Пу́шка1 ’пятка яйца’ (Нас.; ЛА, 1; смарг., ігн., лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; б.-каш., Мат. Гом.). Памянш. ад пуха (гл.); магчыма, звязана з харв. pûš ’тс’, якое Путанец (гл. Скок, 3, 85) лічыць запазычаннем з італьянскай мовы.

Пу́шка2 ’кончык пальца, мякіш’ (ТС; петрык., Шатал.; пухав., З нар. сл.; мазыр., карм., ельск., Мат. Гом., ПСл), ’сустаў пальца, костачка, знешняя паверхня суставаў пальца’ (хойн., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; слуц., Жыв. сл.; ст.-дар., асіп., Сл. ПЗБ; Некр.; Сержп. Грам., светлаг., Мат. Гом.), сюды ж і пу́шка ’лытка’ (ЛА, 3), ’таўстуха’ (івац., Жыв. НС), ’шчопаць’ (ТС). Першапачаткова пу́чка ’тс’ ад пук ’выпукласць’, змененага пад уплывам пу́хлы, параўн. пу́шка ’порхаўка’ (рэч., Нар. сл.; лельч., Жыв. сл.), балг. пу́шка ’мачавы пузыр’ і пад.

Пу́шка3 ’каробка, скрыначка’ (ТСБМ; Мядзв.; Шат.; Некр.; Бяльк.; Ян.; брагін., Нар. словатв.; Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; Янк. 1.; Мат. Гом.), ’вытачаны з дрэва невялікі кубел з накрыўкай для захавання дробных рэчаў’ (Нас.), ’збанок, гаршчок з вузкім горлам’ (кобр., Сіг.; малар., Сл. Брэс.), ’шклянка’: пушка гарэлкі (брагін., Мат. Гом.), ст.-бел. пу́шка ’скрынка’. Лічыцца запазычаннем праз польск. puszka ’тс’, чэш. puška ’тс’ са ст.-в.-ням. buhsa < народнае лац. buxis, грэч. πυξίς ’каробка з самшыту’ (< πυχος ’самшыт’), гл. Фасмер, 3, 415; Булыка, Лекс. запазыч., 190. На прышлы характар рэаліі і слова ўказвае Растаргуеў: пу́шка (выключна ў гарадах) “небольшая деревянная круглая с крышкой коробка от халвы; употреблялась главным образом для хранения мелкой монеты” (ст.-дубск., Растарг.). Пра магчымасць народнаэтымалагічнага асэнсавання слова гл. у Насовіча: “от Пустой, но лит. Puszka” (Нас.).

Пу́шка4 ’гармата’ (ТСБМ, Янк. 1): зробіў скрыпочку і сталяную пушку (гродз., Шн. 2), ст.-бел. пушка ’тс’. Запазычана праз польск. puszka (паводле Банькоўскага, 2, 967: “pożyczka wędrowna”) са ст.-чэш. puška, першапачаткова абазначала як ручную агнястрэльную зброю, так і гармату, што адлюстравалася і ў сучасных славянскіх мовах, параўн. балг. пу́шка ’стрэльба, ружжо’, серб.-харв. пу̏шка, першапачаткова пу̏кша ’тс’; крыніцай славянскіх слоў лічаць сярэднебаварскую форму *pukse ’агнястрэльная зброя’, сучаснае ням. Büchse ’гармата’ < ст.-в.-ням. buhsa ’трубка; ступка, цыліндр’, адкуль і значэнне ’каробка’, гл. пушка3. Параўн. Брукнер, 449; Фасмер, 3, 415; Скок, 3, 71–72; Сной, 516–517; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Патры–Тамушанскі, JBS, 4, 3–4, 120; Адзінцоў, Этимология–1978, 113–133; Этимология–1984, 172. Нельга выключыць народнаэтымалагічнае збліжэнне з пу́хаць, пу́каць, пуска́ць (пушча́ць) і пад., параўн. Чарных, 2, 86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табала́1 ’натоўп, гурт’ (Ласт., Кал.; дзярж., Нар. сл.), ’воўчая гайня; руя (многа) дзяцей’ (віл., ЛА, 5), ’вялікая зграя’ (віл., Сл. ПЗБ), з семантычным працягам ’набор жартаўлівых песень’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. аналагічныя ўкр. та́бала і табала́ ’натоўп, гурт, зграя’, якія, паводле ЕСУМ (5, 499), запазычаны з рум. tábără ’маса, натоўп’, апошняе ў сваю чаргу — да табар1, гл. Аднак паўночна-заходні арэал распаўcюджанасці беларускіх найменняў не дазваляе прама звязваць іх з украінскімі, а хутчэй прыводзіць да думкі аб тыпалагічнай тоеснасці фанетычнай субстытуцыі санорных ў запазычанай лексемы, гл. табар2. Больш імаверна, згодна з Лабко (БЛ, 14, 67–68), звязаць іх з літ. tabala ’цурбанны вечар, куцця’, што да tabala ’калодка, якую цягалі хлопцы і дзеўкі на Каляды’, tabalaĩ ’народны музычны інструмент у выглядзе падвешаных дошчачак, якія выдаюць гукі рознай вышыні’ (параўн. Экерт, Зб. Бернштэйну, 33–35; Велюс, Балто-слав. иссл., 337; Грэймас, Этн., 281), адсюль значэнне ’натоўп, гурт’ адносна ўдзельнікаў шматлікай і шумнай святочнай працэсіі. Падобны звычай пад назвай “валачыць калодку” на масленіцу (Касп., Дабр., Растарг., і інш., падрабязна гл. Антропаў, Зб. памяці Талстога, 21–33) вядомы таксама ва Украіне, Славеніі і ў цэнтральнай Еўропе, параўн., напрыклад, градзішч.-харв. rast vleć ’валачыць дуба’, bor vleći ’цягнуць сасну’, korito vloć ’цягнуць карыта’, што, магчыма, звязана са старой еўрапейскай каляднай традыцыяй, якая ўзыходзіць да рымскіх часоў, параўн. Агапкіна, Основы, 203–244; Плотнікава, Слав. языкозн., XIV, 415. Таму нельга выключыць сувязь з лац. tabula ’дошка’, на падабенства якога з літоўскімі словамі звярнуў увагу Шмітляйн, Revue International d’Onomastique (Paris), 24, 208.

Табала́2 ’пустамеля’ (віл., Жд. 2), ’недарэка, звягала, што лаецца і крычыць’ (Варл.). Рус. дыял. табалу́ бить ’бадзяцца без справы, гарэзіць’ і вытворныя табалы́га ’бадзяга, гультай’, табалы́жить, табалы́жничать ’бадзяцца без справы; гультаяваць’ (Даль; без тэрытарыяльных памет). Фасмер (4, 5–6) параўноўвае з літ. tabalóti, ‑oju ’кульгаць; блытаць’, tabalùs mùšti ’куляцца’, але яны, на думку Брукнера, запазычаны са славянскіх моў (там жа; але без адпаведных славянскіх лексем), супраць чаго па фанетычных паказчыках Фрэнкель (1048), які да літ. tabalús mušti, tabaluoti дадае яшчэ старое літ. tabalka. Аднак ён не выключае магчымасці калькавання дзеяслова з рус. табалу́ бить у літ. tabalús mušti, што падаецца даволі сумніўным. Улічваючы фіксацыю, ёсць падставы выводзіць беларускае слова непасрэдна з літ. tabalas ’тое, што боўтаецца’, ’бірулька’ з цалкам натуральным семантычным пераасэнсаваннем літ. tabalúoti ’матляць’ — ’балбатаць’, да семантыкі параўн. целяпаццацеляпень, гл. Лабко, БЛ, 14, 67 і папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няма́ ’няма, рус. нет’ (Нас., Мал., Гарэц., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), нема́ ’тс’ (ТС, Сл. ПЗБ, Ян.), німа́ ’тс’ (Яруш., Касп., Кліх, Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нима, нема (XVI ст., Карскі 2–3, 77), укр. нема(е), польск. nie ma, чэш. дыял. nima, славац. néma, níma, в.-луж. nima, серб.-харв. нема, макед. нема, балг. ня́ма. Форма 3 ас. адз. л. ад *ne (адмоўе) і *jьměti (гл. мець); сцяжэнне адбылося самастойна ў асобных славянскіх мовах, параўн. ст.-слав. не имамь (інф. не имѣти), балг. нямам, серб.-харв. не̑мāм (не́мати), славен. nímam, némam (nímati) і пад., гл. Карскі 2–3, 77; Дурыданаў, Зб. Мірчаву, 1979, 156; таксама як і страта прэдыкатыўнасці, параўн. бел. дыял. нема семяно́ (Карскі 2–3, 369). Няма падстаў насуперак Кюнэ (Poln., 81) разглядаць бел. няма як паланізм, параўн. несцягнутую дзеяслоўную форму ў немаека ’няма, нямашака’ (ТС), нымайка ’тс’ (Сл. Брэс.). Пра адносную старажытнасць бел. няма сведчаць спалучэнні тыпу няма‑дзе, няма‑калі, няма‑каго (Гарэц.), што адпавядаюць рус. негде, некогда, некого і пад. (Карскі 2–3, 451), параўн. таксама спецыфічную паралель балг. дыял. не ми е ко́ли ’мне няма калі, няма часу’, серб.-харв. дыял. немая ко̏ље ’тс’ (БЕ, 1978, 6, 525).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ль1 укр. король, рус. король, чэш. král, в.-луж. kral, польск. król, балг. крал, серб.-харв. кра̑љ, славен. kralj, прасл. korlь. Традыцыйная этымалогія зводзіцца да запазычання у якасці тытула імені Карла Вялікага (як цэсар, якое зыходзіла да імені Цэзара). Запазычанне мела месца да метатэзы плаўных у славянскіх мовах, таму гэта фанетычная з’ява атрымала абсалютную храналогію (VIII–IX стст.) у адпаведнасці з даціроўкай праўлення Карла Вялікага. Калі ж не прымаць этымалогіі korlь < Karl, мы адразу пазбаўляемся крытэрыю для храналагізацыі. Існуе іншая магчымасць этымалагізацыі прасл. korlь, для якога словам-крыніцай аб’яўляецца прагерм. karla ’стары, старэйшына’ (ст.-ісл. karl ’муж знатнага роду’, фінскі германізм karilas ’стары’). Прыняцце гэтай гіпотэзы мяняе храналогію запазычання ў бок значна большай старажытнасці (Параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 68–71; Трубачоў, Эт. сл., 11, 82–89).

Каро́ль2 ’трус’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.). У значэнні ’трус’ мы сустракаем у бел. дыялектах формы кролік і кроль. Апошняе, на нашу думку, з’яўляецца зваротнай дэрывацыяй ад кролік, якое запазычана з польск. królik. Польская форма, у сваю чаргу, з ням. Künigl < лац. cuniculus. Ням. лексема асэнсоўвалася як Nomen deminulivum ад König ’кароль’ (Бернекер, 572; Фасмер, 2, 380).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каршу́н1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун1.

Каршу́н3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́ць1 ’ачышчаць дрэва ад кары’ (Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. 3., КЭС., лаг.). Сувязь з лексемай кара (гл.) відавочная. Аднак цяжка вызначыць тып гэтай сувязі. Прасл. koriti мае другасныя значэнні і значэнне, зафіксаванае на ўсх.-слав. глебе (укр. корити, рус. корить), не мае адпаведных паралелей у іншых славянскіх мовах. Аднак калі прасл. koriti разглядаць як карэлят да čьrtǫ črěsti (?) ’рэзаць’, то значэнне ’ачышчаць дрэва ад кары’ можна разглядаць як першаснае, а kora як ’штосьці зрэзанае’.

Кары́ць2, укр. корити, рус. корить, чэш. kořiti ’пакараць’, славац. korit sa ’пакарацца’, в.-луж. korić ’пакараць’, польск. korzyć ’карыць’, балг. коря ’тс’, макед. кори ’тс’, серб.-харв. ко̀рити ’тс’, славен. koriti ’тс’: koriti sę ’спрачацца’. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з лац. carināre ’здзекавацца’, ірл. caire ’вымова, знеслаўленне’. Параўн. з апошнімі ст.-слав. корити ’знеслаўляць’, славац. koriťsa ’здзекавацца’, рус. коритись ’тс’. Семантычныя адрозненні двух радоў дзеясловаў вымушаюць нас дапусціць ідэю аб суіснаванні аманімічных дзеясловаў koriti1 і koriti2, якія, напрыклад, ва ўсходнеславянскіх мовах поўнасцю зліліся. Тады, магчыма, рэфлексацыі koriti1 са значэннем ’пакараць’ і адпаведна koriti sę1 ’спрачацца’ можна суаднесці з літ. kãras ’вайна’, гот. harjis ’войска’ (супраць Фрэнкель, 220 і Трубачоў, Эт. сл., 11, 76–77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскірза́цца ’агрызацца’. Укр. оскіря́тися ’выскаліцца, ашчэрыцца’, ошкіря́тися, ви́шкіряти(ся); рус. разм. оски́риться. Відавочна, таго ж кораня, што ашчэрыцца, шчэрыць (гл.). Махэк₂, 627 (пад štířiti), прыводзіць ст.-чэш. oškeřiti se, дыял. чэш. škeřit se, мар. vyskeřák (назва птушкі). Узыходзіць да і.-е. *(s)kēr‑ ’раздзяляць, рэзаць’ (Покарны, 938); параўн. літ. skìrti ’раздзяляць, раз’ядноўваць’, skir̃sti трэскацца (аб скуры, зямлі)’. Захаванне ‑ск‑ перад ‑і‑, магчыма, тлумачыцца ўплывам слоў тыпу скаліцца, склабіць. Элемент ‑з‑ дадаваўся да кораня, які дээтымалагізаваўся, аддзяліўшыся ад варыянта ‑шчэр‑, магчыма, у выніку кантамінацыі з агрызацца. На іншую магчымасць тлумачэння ‑з‑ указвае рус. дыял. паўн. карзать, корзать ’абрэзваць галлё’, славен. kŕzati ’рэзаць дрэнным нажом’, серб.-харв. кр̏зати ’сточваць’ (гл. Фасмер, 2, 199); параўн. таксама рус. дыял. карзубый, карзун ’чалавек без пярэдніх зубоў’, якое ўзводзяць да *kъrnozǫbъ, але нельга выключыць сувязь (магчыма, другасную) паміж аскірзацца і карзун, а, магчыма, таксама бел. прозвішчамі Карзон, Корзун, Карзей, Кірзей; параўн. яшчэ скаруза ’ўпарты’, скарузіцца ’ўпірацца, капрызіць’ (Касп.), рус. скоросый ’запальчывы, няўжыўчывы’. Аб корані гл. Райзензон, Проблемы лексикологии, 1973, 145–152. Для тлумачэння славянскіх форм з ‑ск‑, ‑шк‑ як запазычаных з балтыйскай няма семантычнай падставы; пашырэнне на чэшскай тэрыторыі таксама супраць гэтага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́ва ’лесвіца пры стойле’, ’нятоўстая елка з сучкамі па 10–15 см даўжынёй’ (Янк. I), астро́ўка ’тс’ (Янк. II), астро́ўка, астро́ўкі ’прыстасаванне ў выглядзе піраміды з сукаватых яловых жэрдак і калоў для сушкі сена, вікі, гароху, ільну і г. д.’ (Грынблат, Белор., 110; Касп.; Хрэст. дыял., 22, 30; Інстр. II); паводле ДАБМ, к. 234, пашырана на паўночны ўсход ад лініі Орша–Полацк; астраўё, астравіны (ДАБМ, 789, 790; Малчанава, Мат. культ., 38, фота на стар. 39). Слова са значэннямі, якія можна звесці да ’сукаваты, нятоўсты кавалак дрэва’, сустракаюцца і на іншых тэрыторыях, напр. у Палессі острывэц (стол.), острувля (маларыц.) ’ссечанае маладое дрэва з сукамі, па якому залазяць на дрэва да вулля’ (Анох.). Аналагічныя значэнні маюць словы і ў іншых славянскіх мовах: рус. дыял. остро́вье, о́стровь, острови́на, островник; укр. дыял. острова, острів, островʼяниця, острева, польск. ostrew, ostrewka, чэш. ostrev (малюнак гл. у Махэка), славац. ostrva, славен. ostr̂v(a), серб.-харв. о̏стрва. Не ведаем балг., мак., с.-луж. адпаведнікаў. Ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксальным ‑ъv‑ (параўн. дрэва, плява і пад.); да гэтага кораня слова адносілі Міклашыч, 227; Даль, 1, 706; Брукнер, 386; Скок 2, 575. Па Махэку₂, 420, з *ostrъbъ, што патрабуе ўдакладненняў. Гл. астрога.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Купі́ць ’набыць за грошы’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах.). Укр. купити, рус. купить, ст.-слав. коупити, балг. купя, серб.-харв. ку́пити, славен. kúpiti, польск. kupić, чэш. koupiti, славац. kúpiť, в.-луж. kupić, н.-луж. kupiś ’тс’. Прасл. kupiti лічыцца запазычаннем з гоц. kaupon ’таргаваць, гандляваць’, а германскія словы — з лац. caupo ’крамар’ (Бернекер, 647; Траўтман, 123; Кіпарскі, 204). Аднак існуе іншая магчымасць вытлумачыць паходжанне славянскіх лексем. Лац. caupo ў сваю чаргу разглядаецца як запазычанне з невядомай мовы. Яго можна звязаць са ст.-грэч. κάπηλος ’крамар’, калі прыняць для апошняга κάπηλος (< *κϜαπηλος): caupo‑ *ku̯op‑: *kou̯p‑. Сюды ж можна аднесці і тах. kappi ’серабро’ (< *kou̯p‑): ст.-грэч. καπηλεία ’гандаль’ ∼ тах. kappi ’серабро’. І.‑е. ku̯op тады разглядаецца як назва адзінкі натуральнага абмену. Параўн. прасл. kopa (гл. капа) (ст.-польск. і ст.-чэш. kopa ’грашовая адзінка’). Калі гэта так, мы можам рэканструяваць *ku̯op‑/*kou̯p‑ і аднесці сюды прасл. kupiti. Германскія словы можна разглядаць як славянізмы (далейшую аргументацыю гл. у Мартынава, Лекс. взаим., 161–166).

Ку́піць ’гарэць без полымя, дымець’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210), якое суадносіцца з ко́паць (< *ku̯op‑) як аблаўтны варыянт *koup‑. Гл. купець і капцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)