хоць.

1. злуч. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў знач.: нягледзячы на тое, што.

Х. было ўжо позна, ніхто не спаў.

Х. прыпякала сонца, вада ў рэчцы была халодная.

2. злуч. уступальны (звычайна ў спалучэнні з загадным ладам або інфінітывам). Ужыв. ў пачатку даданых сказаў, у якіх выказваецца дапушчэнне, вызначаецца крайняя мяжа, ступень праяўлення чаго-н., магчымасць якога-н. выніку.

Нікога не слухае, х. ты яго забі.

3. злуч. уступальны. Ужыв. пры супастаўленні сказаў або членаў сказа з узаемным выключэннем.

Бабка х. старая, але рухавая.

4. злуч. супраціўны. Указвае на абмежаванасць таго, аб чым гаворыцца; па знач. набліжаецца да злучнікаў «аднак», «але», «між тым».

Купіў, х. непатрэбна.

5. часц. ўзмацн.-вылуч. Ужыв. ў знач.: самае меншае, ва ўсякім выпадку.

Раскажы х. коратка пра сябе.

6. часц. ўзмацн.-абмежавальная (звычайна ў спалучэні з часціцай «бы»). Ужыв. ў знач.: нічога больш, акрамя гэтага, усяго толькі.

Х. бы крыху пацяплела.

Х. бы раз глянуць на яе.

7. часц. ўзмацн. Ужыв. ў знач.: нават, няхай нават.

Я х. заўтра гатова ў дарогу.

8. часц. вылуч. Ужыв. ў знач.: напрыклад.

Калі ты х. вернешся?

9. часц. ўзмацн. (у спалучэнні з неазначальным займеннікам і прыслоўем). Ужыв. ў азначальным знач.: любы, усякі, у любое месца, у любы час.

Я цяпер х. што з’ем.

Ён цяпер х. куды паедзе.

Хоць бы і так — няма нічога дрэннага ў чым-н.

Хоць бы што каму (разм.) — ніяк не рэагуе, не звяртае ўвагі на каго-, што-н.

Хоць куды, у знач. вык. (разм.) — вельмі добры, выдатны ва ўсіх адносінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. і чаго. Паддзеўшы чым‑н., зачапіць, захапіць. Падчапіць бусаком бервяно. □ Стась узлез на лодку, стаў на карму і асцярожна, узяўшы лёгкае вясло, падчапіў ім расліну пад самае карэнне. Дубоўка. Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі. Караткевіч.

2. Разм. Прычапіць звычайна ў дадатак да чаго‑н.; узяць на буксір. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Лынькоў. Буксір падчапіў за карму наш вялізны белы цеплаход. Сіпакоў. // Начапіць, прычапіць да чаго‑н. Падчапіць на слупы тэлефонны провад.

3. перан.; і чаго. Разм. Набыць, атрымаць; нажыць. Дык, кажуць людзі, вяселле хутка згуляем. Ой, хітрыя гэтыя Маўчуны! Такую нявестку хочуць падчапіць! Шамякін. Пачатак восені выдаўся золкі, і, каб не вялікае жаданне падчапіць шчупака, я і не падумаў бы, на ноч гледзячы, выбірацца з хаты. Кандрусевіч. [Баласпай:] — З такімі сябрамі, як у цябе, не штука і ліхаманку падчапіць. Беразняк.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, паставіўшы ў няёмкае, смешнае становішча. Пасварыліся.. [суседзі] летась.. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца. Каршукоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасто́ра, ‑ы, ж.

1. Неабмежаваная працягласць (ва ўсіх вымярэннях, напрамках). Бязмежная прастора. Паветраная прастора. // Спец. Адна з асноўных усеагульных аб’ектыўных форм існавання матэрыі, якая характарызуецца працягласцю і аб’ёмам. Асноўныя формы ўсякага быцця ёсць прастора і час; быццё па-за часам ёсць такая ж найвялікшая бяссэнсіца, як быццё па-за прасторай. Энгельс.

2. Свабодны прамежак паміж чым‑н. Калі круг рытма іх танца канчаўся і пачынаўся нанова, .. [падлеткі] былі ўжо ў іншым месцы, наколькі дазваляла прастора пакоя. Чорны. Ён [Вінцэсь] бы будаваў так, каб была прастора, многа паветра, каб вока цешылася. Мікуліч.

3. Вялікі ўчастак зямной або воднай паверхні. Навокал — неабсяжная прастора пад бяздоннай веліччу неба. Брыль. Над туманнай воднай прасторай таксама вісяць зоркі, не такія, праўда, яркія, як над гарамі, што відаць праз чыстае горнае паветра. Дуброўскі.

4. перан. Тое, што і прастор (у 2 знач.). Новая .. работа на курганах яму [Варонічу] вельмі па сэрцу: прастора, цішыня, а самае важнае — ніхто не перашкаджае... Ракітны. Я паклічу цябе ў свет прыгожае казкі, Дзе прастора для мар і задумам ёсць шыр. Чарнушэвіч.

•••

Мёртвая прастора — прастора, якая не прастрэльваецца франтавым агнём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыдушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак.

1. каго. Пазбавіўшы магчымасці дыхаць, выклікаць чыю‑н. смерць; задушыць. Уначы [Вуйскі] прыдушыў .. фашыста і, забраўшы ўсе дакументы, выехаў на яго машыне. Шамякін. Браток абяцаў памагчы сваёй далёкай сваячцы, а як сцямнела, заманіў на выган і прыдушыў яе. Асіпенка.

2. каго. Прыціснуўшы, забіць каго‑н. або нанесці траўму, пашкоджанне каму‑н. Урэшце ўсё гэта надакучыла ільву, і ён прыдушыў дзіцянё сваёй цяжкай лапай. Маўр. Некалькі з іх [бярвёнаў] абвалілася, прыдушыўшы тэлефаніста. Мележ. / у безас. ужыв. — Браткі, таварышы! — закрычаў Чыжык. — Прыдушыла! Ратуйце! Лупсякоў. // Прыціснуўшы, сціснуўшы, задушыць (насякомае). На потную нагу сеў авадзень. Пані халатам прыдушыла яго. Бажко.

3. перан.; каго. Давесці да стану прыгнечанасці; падзейнічаць прыгнятальна. Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла .. [Рыбака]. Быкаў.

4. перан.; што. Не даць магчымасці праявіцца, развіцца (з’яве, пачуццю, адчуванню і пад.). Прыдушыць смех. □ У мяне і ў самога слёзы падпіралі пад самае горла, але я іх прыдушыў у сабе і сказаў як мага спакайней: — Не трэба, мама, плакаць. Сабаленка. Неўтаймоўную дзіцячую фантазію [Генькі] не прыдушыла жалезная пята вайны. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патае́мны, ‑ая, ‑ае.

Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. ‑едзь; зак., каго-што.

1. Праехаць вакол каго‑, чаго‑н. Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу аб’ехаў, аж за галаву ўзяўся. Колас.

2. Праехаць збоку, абмінаючы каго‑, што‑н. Аб’ехаць камень. □ Спярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай. Гартны.

3. Едучы, пабыць усюды, у многіх месцах. Ад самае Волгі Да сівых Карпат — Паўсвета на ганку Аб’ехаў мой брат. Астрэйка. Калгасаў ці мала Аб’ехаў араты, Чаму ж так удала Патрапіў у сваты. Куляшоў.

4. Апусціцца, з’ехаць уніз. Як толькі ўбачыў [Іван], што з акон шугае полымя, так і аб’ехаў на зямлю. Дуброўскі. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы. Мележ. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. На дзіва ўсім, нахілілася і аб’ехала падкапаная гара. Бажко.

5. перан. Схуднець.

•••

На лапці не аб’ехаць — не так проста і лёгка абвесці каго‑н.

Свет аб’ехаць — пабыць усюды, у розных месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кампа́нія 1, ‑і, ж.

1. Група асоб, звычайна блізка знаёмых, якія разам праводзяць вольны час. Усёй кампаніяй хлопцы і дзяўчаты рушылі на Румавую вуліцу і выйшлі на бераг Нёмана. С. Александровіч. Да зімы кампанія наша спакваля разбрылася па свеце: хто пайшоў на фронт, хто на вучобу, каго перавялі ў іншы раён. Брыль.

2. Капіталістычнае прамысловае або гандлёвае таварыства, якое аб’ядноўвае прадпрыемцаў. Акцыянерная кампанія. Параходная кампанія. Чыгуначная кампанія. // У назве такога таварыства — абазначэнне яго членаў (на пісьме скарочана К°), якое далучаецца да прозвішча афіцыйнага кіраўніка.

•••

За кампанію — разам з другімі, толькі таму, што тое самае робяць іншыя.

Не кампанія каму хто — не падыходзіць каму‑н. як сябра, прыяцель.

Цёплая кампанія — цесна звязаная група людзей, што сумесна праводзяць час за якім‑н. непахвальным заняткам.

кампа́нія 2, ‑і, ж.

1. Сукупнасць ваенных аперацый, аб’яднаных агульнай стратэгічнай мэтай; ваенны паход. Крымская кампанія. Японская кампанія.

2. Перыяд знаходжання карабля ў плаванні. Летняя марская кампанія.

3. Сукупнасць мерапрыемстваў для ажыццяўлення якой‑н. важнай грамадска-палітычнай або гаспадарчай задачы. Выбарчая кампанія. Страхавая кампанія. Пасяўная кампанія. Разгарнуць кампанію.

[Фр. campagne.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кут, ‑а, М куце, м.

1. Месца, дзе сыходзяцца ўнутраныя бакі прадмета; частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі. Хадзіць з кута ў кут. □ Валерый ужо сам звярнуў увагу на фатаграфіі, што займалі ўвесь кут і яшчэ далей разбягаліся па сцяне. Б. Стральцоў. // Самае пачэснае месца за сталом на покуці. Сівой барадзе Месца на куце. Лось. — Кут дарагому госцю, — гаварыў [поп] ужо ў пакоі і піхаў сілком Шклярскага на кут за сталом. Галавач.

2. Частка пакоя, якая здаецца ў наймы. Заўсёды ў .. [Альбіны Сільвестраўны] жыла дзяўчына або дзве, спалі на адным ложку. І выбірала сабе яна пераважна студэнтак. Цяпер гэты кут пуставаў. Ракітны.

3. Жыллё, прыстанак, месца жыхарства (звычайна ў спалучэннях «свой кут», «мець кут» і пад.). І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.

4. перан. Мясцовасць, звычайна глухая, далёкая. Глухі кут. □ — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут Сядзець. Маўр.

•••

Мядзведжы кут (куток) — пра аддаленае, маланаселенае, глухое месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дурны́, а́я, ‑о́е.

1. Разумова абмежаваны, тупы; неразумны. Дурная галава. □ Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурны. Якімовіч. // Наіўны, неспрактыкаваны, нездагадлівы. Лявон важна сказаў: — Дурныя вы, могілкі — самае бяспечнае месца. Асіпенка. // Які выражае разумовую абмежаванасць, сведчыць аб дурасці. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты дурны забабон. Бядуля. // Выпадковы, беспадстаўны. Дурны смех.

2. у знач. наз. дурны́, о́га, м. Тое, што і дурань. Дурному закон не пісан. Прыказка.

3. Варты асуджэння; дрэнны, непрыемны. [Караневіч:] Была адна дурная гісторыя, пра якую мне не хочацца гаварыць. Крапіва. — Я гэта табе кажу для таго, каб ты зразумела мяне і не дакарала за мой дурны і недаравальны ўчынак. Лобан. / у знач. наз. дурно́е, о́га, н. Дурное лезе ў галаву.

4. Цяжкі, благі. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.

•••

Дурны як бот; дурны як баран — пра разумова адсталага чалавека.

Дурным голасам гл. голас.

З дурнога розуму гл. розум.

Няма дурных! гл. няма.

Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уця́ць 1, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., каго-што.

1. Абл. Ударыць, стукнуць. Уцяць папружкай. □ Іван.. узяўся абмацваць капцы, каб знайсці месца, адкуль бралі бульбу, і раптам наткнуўся на амаль поўны мяшок. — Хто б гэта мог?.. Іван ад злосці ўцяў мяшок нагой. Дуброўскі.

2. Абл. Укусіць, уджаліць (пра насякомых). На беразе раззыкаліся авадні.. Яны так і наровяць, каб уцяць. Якімовіч. А вось плоскі шэры сляпень, — той спадцішка мог падкрасціся і ўцяць балюча нават праз кашулю. Грамовіч. / у перан. ужыв. Гэты напамінак уцяў Прахора ў самае балючае месца. Зарэцкі.

3. і без дап. Разм. Пачаць іграць на якім‑н. музычным інструменце. У хаце ўцялі музыкі, ігралі кракавяк. Гурскі.

•••

Ні ўцяць ні ўзяць — а) не падступіцца; б) пуста, нічога няма.

уця́ць 2, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., што.

Разм.

1. Укараціць, адсякаючы, адразаючы частку чаго‑н. Уцяць канец вяроўкі.

2. Уцягнуць, увабраць унутр (пра галаву, шыю і пад.). Сведка палахліва азірнуўся і, нібы чакаючы ўдару, уцяў галаву ў плечы. Лынькоў. Гаркуну і языком павярнуць не было як. Ён уцяў галаву ў плечы і, згорбіўшыся, сядзеў на лаўцы. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)