Ка́ім ’скупы’ (міёр., З нар. сл.), каімка, каіміна ’скупы і люты чалавек’ (міёр., З нар. сл.; Нар. словатв.). На думку Крыўко (З нар. сл.), ад уласнага біблейскага імя Каін. Гэта фармальна пацвярджаецца матэрыяламі слоўніка Насовіча. Рус. каін ’пракляты, які не раскаяўся, акаянны’. Народная этымалогія звязвае з каяцца. Трансфармацыі семантыкі і формы ў слове адбыліся ў выніку кантамінацыі зыходнай лексемы з гукава і сэнсава блізкай. Так, звяртае на сябе ўвагу ўжо разгледжанае намі каём, каёміна (гл.) ’шустры, бойкі’, рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, неслух, ашуканец’, ярасл. окоём ’хлус, нягоднік’, ’скнара, скупы’. Што датычыцца ўжывання ўласнага імя як апелятыва, то гэта з’ява добра вядомая, параўн. для той жа тэрыторыі адам ’скупы’. Апошняя паралель таксама сведчыць у карысць каім < Каін.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)