Ва́біць1 ’прынаджваць, прыцягваць, клікаць’ (БРС, Яруш., Гарэц.); ’свістаць для прынаджвання дзікіх птушак’ (Інстр. II); ’зводзіць, выклікаць’ (Гарэц.), вабіцца ’ісці на прынаду, спакушацца’ (Гарэц.). Рус. вабить, укр. вабити, польск. wabić, в.-луж. wabić, н.-луж. wabiś, чэш. vábiti, славац. vábiť, макед. ваби, балг. ва́бя, серб.-харв. ва́бити, славен. vabiti, ст.-слав. вабити. Прасл. *vabiti ’крычаць’. Згодна з адной версіяй (Развадоўскі, Wybór, 2, 157), праславянскае слова суадносіцца з гоц. wōpjan, ст.-ісл. оéра ’крычаць, лемантаваць’ і інш. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 61; Траўтман, 333–337; Скіт, 706; Покарны, 1109; Рудніцкі, 1, 287; Фасмер, 1, 263; БЕР, 1, 110; Махэк₂, 673; Скок, 3, 557. Згодна з іншай версіяй, праслав. *vabiti было непасрэдна звязана з назвай паляўнічай прылады (пасткі) і мела першапачаткова значэнне ’заманьваць птушку ў пастку’, адкуль пазней развілося значэнне ’прынаджваць птушку голасам’. Параўн. паралелі да *vabiti: ст.-інд. ubhnā́ti ’звязвае’, ст.-грэч. ὕφος ’сетка’, лац. lасеге ’вабіць’ і laquens ’сіло, пятля’, ст.-в.-ням. spanan ’вабіць’ і ст.-англ. spannan ’звязваць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 190–191).

Ва́біць2 ’марнаваць час; забаўляць’, вабіцца ’затрымлівацца; забаўляцца, гуляць’, ваблены ’марудны’ (Яўс.). Узнікла ў выніку метатэзы: бавіць > вабіць, што пацвярджаецца поўным супадзеннем семантыкі абодвух дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варката́ць ’мурлыкаць’ (БРС). Вытворныя ад яго: варкатня́, варкату́ння, варкату́н, варкату́ха, варко́цік (Нас.). Укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’. Прасл. *vъrkotati. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ гукапераймальнага паходжання (гл. таксама пад ве́раск, верашча́ць) утвораны: прасл. *vъrkati, *vъrčati (< *vъrkēti) і далей *vъrkovati, ст.-рус. въркати, върчати, ц.-слав. връчати, рус. ворча́ть, воркова́ть, бел. варкава́ць, варча́ць, укр. воркува́ти, польск. warknąć ’забурчаць’, warczeć ’бурчаць, гыркаць’, чэш. vrkati ’варкаваць’, vrčeti ’бурчаць’, балг. връча ’шчабячу, шумлю’, серб. вр̏кати ’мурлыкаць’, вр́чати ’мурлыкаць; бурчаць’ і г. д. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ быў утвораны прасл. назоўнік *vъrkotъ ’варкатанне, бурчанне, буркаванне’ (рус. дыял. во́ркот, чэш. vrkot і г. д.), ад якога ў сваю чаргу паходзіць новы дзеяслоў *vъrkotati: бел. варката́ць, укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’ і г. д. Не выключаецца, аднак, што *vъrk‑ot‑ati прама паходзіць ад *vъrk‑ati («узмацняльны» экспрэсіўны суфікс *‑ot‑ у дзеяслове). Параўн. падобныя гукапераймальныя ўтварэнні ў іншых мовах: літ. vẽrkti, ‑vìrkti ’плакаць’, ur̃kti ’гыркнуць’ (падрабязней гл. пад вераск). Гл. Фасмер, 1, 351, 356; Рудніцкі, 477; Брукнер, 602; Голуб-Копечны, 423; Махэк₂, 700; Траўтман, 353; Шанскі, 1, В, 163–164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варушы́ць ’варушыць, пераварочваць’ (Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.); ’рухаць’ (Яруш., БРС), варушы́цца ’рухацца, катацца’ (Касп., Гарэц., БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Сюды ж вару́хаць, вару́хацца ’рухаць, рухацца, кратацца’ (Др.-Падб.), варо́хаць (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вороши́ть, ворохну́ться ’варухнуцца’, укр. ворухну́ти ’варухнуць’, воруши́ти ’варушыць’. Відаць, утварэнне ад прасл. *vorxъ ’куча, ворах’: укр. во́рох, ц.-слав. врахъ, балг. врах ’ток, снапы, прыгатаваныя для абмалоту’. Прасл. vorxъ з *vorsъ. Няясна, ці сюды ж польск. zawroch ’вецер са снегам, віхар’. У аблаутнай форме сюды прасл. *veršti (*verx‑ti) *vьrxǫ ’малаціць’, ц.-слав. врѣшти вьрху ’тс’, балг. връха́ ’малачу’, серб. вре́ћи, славен. vršiti ’малаціць збожжа, пускаючы жывёлу таптацца па ім’. І.‑е. *u̯ers‑: лат. vârsms (vàrsmis) ’збожжа, прыгатаванае для абмалоту, ворах правеянага зерня’, грэч. ἔρρω ’цягнуся, валачуся і да т. п.’ (*u̯ersi̯ō), лац. verrō ’цягну, валаку, замятаю’ (*versō), ст.-в.-ням. wërran ’блытаць, заблытваць, рабіць беспарадак’ (першаснае значэнне і.-е. *u̯ers‑ ’валачы, цягнуць’). Укр. ворухну́ти, воруши́ти з ворохну́ти і да т. п. як рэзультат укаючага вымаўлення ‑о‑ не пад націскам або хутчэй пад уплывам семантычна блізкага дзеяслова тыпу ру́хати (бел. ру́хаць). Аб гэтым сведчыць і бел. форма варушы́ць (замест фанетычнага *варашы́ць). Гл. Фасмер, 1, 355.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́раг ’непрыяцель, праціўнік’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Булг., Шпіл.). Рус. во́рог ’непрыяцель; нячысцік, чорт’, укр. во́рог, ст.-рус. ворогъ, ст.-слав. врагъ, польск. wróg ’непрыяцель’, чэш. vrah ’забойца’, славац. vrah ’тс’, балг. враг, серб.-харв. вра̑г, славен. vrȃg ’чорт, д’ябал’. Прасл. *vorgъ ’вораг’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. var̃gas ’бяда, няшчасце, беднасць’, vérgas ’нявольнік’, лат. vā̀rgs ’няшчасны, хворы, убогі’; ’бяда, бедства’, vãrgt ’хварэць, чахнуць, быць няшчасным’, vęr̂gs ’нявольнік’, ст.-прус. wargs ’злы’, магчыма, і лац. urgeō ’напіраю, ганю’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’выганяць, помсціць’, ст.-в.-ням. rehhan ’мсціць’ (ВальдэПокарны, 1, 319 і наст.; Траўтман, 342; Фасмер, 1, 352; Шанскі, 1, В, 164). Аналагічна Трубачоў (История терм., 176 і наст.), які выводзіць слав. vorgъ з і.-е. *u̯reg‑/u̯erg‑ ’гнаць’, г. зн. першапачаткова слав. слова азначала ’выгнаннік, адрынуты’ і толькі пазней — ’вораг, непрыяцель’. Па фанетычных прычынах памылкова супастаўленне Абаева (Осет. яз., 581) з асец. warz ’любіць’ (Трубачоў, там жа). Мала верагодна супастаўленне са ст.-ісл. wargr ’воўк, злачынец’ (Міклашыч, 395; Мікала, WuS, 2, 218) або разгляд слав. слова як запазычання з герм. (Махэк₂, 698), таму што герм. запазычана з слав. (Мартынаў, Лекс. взаим., 153 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́бедзь, ле́бядзь, ле́бяць ’птушка з сямейства качкавых, Cygnus musicus Bechst., Cygnus olor J. F. Gmel.’ (Нас., Касп., Сцяшк., Яруш.; шчуч., іўеў, Сл. паўн.-зах.), ле́бэдь ’тс’ (Бес.), ’пародзісты свойскі гусь’ (лун., жытк., петрык., мазыр., ЛАПП), ’дружа, сябар’, лябе́дзька ’галубок’, лябе́дзюхна ’галубок, галубка’ (Нас.). Укр. ле́бедь, лебідь, лебеде́ць, рус. лебедь, ст.-рус. лебедь, польск. łabędź, славін. łabąc, łabąʒ, u̯abyńć, сілезск. u̯abůnt, łabęt, чэш. labuť, мар. labudek, лаш. labuďa, апаўск. labudź, славац. labuť, labuď, labuda, славен. labód (lobod, labud, lobot), серб.-харв. ла̏буд, ла̏бут, ле̏бут, кайк. лабат, макед. лабед, балг. ла́бед, ле́мбед, ли́бед, ло́бад, ло́бод ’тс’. Прасл.: зах. і паўд. ólbǫdь (olbǫtь), паўд. olbędь, паўд. і ўсх. elbedь (Слаўскі, 4, 400). Для апошняй формы дакладнымі адпаведнікамі з’яўляюцца ст.-в.-ням. albiʒ, elbiʒ ’тс’, ст.-ісл. ǫlptr (мн. л. elptr, alptir), для форм на ‑ǫdь балт. формы на ‑andis. Белы колер апярэння паслужыў для суаднясення і.-е. праформы *albho‑ з лац. albus ’белы’, ст.-грэч. ἀλφός ’белая пляма, высыпка на целе’ (супраць чаго Махэк₂, 316), з літ. bálti ’бялець’, ад якога ўтворана літ. balánda ’лебяда’ і balañdis ’голуб’. Генетычна роднаснае з лебяда1 (гл.). Падрабязна этымалагічную літаратуру гл. Фасмер, 2, 470–471; Слаўскі, 4, 399–401; Скок, 2, 256; Бязлай, 2, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лек, ле́кі ’лякарства’, ’лячэнне’ (Яруш., Шат., ТСБМ), лёкі ’тс’ (Касп., Шат.), укр. лік, лі́ка, рус. лека, паўдн. леко, польск. lek, leki, старое leka, в.-луж. lěk, чэш. lék, славац. liek, славен. lė́k, серб.-харв. ле̑к, lijeka, макед. лек, lʼäk, lḁkó(t), балг. лекът, ц.-слав. лѣкъ, ст.-слав. лѣчьба. Прасл. lěkъ ’лякарства’. Ад яго — дзеяслоў лячыць. Звычайна гавораць як аб запазычанні з прагерм. *lēka ’лякарства’, параўн. гоц. lekeis ’урач’, lēkinón ’лячыць, вылечваць’, ст.-англ. lÆce ’ўрач’, швед. läka ’лячыць’, ст.-в.-ням. láhhi, lāhhinān ’тс’, англ. leech ’урач’ (Бернекер, 1, 710; Брукнер, 293; Фасмер, 2, 478–9; Махэк₂, 325; Мартынаў, Лекс. взаим., 210–213 і інш.). Германскае слова запазычана, аднак, з кельц., параўн. ірл. líaig (р. скл. léga) ’урач’ (Стоўкс, 251). Слаўскі (4, 124) не выключае сувязь герм. са ст.-грэч. léγω ’збіраць, лічыць, гаварыць’ і лац. legō ’гучна прачытваць’, ’агалошваць’, што магло б мець значэнне ’замаўляць’, ’лячыць замовамі’. Агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 477–478; Скок, 2, 296; Бязлай, 2, 132; Шустар-Шэўц, 822–823; Цэйтлін, Этымалогія–75, 69. Сюды ж ле́кар ’урач, знахар’ (Касп., Шат., ТСБМ), ляка́рства, паст. лекарства ’лякарства, лячэнне’ (Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ліка́рства ’тс’ (Бяльк.), гродз. лекав́аць ’лячыць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́мег, ле́міг, ляме́г ’бервяно ў франтоне’ (Касп.), ’папярочнае бервяно ў закоце’ (Сцяшк., Бяльк., КЭС, лаг.), лемягі́, лімягі́ ’франтон’, ’зашчытак у пунях’ (лепел., ДАБМ, к. 230; Сл. паўн.-зах., Мат. Бых., Бяльк.), лямёга ’зашчытак’ (П. С.). Рус. ле́мег, лемиг, лемя́г арл. ’прасценак’, маек, ’кроквы’, смал. ’маціца’, пск. леме́га ’драбіны’, лемега́, ле́меги ’тоўстыя жэрдкі, на якія насцілаюцца дошкі ў драбінах’, ’сані для перавозкі грузаў’, польск. lemiąż, lemiąże ’жэрдкі, якія ўзмацняюць вільчык страхі’, палаб. letnąz ’кроква’, н.-луж. lenijaz, lemjaz, rjemjaz, lemʼes ’лёстка ў драбіце’, чэш. lemez ’кроква’, ’бервяно ў франтоне’, ст.-чэш. letniez ’бэлька’, славац. olemäziť(seno) ’прыціснуць (сена)’, славен. lęmez ’кроква’, ’друк, дручок’, серб.-харв. лемез, Ijemez ’жэрдка, якая прыціскае страху’. Прасл. lěmęgъ ’бэлька, дручок, якія прыціскаюць страху, сена ў возе’, зах.- і паўдн.-слав. лексемы зыходзяць з lemě-gъ+ > lěmez (у Шустара–Шэўца (11, 814) падаецца гэта форма ў выглядзе: lemędzь, lěmędzь). Мае адпаведнікі толькі ў літ. мове: liemuo, liemens ’ствол дрэва’, ’аснова’, ’тулава’ (Слаўскі, 2, 144–145; Скок, 2, 335; Бязлай, 2, 132–133). Трубачоў дае слав. праформу ў выглядзе lěmę/lěmene, выведзеную з рус. валаг. лима ’бруха’ (якое з *lěma), чарапавецк. лемена ’лішай, плямы на целе’ (Этымалогія–72, 177).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лой, лый, лаёк ’топлены авечы або ялавічны нутраны тлушч’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Вешт., Клім., ТС, Булг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’авечы тлушч’ (Гарэц., Касп., Шат., Бес.), ’ялавічны тлушч’ (Яруш., Мат. Бых.), ’свечачнае сала’ (Грыг.; паўд.-усх., КЭС), ’свіное сала’ (горац., маг., КЭС). Укр. лій, рус. лой, польск. łój, чэш. lůj, славац. loj; славен. lǫj ’лейка’, серб.-харв. ло̑ј, макед. лой, лујот, балг. лой, ц.-слав. лои. Прасл. lojь ’топлены тлушч жывёл’. Утворана ад liti ’ліць’ (як bojь ад biti і да т. п.) і першапачаткова было nomen actionis (’ліццё’), пасля перайшло ў разрад nomen acti ’тое, што льецца, топіцца’ (Слаўскі, 5, 259; Фасмер, 2, 513). Сюды ж лоевы ’тлушчавы (аб свечцы)’ (Нас., ТС), лаёвы, лаевый ’тс’ (Гарэц., Др.-Падб., Грыг., Нас.), а таксама сувалк. łoi̯ić ’біць’, якое разам з чэш. slíti se ’ўхіліцца ад абавязкаў, не прыйсці куды-небудзь’, ulít se ’сачкануць’, ulejvák ’лодыр, сачок’, балг. радоп. лойам съ ’сцерагчыся, каб не ўдарылі пры гульні ў мяч’, ’пазбягаць цяжкай працы’ і інш., дазваляюць гіпатэтычна меркаваць аб тым, што ў адыменнага прасл. lojiti было апрача значэння ’намазваць тлушчам’ (гл. Слаўскі, 5, 146–147) таксама значэнне ’ісці, хутка рухацца, пазбягаць’ (Варбот, Этимология–73, 29–31; яна ж, СБЯ, 1981, 57).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпі́ць ’ствараць фігуры з пластычнага матэрыялу’, ’будаваць, майстраваць, карыстаючыся ліпкім, вязкім матэрыялам’, ’прыклейваць, прылепліваць’, ’з сілай ісці (пра мокры снег)’, ’рабіць соты’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Анох.; пух., паст., Сл. ПЗБ), лепі́ць ’тынкаваць’ (ТС), ляпі́цца ’прыляпляцца’, ’цесна прымыкаць’, ’лезці ў цеснату’, ’прыставаць’ (Нас., ТСБМ, ТС; іўеў., паст., Сл. ПЗБ). Укр. ліпи́ти, рус. лепи́ть, польск. lepić, н.-луж. lěpiś, в.-луж. lěpić, чэш. lepiti, славац. lepiť, славен. lẹpíti, серб.-харв. lijèpiti, ле́пити, макед. лепи(се), ляпи, балг. лепя, ст.-слав. при‑лѣпити. Прасл. lepiti () — каузатыў да lьpěti > ліпе́ць2 (гл.). Другая ступень чаргавання галоснай кораня — ліпкі, ліпнуць (Слаўскі, 4, 164; Фасмер, 2, 484). Роднасныя і.-е. адпаведнікі: ст.-інд. lēpayati, iimpáti ’ён мажа’, lipyatē ’прыліпае’, lēpas ’мазь’, répas ’пляма’, ст.-грэч. λίπος ’тлушч’, літ. lìpti ’прыклейвацца’, лат. lipt ’тс’, літ. каузатыў lipýti, лат. lipinât ’прыклейваць’, алб. laparós ’запэцканы’, гоц. bilaibjan ’пакідаць’, aflifnan ’заставацца’, ст.-в.-ням. laiba ’скарынка’, тахар. lip‑ ’тс’, хецк. lip‑ ’мажу’. І.‑е. *loip‑, *lep‑ (Міклашыч, 178; Бернекер, 1, 712; Траўтман, 161; Скок, 2, 297–298; Трубачоў, Ремесл. терм. 188; Эт. сл., 14, 217–219; Бязлай, 2, 134; БЕР, 3, 365–367).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)