Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове эа ў залежнасці ад месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Качарга́ ’жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ, у Нас. ’драўляная крывуля’). Параўн. рус. кочерга́, укр. коче́рга, кучу́рга, польск. koczarga, дыял. koczerka. Марфалагічная будова слова вельмі спрэчная. Па адной версіі, утварэнне суфіксам *‑g‑ (як у рус. четверг) на базе такіх слоў, як рус. кочера́ ’сукаваты ствол’ (параўн. Фасмер, 2, 358; Фасмер, 4, 35, дзе абараняецца існаванне суф. *‑g; Слаўскі, 2, 322, дзе таксама дапускаецца магчымасць суфікса ‑ga). Некаторыя дапускаюць у якасці крыніцы гіпатэтычнае цюрк. *köčirga (Слаўскі, 2, там жа). Гл. яшчэ агляд у Трубачова, Эт. сл., 10. 105–106 (дзе падтрымліваецца існаванне суфікса ‑g‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўбаса́ ’кілбаса’ (БРС, Шат., Сцяшк.). Формы тыпу кілбаса (параўн. Нас.) запазычаны з польск. kiełbasa (гл. Слаўскі, 2, 143–144). Іншая форма, бел. каўбаса́ мае надзейныя адпаведнікі ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. колбаса́, укр. ковбаса́, ст.-рус. колбаса, балг. кълба́са, с.-балг. клъбаса, славац. klbása, польск. kiełbasa. Агульнай праформай тут можа быць *kъlbasa. Адрозніваюцца па форме чэш. klobása, славен. klobása, серб.-харв. коба̀сица, klobasa. Этымалогія гэтых слав. слоў вельмі няпэўная. Паводле Слаўскага, 2, 144, няпэўным таксама з’яўляецца сам прасл. характар усёй групы слоў і трэба шукаць крыніцу запазычання (прапанаваліся ў якасці крыніцы цюрк. мовы, ст.-яўр., франц.). Агляд у Слаўскага, 2, 144, у Фасмера, 2, 286. Гл. яшчэ Шанскі, 2, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабур ’малады акунь’ (Маш.), бабура, бабурка ’галавастая рыбка’ (Інстр. лекс.). Параўн. рус. бабу́ра ’Cottus gabio, падкаменшчык’, бабу́рка ’асобны від дробнай рыбы’. Параўн. іншыя назвы: бел. ба́ба (рыба) ’падкаменшчык’, ба́бка ёрш’ (падобныя назвы і ў іншых славянскіх мовах). Утварэнне (суф. ‑ура) ад асновы баб- (для абазначэння круглых прадметаў) або ад ба́ба1 (гл.). Гэта аснова часта выступае ў назвах галавастых рыб. Безлай (Posk. zv., 8) лічыць, што bab‑вельмі старая аснова, якая выпадкова супала з baba ’жанчына’. Адносна назваў рыб, для якіх галавастасць не характэрна, А. А. Крывіцкі (вусн. паведамл.) лічыць, што першапачаткова тэрмін мог быць перанесены на іншых рыб па колеру і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рва1 ’колер’ (БРС), ст.-бел. барва (Гіст. лекс., 116; Булыка, Запазыч., з XV ст.). Укр. ба́рва ’колер’ (з XVI ст.). З польск. barwa ’тс’ < с.-в.-ням. varwe (магчыма, праз чэш. barva; Брукнер, 17). Бернекер, 44; Слаўскі, 1, 28; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43. Іншая версія: непасрэднае запазычанне з ням. мовы (Рудніцкі, 79; там і літ-pa), што, аднак, не вельмі пераконвае.

Ба́рва2 ’верхняе адзенне яркага колеру’ (Нас.). Ст.-бел. XVII ст.: ’верхняе адзенне, кафтан, святочная вопратка’ (Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ба́рва ’форменнае адзенне; ліўрэя’ (з XVII ст.). Запазычанне з польск. barwa ’тс’ (па паходжанню тое ж самае, што і barwa ’колер’, гл. Брукнер, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́дтавельмі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́дто ’тс’ (Сцяшк. Сл.; ТС), на́тта, на́тто ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. надто ’акрамя таго’ (XVI ст.), ст.-рус. надъ ’тс’, укр. надто ’занадта; звыш таго’, рус. надто ’надзвычай’, ’верагодна, відаць’, польск. nadto ’надзвычай, занадта’, ’акрамя таго’, ст.-польск. nadto ’звыш’, славін. nout‑to ’акрамя таго’, чэш. nadto ’звыш таго, да таго ж, у дадатак’, ст.-чэш. ’звыш таго, акрамя таго’. Празрыстае сінтагматычнае спалучэнне прыназоўніка *nad і займенніка *to (ESSJ SG, 2, 436), які выступае ў форме наз.-він. скл. (Карскі 2–3, 72, 92); Шуба разглядае беларускія формы з пункту погляду сучаснай мовы як невытворныя, страціўшыя суадносіны з адпаведнай прыназоўнікава-іменнай канструкцыяй (Шуба, Прыслоўе, 148).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Куко́ль1 ’травяністая расліна сямейства гваздзіковых, Agrostemma L.’ (ТСБМ, Кіс., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Мал., Яруш., Сцяшк.). Укр. кукіль, рус. куколь, балг. къкъл, серб.-харв. ку́кољ, славен. kókolj, польск. kąkol, чэш. konkol, славац. kúkoľ, в.-луж. kukel, н.-луж. kukel, палаб. kǫchüol. Прасл. kǫkolь адпавядае літ. kañkalas ’званочак’ (літ. kañkalijos), ’званочак (кветка)’ (Бернекер, 539; Махэк, Recherches, 71). Расліна названа так па кветках, якія маюць форму званочкаў. Больш новая этымалогія Махэка (Jména rostl., 77) вельмі ненадзейная (kǫkol‑ < kolkol‑ < *lolkol‑: ням. Lolch ’кукаль’); ст.-в.-ням. lolli запазычана з лац. lolium, а канцавы зычны ўзнік з йота ў с.-в.-ням. lulche, таму сувязі з kǫkolъ няма (параўн. Клюге, 445).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́рда ’дзяўчынка-гарэза, якая выйшла з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’, ’чалавек высокага росту і асабліва той, хто мае доўгія ногі’, ды́рдас ’хлопчык-гарэза, які выйшаў з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’ (Нас.). Паводле Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19), гэтыя два словы ў даных значэннях зафіксаваны толькі ў бел. мове і на слав. глебе не этымалагізуюцца. Лаўчутэ мяркуе, што крыніцай гэтых лексем былі літ. *dirda, *dirdas (параўн. літ. dirdinė́ti ’сланяцца, бяздзейнічаць’). Ад ды́рда, відавочна, утвораны дзеяслоў ды́рдзіцца ’выцягваць ногі пры смерці’ (Касп.). Параўн. яшчэ вельмі няпэўныя меркаванні ў Сл. паўн.-зах. (пад ды́рда). Няпэўна таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 201) звязвае ды́рда з ды́лда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруса́к ’ураджэнец або жыхар Прусіі; паўночна-ўсходні немец’, пру́сы ’група балтыйскіх плямён, якія насялялі паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора’ (ТСБМ), Прусы, Прушчына ’краіна Прусія’ (Варл.). Рус. пруса́к ’жыхар Прусіі’, пруца́к ’немец’, дыял. пруц, укр. прус ’прусак’, ст.-рус. Прусы ’Прусія’, польск. prusak ’прусак’, Prusy ’Прусія’. Ва ўсходнеславянскіх мовах праз польск. са ст.-прус. prū́sis ’прус’, літ. prū́sas, лат. prũsis ’тс’, Prūšmale ’Прусія’ (Мюленбах-Эндзелін З, 400). Этымалогіі этноніма няма. Траўтман (Altpreuß., 411) тлумачыў назву з *Po‑rusi, г. зн. ’тыл, якія жывуць паблізу Русі, па Русі’, што з’яўляецца непрымальным. Брукнер (439) выводзіў слова ад praũsti ’мыць’, prusnà ’морда, пыса’, што таксама вельмі няпэўна (Фасмер, 3, 389; ЕСУМ, 4, 617).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)