чырвань, ‑і, ж.
1. Уласцівасць чырвонага; чырвоны колер. Сонца яшчэ не паказалася з-за высокага бору ў канцы вёскі, і ён .. быў як намалёваны на чырвані неба. Крапіва. Ясна гарэў сухі хвораст, асыпаючы ў шэры попел хрусткія вугалькі, напоўненыя жывой чырванню агню. Самуйлёнак. У чырвань, золата ўбраны стаяць у пушчах нашых дрэвы. Дубоўка.
2. Чырвоныя плямы на целе, пачырваненне ад прыліву крыві, запалення. Слёз у .. [Мацвея] было мала, толькі чырвань з’явілася вакол вачэй. Чорны. З кулямёта.. [лейтэнанту] прабіла абедзве нагі вышэй костачак. Ногі распухлі і паліліся нездаровай чырванню. Курто.
3. Румянец. — Усё, Сяргей Рыгоравіч, — адказала [Люда]. Вочы дык узняла, а чырвань на шчоках яшчэ пагусцела. Брыль. І шчокі, і нос, і вушы гарэлі бледнай чырванню. Лынькоў.
•••
Увагнаць у чырвань гл. увагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)