Паро́м ’плыт або пласкадоннае судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку, возера, праліў’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк.; Маш., 130; Інстр. I), поро́м ’тс’ (ТС), паромшчык. Агульнаслав.: рус. поро́м, паро́м, укр. поро́м, ст.-рус. поромъ, польск. prom, чэш., славац. prám, серб.-харв. пра̏м, балг. прам. Прасл. pormъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: ст.-ісл. farmr ’цяжар, ноша, груз’, ст.-в.-ням. farm, сяр.-в.-ням. varm ’човен, паром’, ст.-в.-ням. faran ’ехаць’, грэч. περάω ’пранікаю, праходжу’ (гл. Траўтман, 216; Фасмер, 3, 331 з літ-рай). Слав. слова не запазычана з ням. Prahm ’паром’, таму што апошняе ўзыходзіць да чэш. prám (гл. Фасмер, там жа; Махэк₂, 479).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́лена ’падол (ніжні край спадніцы)’ (нараўл., ельск., Мат. Гом.), ’ніжні край кашулі’ (Арх. Федар.), ’прыпол’ (лун., Сл. Брэс.; ТС), пе́ліна ’прыпол’ (Мат. Гом.), пелена́ ’падол, прыпол’ (ПСл). Укр. пе́лена́ ’падол кашулі; ніжні край страхі’, рус. наўг., пск. пелена́ ’сшытая полка; палотнішча’, чэш., славац. plena, славен. peleníca, pelna, plẹ́na, pleníca, pelníca, серб.-харв. ре̏лена, pelèna, макед., балг. пелена, ст.-слав. пелена. Прасл. *pelenā і pelnā, роднасныя лац. pellis < pelnis, ст.-грэч. πέλας ’скура’, ст.-в.-ням. fel ’тс’, ст.-англ. filmen ’скурка (на крайняй плоці)’, літ. plėnė̃ ’скурка, плеўка’, ст.-прус. pleynis < і.-е. *pel‑ ’покрыва, адзежа, абалонка’ (Махэк₂, 458; Аткупшчыкоў, Из истории, 134–135). Гл. таксама пеляна́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пель, пе́ля, пе́лка, пе́лька, пе́лячка ’нізіна сярод поля, звычайна круглая або авальная’ (парыц., Янк. Мат.), ’лагчына’ (жытк., Мат. Гом.); ’сажалка; балота’ (брагін., Шатал.), ’лунка’ (лельч., Нар. лекс.), ’палонка’ (Шат., ТС, Сл. ПЗБ; рэчыц., Нар. сл.; петрык., Шатал.; Ян.; Растарг., Янк. 1; Мат.; Яшк.; хойн., Мат. Гом.; З жыцця; маг., гом., ЛА, 1), ’мачулішча’ (добр., ЛА, 4), ’частка ракі, якая зімой не замерзла’ (рэч., ЛА, 2); ’невялікі прыродны вадаём — круглы ў лесе ці на полі, дзе стаіць вада’ (петрык., Шатал.; калінк., ЛА, 2). Балтызм, параўн. літ. pélkė ’балота’, ст.-прус. pelky ’багна, твань’, лат. pelce ’лужа’. Больш падрабязна гл. Талстой, Геогр., 167–169; яго ж, Этимология–1967, 145–157.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перавя́ць, смал. перевя́ть ’парваць, перацерці (пра вяроўку, ліну)’ (Этимология–1981, 72). Да пера- (гл.) і вять ’рваць, церці’, якое да прасл. *vęti < і.-е. u̯en‑ ’біць, раніць’, гоц. wunds ’раніць’, англ. wen (< прагерм. *wanja), кімр. ym‑wan ’біцца, змагацца’, карнуэлск. gwane ’праколванне’, англ.-сакс. Wenn ’пухліна’, ’гуз ад удару’ і інш. < і.-е. *u̯a‑/*u̯o‑/*u̯ə‑, параўн. лат. vâts ’рана’, літ. votìs ’адкрытая скула, нарыў’. З гэтым дзеясловам са значэннем ’рваць, церці’, рус. валаг. вя́ха ’куча, бярэмя, ноша’, а таксама ’ўдар, аплявуха, грымак, кухталь’ (семантыка ’біць’) звязваецца бел. полац. вяхотка2 (гл.) ’чарада, куча’, якое ў ЭСБМ (2, 336) падаецца з паметай “няясна” (Гарачава, Этимология–1981, 72–74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вядро́ ’вядро’. Ст.-рус. вѣдро, рус. ведро́, укр. відро́, польск. wiadro, чэш. vědro, ст.-слав. вѣдро, балг. ведро́, серб.-харв. вѐдро і г. д. Прасл. *vědro ’вядро’. Гэта слова адносіцца да і.-е. асновы на ‑r/n‑, *u̯ed‑r‑: *u̯ed‑n‑ ’вада’; гл. вада́. Гэта значыць, што першаснае значэнне слова «вядро» — ’пасуда для вады’. Да семантыкі параўн. грэч. ὑδρία ’вядро для вады’ (ὕδωρ ’вада’). Прасл. вакалізм ‑ě‑ — ступень падаўжэння. Параўн. Фасмер, 1, 283–284; Брукнер, 610 (з вельмі дзіўнай заўвагай: «tylko małorus. wedro, zamiast *widro, niezgodne w samogłosce»); Махэк₂, 681; БЕР, 1, 127. Няпэўная сувязь з літ. vė́daras ’страўнік’, ст.-інд. udáram ’бруха; чэрава, лона’ (супраць Фасмер, 1, 284).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ласось ’рыба Salmo salar L.’ (Жук., ТСБМ). Укр. ло́сось, рус. лосо́сь, польск. łosoś, н.-луж., в.-луж. łosos, чэш., славац. losos. Прасл. lososь мае не толькі паўн. і.-е. адпаведнікі (ст.-в.-ням. lahs, ст.-ісл. lax ’ласось’), але і ўсх.: ст.-прус. lasasso, літ. lãšis, lašašà, лат. lasis ’тс’. Параўн. таксама тах. B laks ’рыба’. Асец. lκsκgʼ ’ласось’ з’яўляецца спецыфічнай скіфска-еўрапейскай ізаглосай, якая не мае адпаведнікаў у індаіранскіх мовах. Да і.-е. *lak̑s ’плямісты, стракаты’, параўн. рус. ласа́ ’яркая пляма’, лат. làse ’пляма, крапіна’ (Бернекер, 1, 734; Фрэнкель, 341–342; Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 211–213; Геаргіеў, Introd., 294; Абаеў, 2, 32 з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лекаце́ць ’дрыжэць, калаціцца (аб сэрцы)’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.; чэрв., Жд. 2), драг. лёкотіты ’дрыжэць, трэсціся’ (Клім.), лякотітэ (І. Лучыц-Федарэц), кобр. люкотітэ, лекотітэ, стол. лёкотіты (Нар. лекс.), бяроз. лекотётэ (Шатал.), слонім. лекацёць ’тс’ (Нар. лекс.; гродз., Сцяшк. Сл.), ’булькатаць (аб вадзе ў страве пры яе варэнні)’ (Шат.), ’даражыць, берагчы што-небудзь’ (маст., Сл. паўн.-зах.). Беларускае. Утворана ад назоўніка *lękotъ < лęк‑ъ, як і іншыя гукапераймальныя дзеясловы з суф. ‑ot-ěti (// ‑on‑ěti). Параўнуе стукотіти, стугоніти. Развіццё семантыкі прасл. lękati ’гнуць, выгінаць, закрыўляць’ > ’згінацца, схіляцца’ > ’курчыцца, сціскацца ад страху, трывогі’ > ’баяцца’ > ’дрыжэць’ гл. Слаўскі, 4, 207. Аналагічна і.-е. *bheug‑ ’згінаць’ > літ. būgti ’трывожыцца, лякацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бальза́м (параўн. ст.-бел. балсам; Булыка, Запазыч.). Рус. бальза́м, укр. бальза́м. Новае запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Balsam (< лац. balsamum < грэч. βάλσαμον, а гэта з семіцкіх моў, гл. Клюге, 47). Гук ‑з‑ сведчыць толькі аб зах. мовах як непасрэднай крыніцы ўсх.-слав. слоў. Фасмер, 1, 119. Не пераконваюць меркаванні: Шанскі, 1, Б, 28 (супраць Фасмера; за грэч. крыніцу); Трубачоў, Дополн., 1, 119 (указвае на ст.-рус. валсамъ < грэч., але гэта не адносіцца непасрэдна да формы бальза́м). Гл. яшчэ MESz, 1, 234–235 (там і іншая літ-pa); Гютль–Ворт, For. Words, 61. Форма бальса́м (Нас.), мабыць, адлюстроўвае напісанне слова ў еўрапейскіх мовах (параўн. Брукнер, 12).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барада́. Рус., укр. борода́, польск. broda, каш. barda, broda, чэш. brada, ст.-слав. брада, балг. брада́, серб.-харв. бра́да, в.-луж., н.-луж. broda. Прасл. borda, і.-е. *bhardhā ’тс’ (вядомае толькі ў частцы і.-е. моў): прус. bordus, лат. bā̀rda, bârzda, літ. barzdà (з іншай суфіксацыяй), лац. barba, ст.-в.-ням. bart і г. д. Лічыцца ўтварэннем ад *bhar‑ ’быць вострым, рэзаць’. Бернекер, 72–73; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 196; Брукнер, 40–41; Слаўскі, 1, 43; Траўтман, 27; Махэк₂, 62. Не абгрунтаваны версіі пра запазычанне слав. слова з герм. моў (так Педарсан, IF, 5, 72). БЕР, 1, 72, выстаўляе і.-е. праформу *bhor‑dhā (ад *bher‑dh‑ рэзаць, калоць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)