Напатоліць ’задаволіць’: Цэлага быка зарезаў… то ўсʼих напатолʼиў на вʼасʼелʼлʼи (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад патоля (гл.), якое ў беларускіх гаворках мае розныя значэнні; тут найбольш падыходзячым з’яўляецца значэнне ’воля’, параўн. задаволіць. Няясна, ці звязана з польск. (мальборк.) napatolić sie ’прыйсці ў госці без запрашэння, нечакана’, якое Непакупны звязвае з назвай прускага бога Patollus, Patols (Potols), што літаральна значыла ’падземны’ (г. зн. чорт), параўн. як з пад зʼямлі чорт прынёс ’пра нечаканага наведвальніка’ (Непакупны, Связи, 138–139; Лаўчутэ, Балтизмы, 81), да апошняга параўн. патоля ’непрыемнасць, скруха’ (гродз., Сцяшк.). Бел. напатоліць, калі яно нейкім чынам і звязана з указанымі словамі, выразна дэманструе уплыў семантыкі славянскага *toliti ’заспакойваць, задавальняць’, параўн. рус. утолить голод і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)