць. Шамякін.

3. Які перадаецца, пераходзіць ад аднаго да другога. Пераходны чырвоны сцяг. Пераходны вымпел.

4. Які пераходзіць, пераносіцца на наступны год. Пераходныя сумы. Пераходныя фонды. Пераходная тэма.

5. У граматыцы — якому ўласціва пераходнасць і які патрабуе пасля сябе дапаўнення ў вінавальным склоне без прыназоўніка (пра дзеяслоў). Пераходныя і непераходныя дзеясловы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

румя́ны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты румянцам, з румянцам на твары. Косцік і Шурка, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. Круглы румяны твар хлопца ажно ззяў. Хомчанка. // перан. З чырвоным бокам (пра яблыкі, грушы і пад.). І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя. Якімовіч.

2. Ярка-чырвоны, ружовы. У акно ўжо зазірала сонца, круглае, румянае. Сачанка.

3. Чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра колер печаных і смажаных вырабаў). Маці заўсёды пякла.. вялікія пампушкі з белай пшанічнай мукі, такія пахучыя, румяныя. Шамякін. — Ну, хваліся, — папрасіла Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным і адмыслова аздобленым парасём. Карпаў.

румя́ны 2, ‑аў; адз. няма.

Ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сад, ‑а і ‑у, М ‑дзе; мн. сады, ‑оў; м.

1. ‑у. Участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку. Фруктовы сад. Пасадзіць сад. □ Сад у нас харошы: На газонах Мак чырвоны, Ружы і гарошак. А. Александровіч. А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады. Брыль.

2. ‑а. Разм. Тое, што і дзіцячы сад. Разгаварыліся толькі вечарам у Танінай кватэры, калі .. [Віктар] прыйшоў у госці. Таня к таму часу забрала з сада Андрэйку. Паўлаў.

•••

Батанічны сад — навуковая і культурна-асветная ўстанова, якая займаецца зборам, вывучэннем і дэманстрацыяй розных раслін.

Дзіцячы сад — выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Заалагічны сад — тое, што і заалагічны парк (гл. парк).

Зімні сад — спецыяльнае памяшканне для кветак, раслін; аранжарэя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыжава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. скрыжаваць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. скрыжавацца (у 1, 3 знач.).

2. Месца, дзе скрыжоўваюцца дарогі, вуліцы і пад. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. На скрыжаванні вуліц Наташа спынілася, пачакала, пакуль пройдуць машыны. Гамолка. Развітання хвіліна На скрыжаванні лясным... Куляшоў. // Наогул месца, дзе перасякаецца што‑н. чым‑н. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган. У скрыжаванні нааконных крат — нябёсаў родных зрэзаны квадрат. А. Вольскі. / у перан. ужыв. Вёска ў Заходняй Беларусі стаяла на скрыжаванні нацыянальных і сацыяльных супярэчнасцей. У. Калеснік.

3. Спарванне жывёлін або апыленне раслін розных відаў, гатункаў, народ для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку.

4. Узаемадзеянне дзвюх або некалькіх моў. Скрыжаванне моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы і бясконца разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка.

2. Зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй. [Восень] усім людзям сусвету ў дарунак плён зямлі прыносіць. Дубоўка. І «Аўрора», агнём скалануўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.

3. Тое, што і свет (у 3 знач.). Але наш паэт і натураліст не дабіраецца да другой, не менш важнай ісціны — да класавага падзелу большай часткі гэтага сусвету на паноў і нявольнікаў. Кудраўцаў. Ён [Ленін] скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)