пане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. панёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі або нагрузіўшы на сябе, пачаць перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. Маці ўзяла .. [дзяўчынку] на рукі і панесла. Чорны. Назаўтра ўжо ўнук.. выступіў у паход: панёс пісьмо ў раён. Якімовіч. // перан. Перадаць, даставіць каму‑н.; распаўсюдзіць. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Маша была хворая, і вестку .. [пра карнікаў] панесла ў атрад Алеся. Шамякін.

2. Пацягнуць сілай свайго руху. Вада панесла разам і дрэва, і людзей. Маўр. Панёс віхор пуньку разам, з сенам і саламянай стрэшкай. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Іх [ліхтары] сарвала вадой і ўдаль панясло, Іх рыбацкае крышыць вясло. Танк. // Вельмі хутка памчаць, павезці. Сомік ускочыў на сані, хвасянуў знячэўку каня і той, рвануўшы з месца галопам, панёс яго праз вёску, кідаючы сані на ўхабы. Крапіва. // без дап. Памчацца стрымгалоў (пра коней). — Кабыла ў .. Цупрона была наравістая. Упудзілася раз і панясла з .. гары. Брыль.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Прымусіць ісці куды‑н., пацягнуць (пераважна ў пытальных і клічных сказах). [Надзя] гатова была бегчы адсюль, каб нікога не бачыць, ні з кім не гаварыць. Але стрымала сябе. Толькі ў думках паўтарала: «Дурніца, дурніца, і панёс жа мяне чорт з гэтым Колькам». Грахоўскі. / у безас. ужыв. — Вярніся, .. Кастусёк! Вярніся! Куды цябе панесла ў такую рань? С. Александровіч.

4. безас. чым і без дап. Падзьмуць, павеяць халодным ветрам, завірухай і пад. Пасля марозаў, што не адпускалі тыднямі, цяпер раптам усталявалася адліга; падула з захаду, панесла густым, мокрым снегам. Пташнікаў. // Перадацца па паветры (пра пахі, цяпло і пад.). Панясло спёртаю духатою і нейкім удушлівым смуродам. Гартны.

5. перан. Зазнаць што‑н. непрыемнае, цяжкае; пацярпець ад чаго‑н. Праціўніку ў радзе месц удалося пацясніць нашы войскі, але і ён панёс вялікія страты. Новікаў. — Ворагу мы не даруем, ён запл[а]ціць за ўсё і панясе кару. Маўр.

6. перан. Разм. Пачаць гаварыць што‑н. бязглуздае, пустое. Сяргей панёс і панёс, як заведзены.. Столькі пагаварыў пра нашага.. [сабаку], што мы і самі паверылі. Ваданосаў.

7. перан. Выступіць носьбітам чаго‑н. Агонь, запалены на нашым свяце, — гэта агонь юнацтва, дружбы і міру. Нязгасным панясе яго моладзь у сваіх сэрцах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ігла́, іго́лка (ТСБМ), го́лка (стаўб., Нар. лексіка, 157). Рус. игла́, иго́лка, укр. ігла́, го́лка, польск. igła, в.-луж. jehła, н.-луж. gła, палаб. jågla, чэш. jehla, славац. ihla, славен. ígla, серб.-харв. ѝгла, балг. игла́, макед. игла, ц.-слав., ст.-рус. игла, ст.-бел. игла — усе са значэннем ’прылада для шыцця’. З іншай семантыкай рус. смал. иго́лка ’кінжал’, польск. igła ’шпілька’, славен. igla ’шворан, прут’, балг. игла́ ’пруток’. Найбольш верагодна сувязь прасл. *jьgъla з *jьgo ’ярмо’ (гл. іга1). Махэк₂ (220–221) рэканструюе *jugulā ад і.-е. *jugo‑m, абапіраючыся на значэнне славац. дыял. jehlice ’палка, якая прасоўваецца праз канцы ярма для замацавання яго на шыі жывёлы’, параўн. грэч. ζεύγλη ’рэмень вакол шыі жывёлы як частка ярма’, лац. iugulae ’пояс Арыёна’. Адсюль першапачатковае значэнне ’змацавальная жэрдка, планка, перакладзіна’, Трубачоў, Эт. сл., 8, 213–214. Старыя семантычныя сувязі захавала не толькі славац. лексема, арэал распаўсюджання старажытнага значэння больш шырокі, параўн. рус. дыял. игла́ ’рухомая на восі сярэдняя частка спражкі, якая прасоўваецца ў дзірку рэменя (у вупражы, поясе і г. д.)’, ’частка воза’, вельмі часта з рознымі варыяцыямі ’перакладзіна, якой змацоўваюцца дошкі, бярвенні плыта, драўляныя сцены і г. д.’, славен. ígla ’клін праз ярмо’, ígelj, ȋgelje ’частка ярма’ (Безлай, 1, 208), ст.-рус. игла ’бервяно, брус, жэрдка для змацавання драўляных сцен’ (XVII ст.). Гэты ж семантычны цэнтр асноўны для вытворнага *jьgъlca (гл. ігліца). І.‑е. сувязі менш ясныя ці зусім няпэўныя. Параўноўваюць са ст.-прус. ayculo ’ігла’ < *aigulā (Міклашыч, 95; Слаўскі, 1, 443–445; Тапароў, А–Д, 59, сюды ж літ. aĩgara, aĩgaras ’саломінка’, áigyti ’калоць’, ’басці’) і грэч. αἰχμή ’вастрыё’, ἀῖκλοι ’вастрыё кап’я’ (БЕР, 2, 56; Фасмер, 2, 115, з заўвагай аб немагчымасці аддзяліць гэтыя паралелі ад балт. слоў са значэннем ’ражон, пожаг’: літ. iẽšmas, ст.-прус. aysmis). Далей, кімр. gwnīo ’шыць’, ірл. conōigim ’шыю’ (Цупіца, KZ, 37, 392; Мікала, RS, 1, 5–6). Сувязь з лац. aeger ’хворы, які пакутуе’, польск. jędza ’ведзьма, фурыя’ (Бернекер, 1, 423; Брукнер, 189), відаць, памылковая. Няпэўнае супастаўленне са ст.-ісл. igull, ням. Igell ’вожык’, слав. *ežь (Младэнаў, 196). Іншыя версіі: сувязь з грэч. ὀβολός ’манета’ (Мейе, BSL, 24, 1924, 137), супастаўленне з грэч. βέλος ’страла, кап’ё’, βελόνη ’вастрыё, ігла’, літ. geluonìs ’джала’ (Педарсан, KZ, 39, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́льна, пі́льня, пі́льно, пі́лна, пілне, пілно ’вельмі, настойліва’, ’неаслабна’, ’уважліва’, ’тэрмінова’, ’не адрываючыся, не паднімаючыся з гнязда’, ’старанна’, ’абавязкова’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мядзв., Юрч., Яруш., Мал., Варл., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.; Карскі, Труды; Мат. Маг.; Бяльк.), пі́льненечка ’ўважліва’ (Ян.); пільнава́ць, пілнава́ць, пільнява́ць, пільнува́ць, пільнова́ті, пільнува́тэ, пілмава́ць ’наглядаць, вартаваць, сцерагчы, сачыць, падпільноўваць, падсцерагаць’, ’старацца’, ’пасціць’, ’няньчыць’, ’марудзіць’; ’старанна працаваць’, ’трымацца гаспадаркі’ (ТСБМ, Шн. 1, Мядзв., Гарэц., Мал., Яруш., Нас.; барыс., Шн. 2; Бір. Дзярж.; Сцяшк. Сл., Шат., Касп., Варл., ТС, Сл. ПЗБ); пільнава́цца ’асцерагацца’ (Варл.), ’прытрымлівацца чаго-н.’ (Шат.), пільнява́цца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ); пільнува́ння ’падсцераганне’, пільнасць ’асцярожнасць’ (Варл.), ’уважлівасць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’нагляд’ (Скарбы); пільноўка ’вартаванне, нагляданне за чым-н.’ (Нас.); пільны ’неадкладны, тэрміновы’ (навагр., Нар. словатв.), ’акуратны’, ’патрэбны, неабходны’, ’старанны’ (Нас., Шат.) — утворана ад дзеяслова *piliti (Насовіч, 414) > пілі́ць2 (гл.): прасл. *pil‑ьnъ(jь) > укр. пи́льний, рус. пил́ьный, пи́лен, польск., н.-, в.-луж. pilny, чэш., славац. pilný, ц.-слав. пильнъ; *pil‑ьnъ > *pilьno; *pil‑ьnъ > *pil‑ьn‑ova‑ti: укр. пильнува́ти, рус. паўд. пильнова́ть, польск. pilnować, pilować, н.-луж. pilnowaś se, чэш. ляш. piľovať, славац. pilnovať; не выключана магчымасць запазычання з польск. pilnować (Цвяткоў, Запіскі, 60; Мядзведскі; Булыка, Лекс. запазыч., 185). Тэдэска (Language, 27, 18) мяркуе, што прасл. pil‑ьnъ узнікла шляхам рэдукцыі з *pri‑lьg‑ьnъ, параўн. рус. приле́жный ’які старанна прыкладаецца да чаго-н., аддана прысвячаецца чаму-, каму-н.’ Міклашыч (246) супастаўляе pilьnъ з літ. pil̃nas ’старанны, уважлівы’, якое, аднак, з польск. pilny (Фрэнкель, 1, 591). Ондруш (SlW, 1975, 119) узводзіць прасл. *pil‑ьnъ(jь) ад незахаванага дзеяслова *piti ’рэзаць’ з наступным развіццём семантыкі ’баявы, змагар’ > ’настойлівы, старанны’; Шустар-Шэўц (14, 1064) звязвае лексему з літ. pìlti ’ліць, сыпаць’ > ’хутка цячы’ > ’хуткі, імклівы’; Станкевіч (Зб. Бірнбаўму, 1985, 412) выводзіць прасл. *pilьnъ ад *piliti, а апошняе — ад *pil‑/*pyl‑ ’певень’ (пры першаснай сувязі дзеяслова з семантыкай сексуальнага ўзбуджэння). Прымаючы пад увагу канкрэтныя значэнні ў некаторых слав. прыметнікаў: польск. pili ’свой, родны’, niepili ’чужы, незнаёмы, няродны’, чэш. pile ’клопат’, якое Шаўр (Etym. Brunensia, 109 і наст.) уводзіў у і.-е. гняздо *pei̯t‑ ’клапаціцца’, в.-луж. pilny ’тоўсты, тлусты’. Варбот (БСИ–1998–1999. М., 2000, 24–26) уключае ў кола вытворных гняздо і.-е. *pei̯(ə)‑/*pī̆‑ ’тлусцець’, ’знаходзіцца ў вялікай колькасці’ і прасл. *pilъ(jь), пазней — pilь(jь) са значэннем ’тлусты, тоўсты’ = ’адкормлены’, адсюль — ’свой, родны’. Ад *pilъ(jь) паходзіць дзеяслоў *piliti ’клапаціцца, старацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табала́1 ’натоўп, гурт’ (Ласт., Кал.; дзярж., Нар. сл.), ’воўчая гайня; руя (многа) дзяцей’ (віл., ЛА, 5), ’вялікая зграя’ (віл., Сл. ПЗБ), з семантычным працягам ’набор жартаўлівых песень’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. аналагічныя ўкр. та́бала і табала́ ’натоўп, гурт, зграя’, якія, паводле ЕСУМ (5, 499), запазычаны з рум. tábără ’маса, натоўп’, апошняе ў сваю чаргу — да табар1, гл. Аднак паўночна-заходні арэал распаўcюджанасці беларускіх найменняў не дазваляе прама звязваць іх з украінскімі, а хутчэй прыводзіць да думкі аб тыпалагічнай тоеснасці фанетычнай субстытуцыі санорных ў запазычанай лексемы, гл. табар2. Больш імаверна, згодна з Лабко (БЛ, 14, 67–68), звязаць іх з літ. tabala ’цурбанны вечар, куцця’, што да tabala ’калодка, якую цягалі хлопцы і дзеўкі на Каляды’, tabalaĩ ’народны музычны інструмент у выглядзе падвешаных дошчачак, якія выдаюць гукі рознай вышыні’ (параўн. Экерт, Зб. Бернштэйну, 33–35; Велюс, Балто-слав. иссл., 337; Грэймас, Этн., 281), адсюль значэнне ’натоўп, гурт’ адносна ўдзельнікаў шматлікай і шумнай святочнай працэсіі. Падобны звычай пад назвай “валачыць калодку” на масленіцу (Касп., Дабр., Растарг., і інш., падрабязна гл. Антропаў, Зб. памяці Талстога, 21–33) вядомы таксама ва Украіне, Славеніі і ў цэнтральнай Еўропе, параўн., напрыклад, градзішч.-харв. rast vleć ’валачыць дуба’, bor vleći ’цягнуць сасну’, korito vloć ’цягнуць карыта’, што, магчыма, звязана са старой еўрапейскай каляднай традыцыяй, якая ўзыходзіць да рымскіх часоў, параўн. Агапкіна, Основы, 203–244; Плотнікава, Слав. языкозн., XIV, 415. Таму нельга выключыць сувязь з лац. tabula ’дошка’, на падабенства якога з літоўскімі словамі звярнуў увагу Шмітляйн, Revue International d’Onomastique (Paris), 24, 208.

Табала́2 ’пустамеля’ (віл., Жд. 2), ’недарэка, звягала, што лаецца і крычыць’ (Варл.). Рус. дыял. табалу́ бить ’бадзяцца без справы, гарэзіць’ і вытворныя табалы́га ’бадзяга, гультай’, табалы́жить, табалы́жничать ’бадзяцца без справы; гультаяваць’ (Даль; без тэрытарыяльных памет). Фасмер (4, 5–6) параўноўвае з літ. tabalóti, ‑oju ’кульгаць; блытаць’, tabalùs mùšti ’куляцца’, але яны, на думку Брукнера, запазычаны са славянскіх моў (там жа; але без адпаведных славянскіх лексем), супраць чаго па фанетычных паказчыках Фрэнкель (1048), які да літ. tabalús mušti, tabaluoti дадае яшчэ старое літ. tabalka. Аднак ён не выключае магчымасці калькавання дзеяслова з рус. табалу́ бить у літ. tabalús mušti, што падаецца даволі сумніўным. Улічваючы фіксацыю, ёсць падставы выводзіць беларускае слова непасрэдна з літ. tabalas ’тое, што боўтаецца’, ’бірулька’ з цалкам натуральным семантычным пераасэнсаваннем літ. tabalúoti ’матляць’ — ’балбатаць’, да семантыкі параўн. целяпаццацеляпень, гл. Лабко, БЛ, 14, 67 і папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты!ту на цябе!ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.

Ту2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. , славен. ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.

Ту3 — размеркавальны злучнік то … то: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. ту … ту, польск., чэш. tu … tu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

увайсці́, увайду, увойдзеш, увойдзе; пр. увайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. увайдзі; зак.

1. Зайсці ўнутр чаго‑н., уступіць куды‑н., у межы чаго‑н. Увайсці ў хату. Увайсці ў двор. Войскі ўвайшлі ў горад. Увайсці ў лес. □ [Ваўчыха:] — Як увойдзеш у браму, убачыш там двух сабак. Якімовіч. Захацелася Галынскаму ўвайсці ў ваду і паплыць аж туды, да тых дрэў. Галавач. Ноч. Сёння крэйсер павінен увайсці ў Няву для падтрымкі рэвалюцыі. Сяргейчык. // Пранікнуць углыб чаго‑н.; упіцца. Сякера больш чым напалову ляза ўвайшла ў дрэва. Шамякін. Два гарпуны глыбока ўвайшлі ў бок кашалота. Ён ірвануўся наперад, але моцныя канаты надзейна трымалі яго. Матрунёнак. // Асесці. [Хаткі] схіліліся набок, увайшлі ў зямлю ледзь не па самыя вокны. Шахавец.

2. Уступіць, уключыцца ў склад, у члены чаго‑н. Увайсці ў склад праўлення. Увайсці ў склад рэдакцыі. □ У склад уборачна-транспартнага атрада ўвайшлі вопытныя механізатары. «Звязда». У .. [штаб] увойдуць камандзіры атрадаў і начальнік лагера. Сергіевіч. // Стаць састаўной часткай чаго‑н. П’еса трывала ўвайшла ў рэпертуар тэатра. □ Некаторыя з праектаў Міхайлава ўвайшлі ў падручнікі і ўражалі яснасцю сваёй думкі і строгай прыгажосцю. Карпаў.

3. Змясціцца, умясціцца. У бочку ўвайшла яшчэ вядро вады.

4. Унікнуць у што‑н., разабрацца; асвоіцца з чым‑н. Рыгор ведаў, што новы дырэктар яшчэ поўнасцю не ўвайшоў у работу інстытута і таму часта выязджае ў камандзіроўкі. Арабей. Я неяк увайшоў ужо ў рэдакцыйныя будні і адчуваў цяпер сябе ў рэдакцыі патрэбным чалавекам. Сабаленка.

5. (з прынавоўнікам «у»). У спалучэнні з абстрактнымі назоўнікамі азначае пачатак дзеяння, стану, які выражаецца гэтымі назоўнікамі. Увайсці ў азарт. Увайсці ў кантакт. Увайсці ў прывычку. Увайсці ў традыцыю. Увайсці ў сістэму. Увайсці ва ўжытак.

6. Разм. Прайсці які‑н. шлях, адысці на якую‑н. адлегласць ад чаго‑н. Увайсці дзесяць кіламетраў. □ [Мішурын:] — А ці далёка мы ўвайшлі ад Брэста? [Стары:] — Адсюль да Брэста дзевятнаццаць кіламетраў. Чорны.

•••

Увайсці ў гады — стаць дарослым.

Увайсці ў гісторыю — стаць вядомым, надоўга захавацца ў памяці людзей; пакінуць след у гісторыі.

Увайсці (уцерціся, убіцца) у давер’е (давер) — набыць давер’е, дабіцца прыхільнасць каго‑н.

Увайсці ў жыццё — а) тое, што і увайсці ў побыт; б) прывыкнуць да якога‑н. жыцця, прыняць удзел у ім; в) пачаць жыць самастойна.

Увайсці ў злосць — раз’юшыцца, страціць раўнавагу ў паводзінах.

Увайсці ў каляіну (каляю) — вярнуцца да прывычнага спосабу жыцця; прыйсці ў звычайны стан.

Увайсці ў курс чаго — азнаёміцца дэталёва або ў агульных рысах з чым‑н.

Увайсці ў моду — а) стаць модным; б) стаць прывычным, звычайным.

Увайсці ў норму — тое, што і прыйсці ў норму (гл. прыйсці).

Увайсці ў побыт — стаць, зрабіцца звычайным, прывычным.

Увайсці ў прывычку — стаць пастаянным для каго‑н. у якіх‑н. адносінах.

Увайсці ў ролю — а) асвоіцца са сваімі абавязкамі, са сваім становішчам; б) натуральна, праўдзіва ствараць чый‑н. вобраз на сцэне.

Увайсці ў свае берагі — а) пра раку ў паводку, калі вада спала; б) вярнуцца да прывычнага, звычайнага жыцця.

Увайсці ў сілу — а) стаць законным, дзённым (пра закон, дагавор і пад.); б) узмацнець, падужэць; в) умацаваць сваё становішча.

Увайсці ў смак — пачаць адчуваць задавальненне ад чаго‑н.

Увайсці ў становішча чыё — аднесціся да каго‑н. з увагай, спачуваннем.

Увайсці (уступіць) у строй — стаць дзённым (пра што‑н.).

Увайсці ў сэрца (душу) — глыбока ўсхваляваць; стаць аб’ектам пастаянных разважанняў, роздуму і пад. О, Радзіма! Ты разам з вясною Ў маё сэрца ўвайшла назаўжды. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мір1 ’згода, адсутнасць сваркі, вайны’, ’спакой, цішыня’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк.; драг., КЭС), мі́рнасць ’спакой’ (Нас., Гарэц.), міравая ’мірнае вырашэнне спрэчкі’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр., рус. мир, польск. mir, mier, н.-, в.-луж. měr, чэш. mír, славац. mier, славен. mȋr, серб.-харв. ми̑р, макед. мир, балг. мир(ът), ст.-слав. миръ. Прасл. mirъ, а таксама měrъ, паводле сведчанняў з польск., славац., ст.-чэш. і харв. моў, утвораныя пры дапамозе суф. ‑r‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-літ. mieras, лат. miērs ’спакой, цішыня’, якія Буга (Rinkt., 1, 352–353) лічыць слав. запазычаннямі, алб. mirë ’добры’, ст.-інд. mitras ’сябар’. Да і.-е. *mei̯‑ ’сябраваць, звязваць’ (Бернекер, 2, 60; Траўтман, 175; Фасмер, 2, 626; Бязлай, 2, 185). Махэк₂ (364) у якасці крыніцы паходжання прасл. mirъ прапануе літ. rìmti, rimóti ’сціхаць, заспакойвацца, быць спакойным’, у якіх адбылася перастаноўка зычных асновы r — m > m — r. Мала верагоднай з’яўляецца версія аб суаднясенні прасл. mirъ і milъ паміж сабою (протаі.‑е. неадрозненне l — r, гл. F. Specht, Der Ursprung der indogerm. Deklination. Göttingen, 1947, 318–320) і з лац. mitis ’ціхі, лагодны, рахманы’, ст.-інд. mitráh ’сябар, прыяцель, Мітра’. Апошняе падтрымліваецца Пухвелам (Etudes mithriaque, 1978, Tegeran — Liege, 335–343), які мяркуе, што прасл. mirъ трэба разглядаць як утворанае з *mitro‑/*mitru (або *meyro‑/*meyru‑) — з таго ж кораня, што і імя Мітры, а не як запазычанае з іран. (скіфск.) *mihro, як сцвярджае Траймер (Wiener slav. Jahrb., 14, 1967–1968, 77). Варбат (ОЛА–1979, 327), падтрымліваючы даследаванні Тапарова (Pratidānam. The Hague–Paris, 1968, 109–113; ён жа, Semiotyka і struktura tekstu, Wrocław etc., 1973, 366–370) і бачачы ў семантыцы і фразеалогіі прасл. mirь старажытныя і.-е. уяўленні (у вобразе інда-іранскага Мітры) аб сацыяльнай арганізацыі як выніку дамоўленасці, аб стане сяброўства, мяркуе, што каш. mʼiěa ’жаніх’, mířota ’маладая’ — рэлікты старажытнай семантыкі mirъ ’дагавор (шлюбны)’, а *miriti абазначала ’заключаць дагавор’. Тапароў (Этимология–1967, 18–21) гаворыць аб Мітры як аб аб’яднальніку людзей у сацыяльную структуру, рус. в мир у формуле Mit(h)ra‑yat‑, у якой *yat‑ першасна азначала ’збіраць, згуртоўваць’, і мяркуе, што верагоднай можа быць адпаведная прасл. формула тыпу *mirъ jatiti ’збіраць людзей у грамаду’ або *miromъ (mirъmъ) jatiti sę ’збірацца грамадою’. Цалкам здавальняючай з’яўляецца этымалогія Мартынава (Зб. Аванесаву, 188–190): ён, абапіраючыся на словаўтваральную структуру лексем з r‑суфіксам і ŭ‑асновай, прыводзіць паралель да прасл. žьrětižirъ, vьrětivirъ, таксама і mьrěti ’паміраць’ — mirъ (сувязь паміж mirъ і mьrěti гл., напрыклад, у славен. mir! ’маўчы’, zamréti ’анямець’). Сюды ж міры́цца, міры́ць ’наладжваць мірныя адносіны’ (ТСБМ, ТС), міры́льнік ’той, хто мірыць’ (Бяльк.).

Мір2 ’сельская грамада’, ’народ, людзі’, ’свет’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Ян., ТС; пух., Нар. сл.; стаўбц., в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. мир ’сельская грамада’, якое развілося са значэння ’мір, мірная суполка, згуртаванне’ у мір1 (гл.). Пух. мір ’мноства’ (Жыв. сл.) развілося з мір2.

Мір3 ’маруна, павіліца сапраўдная, Galium verum L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Да мір1, мі́рны ’сяброўскі, дружны’. Матывацыя: лісты і плады лёгка чапляюцца да іншых раслін, прытуляюцца, як да сяброў, прыліпаюць. Адсюль і іншыя адпаведныя назвы: чэш. přitula, польск. przytulia, ляш. přitulek, рус. дереза, чэш. lepenice, lepovica, мар. lipkač, укр. липчица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лад 1, ‑а і ‑у, М аб ладзе, у ладу; мн. лады, ‑оў; м.

1. ‑у; звычайна адз. (з азначэннем). Дзяржаўная ці грамадская сістэма, арганізацыя. Сацыялістычны лад. Першабытнаабшчынны лад. Рабаўладальніцкі лад.

2. ‑у. Уклад жыцця. Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Колас. // перан. Сэнс жыцця, спосаб жыцця. Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я схілены ў тры пагібелі і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць... Бядуля.

3. ‑у. Разм. Згода, дружба. Бацькі .. [Аксёна] былі маўклівыя. Між імі не было ні добрага ладу, ні сваркі. Дуброўскі. [Мацей:] — Здаецца, і любяць адно аднаго, дастатак ёсць, а ладу няма: адсюль-адтуль ды ў сварку за дробязь якую. Пальчэўскі. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас. // Парадак, зладжанасць. Вялікім клопатам лета былі дарогі.. Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далёка, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа. Мележ. Гуркацяць, гудуць маторы Ці пры сонцы, ці пры зорах, Калі ў працы лад, Кожны сэрцам рад. Кірэенка.

4. ‑у. Спосаб, манера; узор. На ваенны лад. На новы лад. На свой лад. □ Домікі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу. М. Стральцоў. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў. Шамякін.

5. ‑у. Настрой, гумор; тон. Гумарыстычны лад. Філасофскі лад. Самотны лад. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.

6. ‑у. У музыцы — спосаб пабудовы гукараду, арганізацыя музычных гукаў; строй музычнага твора. Ніхто з нас не ведаў слоў песні. Але мы хутка засвоілі яе лад і дружна пачалі падпяваць адным голасам. Якімовіч. // У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго строй і эмацыянальная афарбоўка. Вобразны лад. Урачысты лад. □ Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала. Палітыка.

7. ‑а. Адно з дзяленняў на грыфе струнных музычных інструментаў; клавіша гармоніка, баяна, клапан духавога інструмента. Вася прабег пальцамі па ладах, расцягнуў гармонік. Асіпенка.

8. ‑у; звычайна адз. Сістэма будовы, склад мовы. Граматычны лад беларускай мовы.

•••

Давесці (прывесці) да ладу гл. давесці.

Дайсці (да) ладу гл. дайсці.

Даць лад гл. даць.

Збіцца з ладу гл. збіцца.

Ладу не дабраць гл. дабраць.

Навесці лад гл. навесці.

На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.

На свой лад — па-свойму.

На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).

На ўсе (розныя) лады — па-рознаму. На ўсе лады заліваліся жаваранкі, свісталі шпакі. Дайліда. Мелодыя акрыляецца, мяняе тэмп, паўтараецца на розныя лады. Бядуля.

Не ў лад — нязладжана, нястройна; не ў адпаведнасці з чым‑н.

Не ў ладу; не ў ладах з кім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.

Ні складу, ні ладу гл. склад.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Спор ды лад (у рабоце, жыцці і інш.) гл. спор.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

У лад — зладжана, стройна; у адпаведнасці з чым‑н.

У ладу; у ладах з кім-чым — дружна, у згодзе.

(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.

лад 2, ‑у, м.

У граматыцы — катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.

•••

Абвесны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае рэальнае дзеянне, што адбываецца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе.

Загадны лад — катэгорыя дзеяслова, якая выражае загад, просьбу, чыю‑н. волю.

Умоўны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае магчымае, пажаданае або мяркуемае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)