Прус, пруса́к, пруша́к ’рыжы таракан, Phyllodronua germanica’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сцяшк., Янк. 1, Бес., Сл. ПЗБ, ТС). Рус. пруса́к ’чорны таракан, Blatta orientalis’. Выводзяць ад пруса́к ’жыхар Прусіі’ (Праабражэнскі, 2, 138) аналагічна чэш. švab ’рыжы таракан’ < ’жыхар Швабіі’. Паводле Путанца (Rasprave, 25, 315–317), першапачатковае ням. Schabe ’чорны таракан’ (з-за шматлікасці і агрэсіўнасці насякомага) ператварылася ў Schwabe ’тс’, а пасля па гэтай мадэлі ў Russen і Preussen ’тс’. На трансфармацыю назвы паўплываў навуковы тэрмін для называння рыжага таракана — Blotella germanica L. Версія Патабні аб яго паходжанні ад рус. прус ’від саранчы’ адхіляецца Фасмерам (3, 389 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)