Весялу́ха1 ’вясёлая жанчына, жанчына з вясёлым норавам, ахвотніца павесяліцца’ (КТС, БРС, Янк. II, Сцяшк., КЭС); ’вясёлая старая жанчына’ (Рас.), укр. веселу́ха, рус. пск., смал., маск., варон. веселу́ха, веселу́шка ’вясёлая жанчына’. Утворана ад прыметніка весел‑ (< vesel‑ъ) і эмацыянальна афарбаванага суфікса ‑ух‑а (< ‑ux‑a).

Весялу́ха2вясёлка’ (КТС, ДАБМ, к. 312, Сцяшк. МГ, Некр., Янк. II, Яшк.), хойн., мазыр. веселу́ха ’тс’ (Мат. Гом.), укр. веселу́ха, рус. смал., бранск., тул., арханг. веселу́ха ’тс’. Старая назва, утвораная ад vesel‑a і экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a. Гл. таксама вясёлка.

Весялуха3 (жарт.) ’гарэлка’ (КТС), укр. веселу́ха, рус. разан. веселу́ха, пск. веселу́шка ’тс’ — пераноснае ад весялуха1 (гл.).

Весялуха4 ’жартаўлівая кароткая песня, частушка’, сюды ж ду́дка‑весялу́шка (КТС). Рус. варон. веселу́шка ’кароткая танцавальная частушка’. Пераноснае з весялуха1 (гл.).

Весялуха5 ’грыб’ (лоеў., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑уха і вясёлка; параўн. слаўг. вясёлка ’апенька летняя, Kuehneromyces mutabilis’ (Яшкін, вусн. паведамл.), узд. ’нейкі грыб з віду порхавак’ (КЭС), якое, магчыма, з *вясёнка < вясенняя апенька.

Весялу́ха6 ’лес з павіслых бяроз, Betula pendula Roth.’; ’бярэзнік’ (дубр., крыч., Яшк.), сюды ж лёзн. весяльні́к ’лес з бяроз. Betula verrucosa Ehrh’. (Яшк.). Рус. пск., смал. вясёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, пск. весёльнік ’лес з маладых бярозак’. Да вясёлы (гл.): галіны бярозы і маладыя бярозкі выкарыстоўваюцца ў час вясенняга свята тройцы, ствараючы святочны настрой, радасць, весялосць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шматкаляро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Афарбаваны ў розныя колеры; рознакаляровых пярэсты. Высока над лесам красавалася шматкаляровая вясёлка. Бядуля. Па вялізным квадратным стале побач са столікам, на якім была размешчана радыёапаратура, ляжала шматкаляровая карта зоны. Хадкевіч.

2. Спец. Звязаны з атрыманнем адбіткаў тэксту, ілюстрацый, узораў і інш. у фарбах. Шматкаляровы друк. Шматкаляровая машына. // Надрукаваны ў некалькі фарбаў, некалькі колераў. Шматкаляровы малюнак. Шматкаляровая ілюстрацыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́дуга, ра́духавясёлка’ (ТСБМ; зэльв., маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; пруж., ДАБМ, камент.), радзіхавясёлка’ (слонім., ДАБМ, камент.), рус. ра́дуга, рус. дыял. ра́йдуга, ра́вдуга, ра́духа, ра́дута, радуни́ца, укр. ра́йдуга, ра́дуга. Усходнеславянскі лакальны тэрмін. На Беларусі зафіксаваны паўсюдна (ДАБМ, карта № 312). Складаецца з дзвюх частак: ра‑ (рай) і дуга (гл.). Галоўную цяжкасць уяўляе тлумачэнне першай часткі слова ра‑. Па народных уяўленнях радуга з’яўляецца добрай прыметай, выражэннем божай ласкі, параўн. рус. дыял. божья дугавясёлка’, таму верагодным падаецца збліжэнне яе са словамі ра́ды, ра́дасць (гл.). На карысць гэтага сведчыць і назвы рэаліі з коранем *vesel‑вясёлка, весялуха (гл.), а таксама найменні ра́довіца, ра́давіца, ра́даўніца (ТС). Па іншай версіі, слова ўтварылася ў выніку гаплалогіі ад спалучэння тыпу *рада‑дуга, як будні з *будьни(е) дьни (Чарных, 2, 95; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Найбольш верагодным лічаць паходжанне з *radǫga, вытворнага ад * rad‑ і dǫg‑ (> дуга, гл.) (Фасмер, 3, 431; Праабражэнскі 2, 171; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Палес. ра́довіца, ра́давіца ўтворана ад кораня *rad‑ як бліскавіца, зараніца (Талстой, там жа, 30). Адносна распаўсюджання ў еўрапейскіх назвах вясёлкі матывацыі ’радасць, шчасце, весялосць’ гл. ALE, 1, 9. Другі элемент у шмат якіх мовах разумеецца як ’лук’, гл. Алінеі, ОЛА, Исследов. 1983, 106–110; Жураўлёў, Язык и миф, 69, 179–180 (з аглядам літ-ры).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясёланка, вясёлонка ’святліца’ (брасл., Карскі, Труды) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) са значэннем ’светлы’, параўн. рус. калуж. весёлая ночь ’светлая, месячная ноч’, вясёлка ’адкрытае месца, якое асвятляецца і саграваецца сонцам’, і памяншальна-ласкальнага суф. ‑он‑к‑а.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смок1вясёлка, радуга’ (Гарэц., Бяльк., Шатал.; ашм., Стан.; свісл., Сцяшк. Сл.; астрав., Сл. ПЗБ), шмок (szmok) ‘вясёлка’ (Арх. Федар.). Укр. цмок, польск. smok powietrzny ‘тс’. Магчыма, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад смактаць (гл.), з прычыны распаўсюджанага ў славян уяўлення, што вясёлка смокча ваду з мора, рэк і азёр для дажджу (Толстой, ОЛА, Исследов., 44–45). Аднак больш верагодна, што слова тоеснае са смок3, цмок (гл.), і ў гэтым выпадку адлюстроўвае архаічную семантыку; параўн. заўвагу ў Іванова і Тапарова (Иссл., 146 і наст.) “об общеафриканских представлениях о змеях — поглотителях вод, чаще всего выступающих в виде радуги”; гэтыя ўяўленні шырока распаўсюджаны і ў іншых месцах свету (Мифы, 1, 469).

Смок2 ‘помпа; жалезная вадасцёкавая труба; пажарная труба, шланг’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘соска’ (Сцяшк. Сл.). Укр. смок, польск. smok ‘тс’. Да смактаць, параўн. Брукнер, 503; Праабражэнскі, 2, 336–337; ЕСУМ, 5, 325.

Смок3 ‘змей, дракон’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; кам. Жыв. НС), ‘казачная істота, якая сваім дыханнем прыцягвае да сябе сваю ахвяру’ (Варл.), ‘міфічная істота’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. смокъ: смокъ, яду напо(л)нены (Рам., Выбр. тв., 79). Гл. цмок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мень ’прамень, вузкая светавая паласа’ (ТСБМ, Сцяшк.; воран., Сл. ПЗБ), ’вясёлка’ (глыб., ДАБМ, камент., 901). Запазычанне з польск. promień ’палоска святла’ (Стан., Зб. тв., 1, 32); мяркуецца, што ўсходнеславянская форма захавалася ва ўкр. по́ромінь ’тс’, што да прасл. *pormy ад *perti, гл. пе́рыць ’біць’ (ЕСУМ, 4, 452). Гл. прамень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Мецялу́ха1, мытылу́ха, мэтэлу́ха ’мяцеліца’ (малар., Нар. лекс., Сл. Брэс.), метэлю́га ’сумёт’ (паўд.-беласт., БЛ, 11). Да ме́сці, мяце́ль (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38). Сюды ж мецялю́жны ’завейны, завірушны’ (Нар. Гом.).

Мецялу́ха2вясёлка’ (івац., ДАБМ, к. 312). Да весялу́ха2 (гл.). Мена зычных адбылася пад уплывам мяцель — іншай з’явы прыроды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аздо́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Упрыгожыць, надаць прыемны выгляд. Аздобіць сцены мазаікай. □ Даніла Саротнік стаў ля.. [дзяўчат], і хутка яго юнацкі басок аздобіў песню мужчынскім голасам. Чарнышэвіч. Шукаем, творым мы багацце ўпарта на полі, у горах, дзе хто мае змогу, каб ім аздобіць сонечнае заўтра. Дубоўка. Прарэзала неба вясёлка дугой, Аздобіла далі красою сваёй. Журба. // перан. Зрабіць больш поўным, багатым на ўнутраны змест. Казку дзіўную чуў у юнацтве: Некі волат, ці то чарадзей, Стагоддзі правёў у бунтарстве, Каб аздобіць шчасцем людзей. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́ясвясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́ясвясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceintureвясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлкавясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)