Напатоліць ’задаволіць’: Цэлага быка зарезаў… то ўсʼих напатолʼиў на вʼасʼелʼлʼи (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад патоля (гл.), якое ў беларускіх гаворках мае розныя значэнні; тут найбольш падыходзячым з’яўляецца значэнне ’воля’, параўн. задаволіць. Няясна, ці звязана з польск. (мальборк.) napatolić sie ’прыйсці ў госці без запрашэння, нечакана’, якое Непакупны звязвае з назвай прускага бога Patollus, Patols (Potols), што літаральна значыла ’падземны’ (г. зн. чорт), параўн. як з пад зʼямлі чорт прынёс ’пра нечаканага наведвальніка’ (Непакупны, Связи, 138–139; Лаўчутэ, Балтизмы, 81), да апошняга параўн. патоля ’непрыемнасць, скруха’ (гродз., Сцяшк.). Бел. напатоліць, калі яно нейкім чынам і звязана з указанымі словамі, выразна дэманструе уплыў семантыкі славянскага *toliti ’заспакойваць, задавальняць’, параўн. рус. утолить голод і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калма́тка ’расліна жабнік, Filago arveusis’ (БРС, ТСБМ). Адпаведнікаў у гаворках як быццам няма; беларускі наватвор ад калматы(yju). Адносна семантыкі параўн. бел. брэсц. касмотка ’тс’, магчыма гродз. барадач, укр. оповст полевий. Семантыка утварэння празрыстая: розныя часткі расліны пакрыты тоненькімі валаскамі. Разам з тым звяртае увагу, што ў шэрагу сінонімаў у большай меры падкрэсліваюцца лекавыя уласцівасці расліны (бел. гарлянка, укр. горлянка) і іншыя яе асаблівасці, так што, магчыма, назва з падобнай семантыкай можа быць істотнай пры ўстанаўленні сепаратных сувязей бел. і іншаславянскай лексікі. На жаль, у канкрэтным выпадку гэта зрабіць не вельмі лёгка, паколькі назвы з падобнай матывацыяй для блізкіх раслін сустракаюцца даволі шырока, параўн. бел. віц. пух для Лпіеппагіа, чэш. мар. myśl uško для Gnaphalium і да т. и.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ім ’скупы’ (міёр., З нар. сл.), каімка, каіміна ’скупы і люты чалавек’ (міёр., З нар. сл.; Нар. словатв.). На думку Крыўко (З нар. сл.), ад уласнага біблейскага імя Каін. Гэта фармальна пацвярджаецца матэрыяламі слоўніка Насовіча. Рус. каін ’пракляты, які не раскаяўся, акаянны’. Народная этымалогія звязвае з каяцца. Трансфармацыі семантыкі і формы ў слове адбыліся ў выніку кантамінацыі зыходнай лексемы з гукава і сэнсава блізкай. Так, звяртае на сябе ўвагу ўжо разгледжанае намі каём, каёміна (гл.) ’шустры, бойкі’, рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, неслух, ашуканец’, ярасл. окоём ’хлус, нягоднік’, ’скнара, скупы’. Што датычыцца ўжывання ўласнага імя як апелятыва, то гэта з’ява добра вядомая, параўн. для той жа тэрыторыі адам ’скупы’. Апошняя паралель таксама сведчыць у карысць каім < Каін.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марока ’непатрэбная справа, затлумленне, нешта заблытанае, валакітнае’, ’вельмі павольны чалавек’, ’канькала’, ’зацямненне, непрытомнасць’, ’хлус, які ўсё заблытвае наўмысна’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Растарг.), марочанне, морочэ́нье ’галавакружэнне, непрытомнасць’ (Нас., ТС), марокаць ’марудзіць’, марокаваць ’тс’, ’бурчаць, быць незадаволеным, дуцца’, ’жыць журботна, сумна’, марокані́на, мароканне ’замаруджанне, цяганіна’ (Нас., Власт), маро́к ’той, хто дурыць галаву’ (пух., Жыв. сл.), морочы́ло ’хто задурманьвае сваімі размовамі’ (ТС), марочыць, моро́чыць, марачы́ць, моро́чытэ ’дурыць, рабіць клопат, неадчэпна прасіць’, ’падманваць’ (Власт, Шат., ТС, ТСБМ, Яруш., Нас.; паўд.-усх., драг., КЭС). Укр. моро́ка ’клопаты, цяжар’, моро́чити ’марочыць’, рус. моро́ка ’нешта адурманьванне’, кур. ’прывід’, сіб., валаг. ’падман’, сіб., кур., смал. ’хітры хлус’, моро́чить ’марочыць, дурыць’, морочи́ло ’той, хто марочыць’. Усходнеславянскае. Утворана ад морак (гл.) у выніку пераносу семантыкі ’імгла, туман’ > ’зацямненне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́ба́ць ’чыкільгаць, ісці’ (БРС, Нас.), ’павольна ісці’ (Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Жд. 2). Рус. ды́ба́ть, укр. ди́бати, польск. dybać ’падпільноўваць; падкрадвацца’, славац. dibať, серб.-харв. dibati ’хістацца, гайдацца’ і г. д. Прасл. *dybati (агляд форм і семантыкі ў Трубачова, Эт. сл., 5, 197–198). У аснове ляжыць тэарэтычная база *dъb‑ (< *dŭbo‑), якую параўноўваюць з герм. *tuppa‑ ’пучок валасоў, каса’; матывацыю гл. у Трубачова, там жа. Форма *dybati — ступень падаўжэння. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 557. Аддзеяслоўным прасл. утварэннем з’яўляецца *dyba (з рознымі значэннямі; агляд гл. у Трубачова, там жа, 197); сюды адносіцца і бел. ды́бы ’хадулі; доўгія ногі’, ды́ба ’прылада катавання’ (БРС), ’слуп у студні, на якім вісіць крук для выцягвання вядра з вадой’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыгавары́ць ’назначыць пакаранне; рашыць, вырашыць; угаварыць, прываражыць, прывярнуць’ (ТСБМ), прыговоры́цца ’падлашчыцца, паддобрыцца ў размовах’ (ТС), прыгаво́рны ’хвароба, якую прыгаворваюць’ (Нар. Гом.). Да гавары́ць (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя бяссуфіксныя назоўнікі з працягам і развіццём семантыкі: прыгаво́р ’рашэнне суда, пастанова, рашэнне, меркаванне па якому-небудзь пытанню’ (ТСБМ, Др.-Падб.), пры́гавар ’ухвала (на вясковым сходзе)’ (Др.-Падб.), прігаво́р ’прыгавор’ (Бяльк.); прыгаво́р, звыч. мн. л. прыгаво́ры ’словы, якімі суправаджаюць якое-небудзь дзеянне; урокі’ (ТСБМ; маг., ЛА, 3), прыгаво́рны ’сурочаны’ (Байк. і Некр.), прыгаво́р ’прымаўка’ (брасл., даўг., в.-дзв., красл., лях., Сл. ПЗБ), прі́гывыр ’тс’ (Бяльк.); сюды ж памянш. прыгаво́рка, пры́гово́рка ’вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, прымаўка’ (Растарг., ТСБМ; гродз., в.-дзв., карэліц., Сл. ПЗБ; ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́скаць ’пырскаць, паліваць’ (Байк. і Некр., Бяльк., Ян.), пры́снуть ’пырснуць (аб дажджы)’ (Растарг.), пры́скаўка ’пульверызатар’ (Гарэц., Др.-Падб.); ст.-бел. прыснуты ’захвалявацца’, укр. при́скати ’пырскаць’, рус. пры́скать ’пырскаць; лопацца’, польск. pryskać ’пырскаць; разлятацца з трэскам, лопацца’, в.-луж. pryskać ’тс’, н.-луж. pśyskaś ’усковаць’, чэш. prýskati ’пырскаць’, славац. prýštiť ’біць струмянём’, серб.-харв. пр́скати ’пырскаць’, славен. pŕskati ’пырскаць’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’тс’. Прасл. *pyrskati, *pъrskati. Бліжэйшыя адпаведнікі літ. praũsti, praustù ’умываць’, prusnà ’пыса (у жывёліны)’, ст.-прус. В. скл. адз. л. prusnan ’твар’, лат. praũslât ’пырскаць’. Гл. Траўтман, 230; Фасмер, 3, 391; Махэк₂, 489; Бязлай, 3, 129; БЕР, 5, 827; ЕСУМ, 4, 576. Да семантыкі дзеяслова гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раско́л ’збойца, разбойнік’, ’гарэза, свавольнік’, ’вісус, шыбенік’ (Бяльк., Мат. Гом.; дзярж., Нар. сл.; Жд. 3, ТС, Янк. Мат.), ’злы, нялітасцівы чалавек’ (Сцяшк. Сл.), раско́ла ’хуліган’ (Сл. Брэс.), роско́л, роско́льнік ’шыбенік, свавольнік’ (ТС). Як здаецца, няма падстаў ідэнтыфікаваць з рус. роско́л, раско́льник, якія Фасмер (3, 444) выводзіць ад рас- і колоть у значэнні ’разбіваць, ламаць’; мяркуецца, што яны ўвайшлі ў мову пасля расколу ў праваслаўі пры патрыярху Нікане ў 1654 г., адсюль маглі набыць значэнне ’разбойнік’. Параўн. накольнік, гл.; развіццё семантыкі аналагічна да сэнсава блізкіх вісус, шыбенік (гл.), і, відавочна, азначала злачынцу, што павінен быў быць пасаджаны на кол (гл.), але змог застацца непакараным. Раско́л у значэнні ’сектант’ (Сержп. Казкі), відаць, запазычана з рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́лія1 ’частка тулава, стан’, ’вузкая частка адзення ў пасе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), таль ’прылягаючая да стану частка сукенкі’ (Сцяшк. Сл.), та́ля ’стан’ (Сцяшк.). З польск. talia, якое праз ням. Taille або непасрэдна з франц. taille ’талія’ < tailler ’абразаць, выкройваць; абчосваць, граніць, шліфаваць’ < нар.-лац. taliãre ’тс’ (Чарных, 2, 226–227; Фасмер, 4, 15).

Та́лія2 ’камплект ігральных карт з дзвюх калод’ (ТСБМ), ’калода карт’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), та́льля ’тс’ (Байк. і Некр.). З франц. taille ’талія’ < нар.-лац. *taliare ’рубіць, адцінаць’ < лац. tālea ’прут, кол; атожылак, парастак, саджанец’, да семантыкі параўн. укр. талюва́ти ’тасаваць карты, трымаць банк, дзяліць на роўныя наскі’, гл. ЕСУМ, 5, 510.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́лаз1 ’дэталь саней, полаз’ (ТСБМ, ТС), полозінец ’след ад палазоў’ (Сл. Брэс.), палазо́к ’дэталь плуга, якая слізгаюць па зямлі’ (Сл. ЦРБ). Укр. по́лоз ’полаз’, рус. по́лоз ’полаз’, ’санны след’, польск. płoza ’полаз’, płóz ’частка плуга, якая слізгаюць па зямлі’, чэш. plaz ’тс’, славен. plaz, серб.-харв. плаз ’частка плуга’, балг. плаз ’полаз; частка плуга’. Прасл. *polzъ, і.-е. корань *polgʼ‑ (Чарных, 2, 53). Фасмер (3, 314) прыводзіць роднаснае англа-сакс. fealg ’вобад, барана’, ст.-в.-ням. fëlga ’тс’. Анікін (Этимология–1980, 44, 48) выключае магчымасць сваяцтва з герм. *felgō ’вобад’, і, зыходзячы з семантыкі ’след’, якая развілася з першапачатковага значэння ’паўзці’, прапануе іншыя адпаведнікі: герм. *fulg‑ ’рухацца ўслед’, англ.-сакс. folgian, fylgan ’рухацца ўслед, ззаду’, follow ’ісці ўслед, суправаджаць’, ням. folgen ’тс’; рэканструяваныя і.-е. *pelgʼh‑/*polgʼh са значэннем ’паўзці, слізгаць’ з далейшым развіццём семантыкі ў асобных індаеўрапейскіх мовах (’паўзці, слізгаць’ > след’ > ’ісці па следзе’ > ’рухацца ўслед’), якія маюць надзейную паралель у сям’і слоў, што групуюцца вакол і.-е. кораня *(s)leigh‑/*(s)loidh‑/*(s)lidh‑ ’слізгаць’, параўн. прасл. *slědъ, *slěditi, *slědovati. Гл. яшчэ паўзці.

По́лаз2 ’крыло брадніка’ (КЭС), палазэ ’рыбалоўная крыга’ (ЛА, 1). Называецца так паводле падабенства: прылада складаецца з двух палазоў, за якія яе цягнуць па дне, параўн. іншую назву гэтай прылады — сані (ЛА, 1). Да полаз1 (гл.).

По́лаз3 ’неядавітая змяя сямейства вужоў’ (ТСБМ), ’капрызная асоба’ (Юрч. СНС). Укр. по́лоз, плазу́н, рус. по́лоз ’тс’; польск. płaz ’земнаводнае’. Банькоўскі (2, 621) лічыць біблейскім багемізмам са ст.-чэш. plaz, чэш., славац. plaz ’тс’. Прасл. *polzъ, ідэнтыфікуецца з полаз1 (гл.), Фасмер, 3, 314.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)