Стры́нґаль ‘той, хто першы раз выйшаў на калектыўную работу (плыты, касьба), навічок’, стрыга́льшчына ‘барыш, які ставіць стрынґаль для кампаніі, што прыняла яго разам працаваць’ (стаўб., З нар. сл.), стрынґе́ль ‘вельмі высокі чалавек’ (шчуч., Сл. ПЗБ), стры́нгель ‘худы, тонкі высокі чалавек’ (клец., Нар. лекс.; капыл., Нар. словатв.), стрынгаля́ ’падростак, хлапчаня’ (Сцяшк. Сл.), стрынгаля́вы ‘тонкі, зграбны (Сцяшк.), стрынгалява́ты ‘падгалісты, з тонкімі нагамі’ (стаўб., Жыв. сл.). З польск. stryngel ‘плытагон, які першы раз плыве ў горад’, далейшыя сувязі няясныя, магчыма, германізм, што датычыць у першую чаргу слова са значэннем ‘навічок’. Адносна значэння ‘высокі чалавек’ найбольш падыходзіць збліжэнне Санько (Крыўя, 1996, 1, 92) з літ. strigti, stringu ‘тырчэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)