кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ражо́н ’завостраны кій’ (ТСБМ), ’вострая палка’ (іўеў., воран., паст., трак., Сл. ПЗБ), ’кол’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’дзяржанне’ (слонім, Сл. ПЗБ), ’стрэмка’ (паст., астрав., смарг., ігн., швянч., Сл. ПЗБ), ’стрыжань пяра птушкі’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), ’шост’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ’сцябло’ (пух., воран., Сл. ПЗБ), ’галлё, палка’ (Сцяшк., Нар. Гом., Др.-Падб., Янк. 2), ’палка, на якую набіваюць жалезную частку вілаў’ (Выг.), ’драўляны пруток, на якім смажаць сала’ (Нар. словатв.), рожо́н ’завостраны кіёк’ (ТС), ро́жан ’тс’ (Мат. Гом.), ражэ́нь ’тс’ (Юрч. СНЛ), рожно́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Сюды ж ражэ́ннік ’ламачча’ (Юрч. СНЛ). Рус. рожо́н, ’кол, вострая жэрдка’, рожны́ ’вілы для гною’, укр. роже́н ’ражон’, польск. rożen, в.-луж. rožeń, н.-луж. rožeń, rožon, чэш. rožeň, славац. ražež, славен. ráženj, серб.-харв. ра́жањ ’ражон’, балг. ръже́н ’качарга, ражон’, ц.-слав. ражьнъ, раждьнъ ’кол’. Прасл. *oržьnь/ь, параўн. літ. rãžas ’сухі прут, сцябло’. Калі лічыць утварэннем ад рог1 (Махэк₂, 521–522), тады незразумелымі застаюцца формы на ра‑, якія дазваляюць дапускаць паходжанне з *oržьn‑ або *orzni̯o‑ (Фасмер, 3, 493; Брукнер, 466; Бязлай, 3, 161). Але гэтая версія таксама недастаткова матываваная. З іншага боку, ставіцца пытанне аб паходжанні ад *razъ, *raziti і збліжэнні з *rogъ (Брант, РФВ 23, 100). Непераканальным падаецца параўнанне з грэч. όρχατος ’агароджа’, όρχάς ’плот’ (Лёвенталь, AfslPh, 37, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ды ’два вядры, звычайна з вадой (на каромысле)’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Варл., Шатал.), суда́ ’посуд’ (Сл. рэг. лекс.), суды́, су́дны ’пара вёдзер’ (Касп., Барад.), зборн. су́дзя ’посуд’ (Скарбы; гродз., ЖНС), ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ; З нар. сл.), памянш. су́дца ’адно вядро’ (лаг., Жд. 2). Укр. суди́на ’пасудзіна’, рус. дыял. суд ’посуд’, суды́ ’два вядры’, сос́уд, пасу́да, ст.-рус. судъ, ст.-польск. sǫd ’пасудзіна’, в.-луж., н.-луж. sud ’бочка, чан’, чэш., славац. sud ’бочка’, серб.-харв. суд, славен. sọ̑d ’пасудзіна’, балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’пасудзіна’. Прасл. *sǫdъ, этымалагічна тое ж, што і суд (гл.): з прыст. *som‑ і коранем ‑d‑, які да і.-е. *dhē‑ ’ставіць, класці, садзіць’ (гл. дзеяць); параўн. літ. ìndas ’сасуд’, гл. Фасмер, 3, 794; Брукнер, 483; ESJSt, 14, 862. Шустар-Шэўц (1375), следам за Махэкам₂ (591), мяркуе, што гэта назва адносіцца да часу, калі яшчэ не ўжываўся ганчарны круг, а посуд “складвалі” або склейвалі з лазы ці гліны, што адлюстравалася ў чэш. sudy ’цотны’, славен. sod ’тс’, soda ’пара’ (літаральна ’складзены з двух’ або ’складзены ўдвая’), параўн. ст.-інд. samdha‑ ’злучаны, аб’яднаны’, гл. Сной₂, 679. Адсюль і значэнне ’пара вёдзер’ або ’вёдры на каромысле’.

Суды́ ’сюды’ (Мат. Маг.), судэ́мі ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Гл. сюды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кій1 ’прамая тонкая палка’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сержп., Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Янк. I, Др.-Падб., Гарэц., Мал., Чуд., Булг.), ’палка для замацавання задняга навоя’ (Нар. сл.). Укр. кий, рус. кий ’тс’, балг. кий ’друк’, серб.-харв. ки̏јак ’тс’, киј ’молат баявы’, славен. kȋj ’тс’, ’драўляны молат’, польск. kij ’друк’, чэш. kyj ’тс’, славац. kyj, в.-луж. kij ’тс’, н.-луж. kij ’жалезны молат’. Значэнне, зафіксаванае ў рус.-царк., серб., харв., славен., н.-луж., старажытнае, аб чым сведчаць дакладныя паралелі: ст.-прус. cogis ’молат’, літ. kū́jis ’молат каваля’ (параўн. Мартынаў, Дерив., 22; Скок, 2, 78; Тапароў, K–L, 238–240). Трубачоў (Ремесл. терм., 350–352), спасылаючыся на прадуктыўнасць літоўскай мадэлі kautikūjis, бачыць у літоўскай паралелі інавацыю. Падрабязныя довады супраць гэтага гл. Тапароў, K–L, 240, які асаблівую ўвагу звяртае на прускую паралель. Да таго ж рэліктавасць значэння ’молат’ у славянскіх мовах тлумачыцца тым, што ў гэтым значэнні ў большасці дыялектаў стала выступаць прасл. moltъ італійскага паходжання (параўн. лац. malleus < *malteus) (Мартынаў, Балт.-слав.-італ., 28; Яго ж, Язык, 75). Такім чынам, няма падстаў разглядаць «некавальскія» значэнні славянскіх слоў як старажытныя, тым больш што значэнне ’молат’ захоўваецца якраз на перыферыі славянскага арэала. Гэта дае падставу меркаваць аб балтаславянскай інавацыі.

Кій2 ’пачатак кукурузы’ (Жд. 2). Гл. кійкі, кіёўкі, кій1.

Кій3 — гукапераймальнае (аб курыцы) (ЭШ, рук.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаба́ны ’абутак на драўлянай падэшве’ (Сержп. Грам., Сцяшк.). Рус. валаг. колобан ’прадаўгаваты ячменны хлябок з завостранымі канцамі (у форме лодкі)’. Звяртае на сябе ўвагу падабенства формы, параўн. яшчэ рус. іркуц. (з запісаў Равінскага) колобан ’горка або сопка выцягнутай, мысападобнай формы’. Не выключана, што некалькі праясняе справу рус. дыял. колобашка, якое, як і колобан, суадносіцца з колоб, аднак, адзначае яшчэ і валаг. ’драўляная міска, чашка’, ’груба зробленая міска і інш.’, ’маленькая драўляная пасудзіна’, пск. ’невялікая драўляная дошчачка авальнай формы ў рыбалоўнай снасці’ і інш. Семантыка, аднак, далёкая; апрача таго, ці можна тут меркаваць аб нейкай суаднесенасці назвы абутку і назвы булачкі (параўн. празрысты перанос з назвы абутку на блін: рус. дыял. лапоть ’лапаць’ і ’тоўсты блін’), або больш перспектыўна суадносіць бел. семему з рус. ’невялікая драўляная дошчачка…’, для колобашка параўн. рус. варонеж., уладз., калуж. і інш. колодка ’драўляная дошчачка/падэшва, якая прымацоўваецца да лапцей у час дажджу’, ніжнегар. колодки ’абцасы’ і інш. Калі сканцэнтраваць увагу на такіх значэннях рус. слоў (дэрыватаў ад колоб або ад асновы колб‑, збліжаных з папярэднімі), як у пск. колобашка ’корань, які застаецца пасля абпальвання дрэва і ідзе на дровы’, ’абрубак дрэва, цурбан’ і пад., можна думаць і аб пераносе падобнай назвы на грубы драўляны абутак. Надзейнасць як апошняга, так і папярэдніх меркаванняў невялікая па прычыне таго, што першаснай лексемы ў бел. мове не зафіксавана. Параўн. яшчэ калабок (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кало́на, ‑ы, ж.

1. Частка архітэктурнага збудавання ў выглядзе высокага слупа, якая з’яўляецца апорай франтонаў, унутраных частак будынка. Нават не агледзеўшы вестыбюля з прыгожымі мармуровымі калонамі, .. [Міхайлаў] першы пачаў падымацца па шырокай засланай.. дарожкай лесвіцы. Карпаў. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам, пахіліліся ўперад. Пестрак. // Помнік у выглядзе слупа, збудаваны ў памяць якога‑н. здарэння. Калона Траяна. Аляксандраўская калона.

2. У вайсковай справе — строй, глыбіня якога большая за яго шырыню або роўная ёй; такі парадак пастраення войск, пры якім падраздзяленні знаходзяцца або рухаюцца адно за адным на пэўнай дыстанцыі. Паходная калона. □ Мерна пакалыхваючыся, ідзе калона салдат. Данілевіч. Перад вачыма Рудчанкі прамільгнулі тыя, хто ішоў у тую ноч у штурмавой калоне. Сіўцоў. // Шэраг суднаў, якія ідуць адно за адным. // Група асоб або машын, трактароў і інш., якія рухаюцца выцягнутай лініяй, рад за радам. Калоны дэманстрантаў. □ У выхадныя ж дні ў страі, калонамі, з кіркамі і рыдлёўкамі [рабочыя] накіроўваліся на разборку руін і расчыстку пляцовак. Карпаў. Калоны грузавікоў ішлі і ішлі з блізкіх і далёкіх чыгуначных станцый. Хадкевіч.

3. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі.

4. Назва апаратаў цыліндрычнай формы.

•••

Кільватэрная калона — рад суднаў, якія ідуць адно за другім у кільватэры.

Трактарная калона — група трактароў, якая выконвае агульнае вытворчае заданне.

Пятая калона — сукупнасць асоб, якія займаюцца антыдзяржаўнай, падрыўной дзейнасцю ўнутры краіны і знаходзяцца на ўтрыманні варожых дзяржаў (першапачаткова — аб контррэвалюцыйнай групе, якая дзейнічала ў тыле іспанскай рэспублікі ў 1936–1939 гг.).

[Фр. collonne.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыкла́ддраўляны або каменны помнік на магіле; абчасаная гранямі калода’ (Зянк., Байк. і Некр., Сцяшк.), пры́кла́д, пры́кла́т ’тс’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), пры́клады ’надмагільная пліта’ (Мат. Маг.), параўн. словазлучэнне з рэдкім адсубстантыўным дзеясловам: прыкла́дваць чалавека ’ўстанаўліваць надмагільны помнік’ (лях., Сл. ПЗБ), таксама прыкла́дзіны ’абкладанне магілы драўляным зрубам; чатырохвугольная дошка, якую кладуць на магілу; памінальны абед (таксама і з прычыны абкладання магілы прыкла́дзінамі)’ (Дзмітр., Крачк., Нас.), ’старадаўні звычай — абед як памяць па нябожчыку’ (Янк. 2), прыкла́дзіны, прыкла́дзены ’ўпарадкаванне (магілкі)’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з іншай (сумежнай) семантыкай: прыкла́д, прыкла́дзіна, пры́кла́днік ’казёл на вільчыку’ (ТС), прыкла́дзіна ’стрэшка над стажком’ (ветк., ЛА, 2), прыкла́дзіна ’мянушка’ (Жд.), толькі мн. л. прыкла́дзіны ’(зямельныя) прырэзкі’ (віл., Сл. ПЗБ), мн. л. пры́кладні ’раскіданыя ў беспарадку, зваленыя ў кучу рэчы’ (ветк., Растарг.); прыкла́жа ’прыбаўленне, прыбаўка да паклажы’ (Нас.). Утварэнне ад прыклада́ць, гл. класці.

Пры́клад, рэдка прыкла́д ’канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння; узор для пераймання’ (Шпіл., Нас., Гарэц., ТСБМ). Паводле Кюнэ (Poln., 89), запазычана з польск. przykład, паводле Банькоўскага (2, 937), першапачаткова тэрмін цяслярства (пра прадмет для ўзору, які прыкладаўся да матэрыялу); ст.-бел. приклад ’узор, прыклад’, якое працягвае прасл. *prikladъ (Копечны, Zákl. zásoba, 291), параўн. і ст.-слав. прикладъ ’сімвал, эмблема, знак’, або запазычана з чэш. přiklad ’тс’. Вытворныя кшталту напры́клад (гл.), прыкла́дам ’напрыклад’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.) узніклі пазней на ўласнай глебе як еўрапейскія калькі, параўн. франц. parexemple, ням. zum Beispiel, рус. например ’тс’. Гл. наступнае слова, а таксама Фасмер, 3, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцябло́ ’надземная частка травяністай расліны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Арх. Вяр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’жэрдка, вакол якой кладуць стог’ (свісл., Шатал.), ’шасток каля печы для вешання адзежы’ (Чач.), ’журавель’ (беласт., Сл. ПЗБ; маст., дзятл., ДАБМ, камент., 810), ’рыбалоўная прылада’ (Ян.), сцебло́ ’ствол расліны, дрэва’, ’ручка веніка’ (ТС), сця́бла ’выдаўбаны з дрэва жолаб для складвання сетак’ (Браім, Рыбалоўства), сцябе́ль ’сцябло’ (Бяльк., Сцяшк.), сце́бель ’ручка ў вясле’ (ТС), стэбло́ ’дышаль у плуга’ (Тарн.), стэбэлі́на ’сцябло’ (бяроз., Шатал.). Укр. сте́бель, стебло́ ’сцябло’, стябло́драўляны коўш’, ’дошка для складвання сетак’, ’сплеценая з чароту талерка’, рус. сте́бель, стебло́ ’дзяржанне; сцябло, ствол’, стараж.-рус. стьбло, стьбль, польск. ździeblo, źdźblo, в.-луж. stwjelco, н.-луж. spłо, дыял. zbło, палаб. ståblü, чэш., славац. stéblo, серб.-харв. ста́бло, ста̀бљика ’сцябло’, славен. stebə́l, stéblọ ’сцябло; ствол’, балг. стебло́, стъбло́ ’тс’, макед. стебло ’тс’. Прасл. *stьblo, *stьblь роднаснае літ. stìbis “membrum virile”, лат. stiba ’палка, галінка’, ст.-інд. stíbhis ’пучок, звязка’; з іншай ступенню вакалізма: літ. stiebas ’стоўб, ствол, сцябло’, stibýna ’з доўгімі нагамі’, лац. tībia ’галёнка’ (без s‑mobile), грэч. στιφός ’моцны’ да і.-е. базы *steb(h)‑, *stib(h)‑; гл. Траўтман, 287; Мее, 419; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1064; Буга, РФВ, 75, 148; Шустар-Шэўц, 1372–1373; Скок, 3, 323; ЕСУМ, 5, 404–405; Фасмер, 3, 750. Бязлай (3, 314) разглядае слова як субстантываваны прым. ад незасведчанага дзеяслова *stьbe/o‑ = лат. stibi, stíebu ’адурманіць, ап’яніць’, і, далей, літ. stỹbti ’стаць, вырасці ў вышыню’. Гл. яшчэ Борысь, 748–749.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

часа́ць 1, чашу, чэшаш, чэша; незак.

1. што. Распраўляць, прыгладжваць валасы пры дапамозе грэбеня; прыводзіць у парадак валасы. Часаць валасы. □ Каса ж мая, косачка, каса русая, Часала я косачку дзевятнаццаць год, Прайграла я косачку ў адзін вечарок. З нар.

2. што. Ачышчаць лён, пяньку ад кастрыцы пры дапамозе грэбеня. Часаць лён. □ Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Чыгрынаў. // Расчэсваць воўну на ваўначосцы. Не толькі з Багульнікаў, а і з суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

3. Разм. Энергічна, старанна рабіць што‑н. (звычайна бегчы, танцаваць і пад.). У доўгай зрэбнай кашулі, без шапкі, .. [дзядуля] бойка чэша басанож па асфальце, прыстуквае кіёчкам, і вецер варушыць яго белыя касмылі. Ракітны. Гарэзна пляскаючы ў ладкі, Дзяўчына лёгка стан нясе, А хлопец чэша ўпрысядкі, Ваўчком крутнуўся на назе. Гаўрусёў. // Бойка гаварыць. «Бач, як чэша, быццам акадэміі прайшоў», — здзіўлена падумаў Аляксей. Новікаў.

4. перан.; што. Пільна абшукваць або прастрэльваць якую‑н. мясцовасць; прачэсваць. — Б’юць наўздагад. Лес «чэшуць», — прыслухаўшыся, абвясціў Крамнёў. Шашкоў.

•••

Часаць язык (языком, языкі, зубы) — пляткарыць, балбатаць.

часа́ць 2, чашу, чэшаш, чэша; незак., што.

1. і без дап. Секучы ўздоўж, здымаць паверхневы слой дрэва або каменя, каб выраўнаваць або надаць патрэбную форму. Часаць бярвенне. □ Ля кузні былі відаць белыя стужкі — там удзень Падбярэцкі часаў клён на абады. Пташнікаў. Будаўнічая брыгада — Габлюе, Чэша, Крые дах, Даводзіць вокны, Столь да ладу. Корбан.

2. што. Вырабляць з дрэва, каменя, апрацоўваючы такім чынам; вычэсваць. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас.

•••

Хоць кол на галаве чашы каму — пра ўпартага, няўступчывага чалавека, які стаіць на сваім, не паддаецца ўгаворам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)