Калотка ’клін, які ўстаўляецца ў рукаў’ (маст., Сл. паўн.-зах.). Фармальная сувязь з калодка (< калода1) як быццам відавочная, аднак матывацыя няясная. Магчыма, неабходна, мяркуючы па форме слова, суадносіць з калоцьшчапаць’ і ўзнаўляць значэнне ’клін’ (калотка ’тое, чым колюць’), аднак гэта вельмі няпэўна. У сувязі з апошнім супастаўленнем звяртае на сябе ўвагу польск. klótka ’паленца, трэска’, якое Карловіч, 2, 337, адносіў да kłódka (< kłoda).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаланда́ ‘пасмешышча’, ‘нікчэмнасць, дрэнь’ (Нас.), ‘скандал’: век жывуць са скаландой (Мат. Гом.), скулунда́ ‘аткіды, смецце’, ‘астатак’ (Бяльк.), скулінда́ ‘дробязь, вельмі мала’ (Юрч.). Насовіч (Нас., 580) узводзіць да грэч. σχανδαλον ‘спакуса’, ‘перашкода’, параўн. сканда́л (гл.), што магло паўплываць на семантыку. Відаць, запазычанне з літ. skalánda ‘доўгая адшчэпленая лучына для пляцення кошыкаў і да т. п.’, ‘трэска, асколак’, skelénda ‘трэска, асколак’, якія, паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 2, 269), ад skéltiшчапаць’ з суф. ‑da. Да семантыкі параўн. дробязь < дробны < драбіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скяпа́ць, скепа́ць, скіпа́ць, с(ь)капа́цьшчапаць’ (Нас., Касп., Шн. 1; віц., Нар. словатв.; бялын., Нар. сл.; Мат. Маг., Растарг.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ске́паць ‘сячы’ (ПСл). Укр. скіпа́ти, рус. скепа́ть ‘расшчапляць, калоць’, ст.-рус. поскѣпани ‘расколатыя’, оскѣпище, оскѣпъ ‘дрэўка кап’я’. Галоўная цяжкасць — наяўнасць к перад ѣ, якое тлумачылі па-рознаму. Шахматаў (Очерк, 176), Брандт (РФВ, 24, 174), Сабалеўскі (РФВ, 53, 8) і інш. лічылі ўсходнеславянскія формы наватворам ад рэгулярнага *сцѣпати > *стѣпати, скепати, паколькі існуюць балг. це́пя ‘калю (дровы)’, серб.-харв. цијѐпати, цѝјепа̑м ‘расколваць, разрываць’, поруч з *ščepati, гл. шчапаць. Адсюль Фасмер (3, 638) і Махэк₂ (626) мяркуюць аб існаванні прасл. *skьp‑ > ščьp‑ і *skoip‑ > sčep‑. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) лічыць пачатковае ск‑ у +скѣпати заканамерным перад ѣ з ‑oi‑. Паводле апошніх даследаванняў, наяўнасць *s перад *k з’яўляецца фактарам, які можа стрымліваць палаталізацыю (Крысько, Слав. языкозн., XIII, 350). Меркаванні пра спалучэнне ске‑ ў беларускай мове гл. Карскі 1, 368 (адзначае яго старажытнасць), Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 72 (немагчыма даць фанетычнае тлумачэнне), Векслер, Гіст., 92 (лічыць рысай, характэрнай для т. зв. кіеўска-палескага прадыялекта), а таксама Коген, Запіскі 2, 9, 84 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́скеп ’дышаль у возе для валоў’ (ПСл) як транспартны тэрмін, відаць, прымыкае да ўкр. моўнай тэрыторыі, — параўн. укр. ро́скіп ’разгалінаванне (у граблях, у дышле)’. Аднак з асноўным значэннем ’раскол, расшчэп’ лексема распаўсюджана на ўсходнеславянскай тэрыторыі: бел. раске́п ’раскол (у ночвах)’, раске́піць ’расколваць’, раскяпа́цьшчапаць, расколваць (дор, лучыну)’, (Нас., Гарэц.), рус. смал. раске́пить ’раскалоць бервяно, дровы’, пск., цвяр. раске́пина, цвяр. раске́пица ’расколіна, трэшчына’, укр. ро́скіп ’раскол, расшчэп’, стараж.-рус. скѣпати ’калоць’, поскѣпани ’расколатыя’ (Слова аб паходзе Ігара), оскѣпъ ’дрэўка (сцяга)’ (XIII ст.). Узыходзіць да прасл. *orz‑ > раз- (гл.) і ⁺скѣпати, якое Сабалеўскі (РФВ, 53, 8), Брандт (РФВ, 24, 174), Шахматаў (Очерки, 176) і інш. выводзяць з сцѣпати; Якабсон (IJSLP, 1959, 1/2, 270) мяркуе, што ў скѣпатиск‑ — правільнае перад ѣ, якое з *‑oi̯; пазней з ск‑ утварылася щѣ‑ (напр. шчапа́) (Трубачоў, Дополн., 3, 638). Гл. таксама раскеп, раскепіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скі́ба, скі́бка ‘луста хлеба’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Байк. і Некр., Варл., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Шн. 3, Мал., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Бір. дыс., ЛА, 4), ‘пласт, вал зямлі, які адкідаецца плугам пры ворыве’ (ТСБМ, Шат., Бес., Сл. ПЗБ), скі́бка ‘трэска’, ‘невялікі кавалак’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. скиба ‘луста’ (Альтбаўэр). Праз польск. skiba ‘луста хлеба , ‘пласт зямлі’ (Кюнэ, Poln., 96; Брукнер, 493) з ст.-в.-ням. scîba ‘луста’; Карскі (Белорусы, 157) у якасці зыходнай формы ўказваў н.-ням. Skeebe (Scheibe), што да ісл. skífa ‘луста’, аднак апошняе, як і дапушчэнне аб спрадвечнаславянскім паходжанні (набліжаецца да скубаць.; гл. Ільінскі, РФВ, 78, 203), абвяргаецца Фасмерам (3, 639). Ст.-бел. скиба ‘луста; скіба’ запазычана з ст.-польск. skiba ў пачатку XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 102). Гл. таксама Коген, Запіскі, 2, 236–237, дзе аўтар схіляецца да прапановы Ільінскага аб роднасці з скубаць (гл.) і ўзводзіць да ням. schiebe, с.-в.-ням. scîba і названую форму да і.-е. *skeib‑/*skeub‑, суадносную з і.-е. *skep‑/*skop‑, прадстаўленай у аскепак, шчапаць, скапец2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskaťшчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыль ‘луста, скіба’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Мядзв., Бяльк., Янк. Мат., Жд. 1), ‘пласт узаранай зямлі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘вашчына’ (там жа), ‘жменя льну’ (мядз., там жа), ‘губа на дрэве’ (ТС), скрылі́ ‘нарэзаная і падсмажаная бульба’ (Бяльк., Мат. Гом., Янк. Мат.), скрылькі́ ‘суп з бульбы’ (барыс., Жд. 1), скрыль ‘соты з мёдам у раме’ (віл., З нар. сл.), памянш. скры́лік, скрыля́ць ‘рэзаць скрылямі’ (ТСБМ, Касп., Нас., Ласт.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ). Рус. зах., паўд. скрыль ‘трэска, лучына, луста хлеба’, польск. дыял. skrzyl ‘бераг, край’, чэш. skřidla, škřidla ‘сланец, чарапіца’, славац. škridla ‘тс’, серб.-харв. скри́ла, шкри́ља, шкриљац ‘тонкая каменная плітка’, славен. skríl ‘сланец’, skríla ‘каменная плітка’, škríl, škríla ‘сланец; ільдзіна’. Прасл. *skridlь або *skridla ‘што-небудзь расшчэпленае, расколатае, адрэзанае’. Мяркулава (Этимология–1982, 46–47) узнаўляе прасл. *skriti ‘рэзаць’, адкуль выводзіцца смал. скрыля́ць ‘шчыпаць’. Сной₁ (575) дзеяслоў рэканструюе як *skristi, skridǫ ‘рэзаць , які да і.-е. базы *skreid‑ ‘рэзаць, шчапаць’. У якасці паралеляў ён прыводзіць гоц. diskretends ‘торгаючы, ламаючы’, ням. бавар. schritzen ‘ламаць, торгаць’, нова-в.-ням. schritz ‘разрэз’. Фасмер (3, 659) звязвае з кроіць, крою (гл.). З прычыны праславянскага і агульнаславянскага характару слова нельга лічыць яго запазычаным з літ. skrỹlis ‘варэнікі; аладкі; абрэзкі цеста’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 39 з літ-рай), параўн. Анікін, Опыт, 283 з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калоць1 ’датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль; утыкаючы што-н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым-н., праколваць’, ’бадаць, пароць (рагамі); забіваць чым-н. вострым (свіней)’, ’рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць’ (ТСБМ). У гаворках адзначаюцца значэнні ’датыкаючыся вострым, выклікаць боль і да т. п.’ (Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’забіваць свінню’ (Сержп. Прымхі), ’забіваць (рыбу) васцямі’ (полац., З нар. сл.), ’рассякаць на часткі, расшчапляць’ (Радч., Юрч.); у форме калоцца ’бадацца’ адзначаюць Мат. Гом.; калоць ’бадаць; забіваць; адчуваць востры боль, шчапаць’ (Сл. паўн.-зах.), калоць ’расшчапляць, калоць дровы; біць рагамі’ (ТС). У іншых мовах: укр. колоти ’калоць, бадаць, забіваць’, ’калоць свіней; расшчапляць, калоць дровы’, рус. колоть ’калоць; раздрабляць; забіваць свіней; калоць дровы і да т. п.’, у гаворках яшчэ і ’бадаць’, ’жаліць’. Польск. kłuć ’калоць; праколваць чым-н. вострым; раніць вочы’, ст.-польск. таксама ’змагацца на турніры’, літар. і дыял. ’забіваць (свінню) і інш.’, ’расшчапляць, калоць дрэве’ і цікавае ў Ліндэ, дыял. ’прарастаць’ (у Карловіча, 2, 377: «Pszenierka się kole»). Шэраг польск. значэнняў (гл. Слаўскі, 2, 275) безумоўна пад беларускім уплывам, параўн. адпаведныя спасылкі ў Карловіча, там жа, в.-луж. kłóć ’калоць; расшчапляць і да т. п.’, н.-луж. kłojś у падобных значэннях, чэш. kłáti ’калоць, забіваць; змагацца на турніры’, чэш. мар. ’бадаць; расшчапляць’, славац. klať ’забіваць (свіней)’, славен. kláti ’калоць; расшчапляць; біць; забіваць; кусаць; мучыць і да т. п.’, серб.-харв. кла́ти ’забіваць; мучыць; калоць; кусаць і да т. п.’, макед. колам ’забіваць, мучыць’, балг. коля ’пераразаць горла або адразаць галаву жывёле, калоць’, дыял. ’разразаць’, ст.-слав. клати ’заколваць, забіваць’. Узнаўляецца прасл. kolti з відавочна даўняй дыферэнцыяцыяй значэнняў на базе ’калоць (біць, датыкацца чым-небудзь вострым’, што давала і ’расшчапляць’ і ’забіваць’ (адкуль ’мучыць’ і інш.), гл. Слаўскі, 2, 275, дзе шырока прыводзіцца ранейшая літаратура. З і.-е. адпаведнікаў звычайна прыводзяць літ. kálti ’каваць, выдзёўбваць’ (цікава, што адпаведнае да слав. kovati літ. káuti мае значэнні ’біць, забіваць’ зусім не кавальскія тэрміны), лат. kalt ’біць’; з улікам іншых і.-е. форм узнаўляюць і.-е. kol параўн. БЕР, 2, 564.

Кало́ць2 ’свідраваць’ (Юрч.). Адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам няма. Магчыма, мясцовы наватвор на базе калоць ’праколваць дзірку’, адкуль ’рабіць дзірку’ > ’свідраваць’.

Кало́ць3 у выразе калоць‑калоць ’ківаць з боку на бок, патрасаючы’ (Нік. Напаў.), да калаціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)