трыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; незак.
1. каго-што. Узяўшы ў рукі (у зубы, у рот і пад.), не даваць выпасці, вырвацца.
Т. кніжку ў руках.
Т. каня за павадок.
2. перан., каго-што. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сабе.
Атрад трымаў абарону.
Печ доўга трымае цяпло.
3. каго-што. Прымушаць знаходзіцца дзе-н., у якім-н. стане супраць волі.
Т. у палоне.
Т. на галодным пайку.
4. каго-што. Мець у сябе, у сваёй уладзе, гаспадарцы; кіраваць кім-, чым-н.
Т. дзве каровы.
Т. уладу ў сваіх руках.
5. што. Надаўшы чаму-н. якое-н. становішча, захоўваць яго некаторы час.
Т. рукі выцягнутымі ўперад.
6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Служыць апорай чаму-н.; падтрымліваць.
Бэлькі трымаюць столь.
7. што. Захоўваць дзе-н.
Т. грошы ў банку.
8. каго. Здаваць каму-н. за плату памяшканне (разм.).
Т. кватарантаў.
9. Рухацца ў якім-н. напрамку (разм.).
Трымай управа.
10. што. Мець кантакты з кім-, чым-н.
Т. сувязь з кім-н.
11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Утрымліваць, захоўвацца (пра мароз і пад.).
Лёд трымае.
Мароз трымае ўжо другі тыдзень.
12. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, здзяйсняць, выконваць тое, аб чым гаворыць назоўнік.
Т. слова.
Т. экзамен.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Су́пар ’супраціўнік, сапернік’, ’упарты чалавек’ (Нас., Байк. і Некр.), ’той, хто пярэчыць’, ’супраціўнік’ (Ласт., Адм.), су́пырь ’супроць’ (Бяльк.), сюды ж супарава́ць ’супраціўляцца, не слухацца; супернічаць’ (Нас., Стан.). Канкрэтны назоўнік, суадносны з абстрактным супо́р, гл. Укр. су́пор ’супраціўленне, неахвота’, рус. паўн. супо́р ’спрэчка, супраціўнасць, бойка’, ст.-рус. супоръ ’спрэчка’, серб.-харв. дыял. supor ’перашкода, супраціўнасць’. Прасл. *sǫporъ/‑ь < *sъ‑perti, прэфіксальнага дзеяслова ад перці (гл.) (Борысь, Prefiks., 97–98), параўн. ст.-слав. сѫпьрь, чэш. soupeř, славац. súper ’сапернік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́мнік ’помнік’ (ТСБМ). Польск. pomnik, чэш., славац. pomník ’тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад помніць (гл.), як цягнуць > цягнік (гл.). Хутчэй за ўсё, запазычана з польск. pomnik, што пашырыўся ў XIX ст. як калька з ням. Denkmal ’тс’, адсюль і чэш. pomník (Банькоўскі, 2, 694, насуперак Орлась, JP, 76, 4–5, 299–302), што, магчыма, паўплывала і на ўтварэнне рус. памятник ’тс’ (Кохман, Sprawozd. Opol. TPN, wydz. 2 В, 24, 25–27), параўн. паралельнае ужыванне ў Міцкевіча pomnik, pamiętnik, monument ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыга́рка, прыга́ркі ’падгарэлае месца на чым-небудзь печаным, смажаным, вараным (у печы, духоўцы)’ (Мік., Шат., Вешт., Жд., ТСБМ; бых., Сл. ПЗБ; Жыв. НС, ЛА, 4), прыга́рак, прыга́рок, прыга́ра ’тс’ (Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), пры́гаркі, прыга́ркі ’тс’ (лун., Шатал.; Растарг.). Аддзеяслоўны назоўнік ад прыгарэ́ць < гарэ́ць (гл.); параўн. рус. прига́рка ’падгарэлая ежа; падгарэлая скарынка бульбы, хлеба і пад.’, пск. прига́рок ’падгарэлая ежа; падгарэлыя часцінкі ў ёй’, укр. пригара, при́гарок ’падгарэлыя часткі стравы’, палес. прига́рка ’прыгарэлая плёнка на малацэ’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лаві́ць ’здабываць (рыбу, звяроў, птушак пры дапамозе прыстасаванняў)’, ’хапаць на ляту’, ’вышукваць, высочваць’, ’выбіраць зручны момант’, ’успрымаць слыхам, розумам’, ’выкрываць, абвінавачваць’ (Бяльк., Яруш., Сцяшк., ТСБМ, ТС). Утворана ад lovъ > лоў (гл.). Можна меркаваць, што форма лава́ць (гл.) больш архаічная, чым лавіць: яшчэ ў праславянскі перыяд суф. ‑aje‑ (‑ati) у дэмінутыўных дзеясловах быў выцеснены прадуктыўным ‑i‑ (‑iti) (Слаўскі, SP, 1, 46), інакш зыходны назоўнік, ад якога ўтварыўся дзеяслоў, павінен быў бы мець аснову на ‑ĭ‑ (г. зн. lovь).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асно́ва. Першапачаткова ’ніткі, што ідуць уздоўж тканіны’. Рус., укр., балг., макед. основа, серб.-харв. основ, польск. osnowa, чэш., славац., славен. osnova, ст.-рус. основа. Праслав. *o(b)snova (Трубачоў, Ремесл. терм., 113) утворана як бяссуфіксны назоўнік ад прэфіксальнага дзеяслова *o(b)sno‑vati (аснаваць), які ад снаваць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 663; Фасмер, 3, 162; БМ 61, 1, 3; Булахоўскі, Тр. ИРЯ, 1, 173. Недакладна адносіць утварэнне слова да XIX–XX стст. (Гіст. лекс., 248).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Замёт ’агароджа з тонкага бярвення, зададзенага ў шулы’ (ТСБМ). Рус. дыял. за́мёт ’тс’, укр. кіеўск., падольск. заме́т ’тс’, польск. zamiot ’тс’, балг. замет ’тс’. Ст.-рус. заме́ть (XVI ст.) ’замёт’. Гом. зямёт ’агароджа з бярвенняў’ (Янк. Мат.), відаць, у выніку асіміляцыі з > зʼ пад уздзеяннем мʼ. Ст.-рус. заметати і ст.-польск. zamiotać мелі знач. ’закідаць’ (XIV ст.), а пазней і ’зрабіць агароджу’ (XVI ст.), што можна лічыць развіццём ранейшага (агароджа > вал). Таму замёт — бязафіксны назоўнік ад дзеяслова заметати.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Збоіч ’планка для ўмацавання красён’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. збоїч ’тс’ (Грынч.) ’прылада для патаўшчэння палатна’. Аддзеяслоўны назоўнік з чаргаваннем галоснага ад збіць (sъ‑biti) ’паяднаць’; гл. біць, бой. Параўн. у Даля тлумачэнне: сбройник ’усякая прылада для шчыльнага збою, змацаванне чаго-н.’ «Варстат збіваецца збоічамі». Суф. ‑іч, як і ў некаторых іншых назвах прылад (Сцяц., Афікс. наз., 45). Параўн. збовіч ’навой; вал, па якому ідзе палатно пры тканні’ (Сл. паўн.-зах.), дзе няясна ‑в‑ і семантыка; магчыма, нейкая кантамінацыя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Змест ’тэма, сутнасць’. Укр. зміст. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова змѣщати (Сіноніма) ’умяшчаць’ ад кораня měst‑ (гл. места) з суфіксам ‑ja‑ і прэфіксам з‑ < *sъ‑. Тэрмін замацаваўся ў пачатку XX ст., у прыватнасці ў творах М. Багдановіча (1911 г.). Жаўтобрух (Мова укр. періодичної преси, 1970, 160) фіксуе ўкр. зміст у 1909 г. Не выключаны ўкр. уплыў на замацаванне ці ўтварэнне тэрміна ў бел., паколькі цяжка ўявіць незалежнасць гэтых слоў. Першаснае (магчыма, не актуалізаванае) значэнне ’тое, што змяшчаецца ў нейкай з’яве’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таўпа́ ’натоўп, тлум’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Растарг.), талпа́ ’натоўп’ (Ян.), ст.-бел. толпа ’тс’ (канец XV ст., КГС). Параўн. укр. товпа́ ’тс’, рус. толпа́ ’тс’, стараж.-рус. тълпа ’тс’, чэш., славац. tlupa ’натоўп, тлум’ (з рускай, гл. Махэк₂, 646), балг. тълпа ’натоўп’, макед. толпа ’тс’. Прасл. *tъlpa або *tьlpa, аддзеяслоўны назоўнік ад tъlpiti (гл. тоўпіць), роднасны літ. talpà ’ёмістасць, аб’ём’, лат. talpa ’памяшканне’, ст.-інд. tálpuḥ ’ложа, сядзенне’, talpã ’тс’ (Фасмер, 4, 74; ЕСУМ, 5, 588).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)