Буня́к ’пухір на целе’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 85). Арашонкава і інш., там жа, з няпэўнасцю параўноўваюць з укр. буня́к ’чмель’, бу́нька ’пасудзіна з гліны’, літ. bùngti ’павялічвацца, рабіцца моцным’. Параўнанне з буня́к ’чмель’ магчымае, і буня́к ’пухір’ можа быць гукапераймальным (гл. бунава́ць; як паралель параўн. бульбата́цьбу́льбатка ’бурбалка’). Але не выключаецца і паходжанне ад бу́нька (гл.) ’бочачка, збанок’. Параўн. розныя значэнні слова ба́нька ’пасудзіна’. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бура́к (БРС, Шат., Нас., Сцяшк., Кіс., Гарэц., Бесар.). Рус. бура́к, укр. буря́к, бура́к, чэш. burák, польск. burak (borak). Відавочна, ад назвы колеру буры (гл.). Так Слаўскі, 50. Іншая версія выводзіць назву бурака з с.-лац. borāgo, італ. borragine (але гэтыя словы маюць іншае значэнне; Бернекер, 72; Брукнер, 49; Фасмер, 1, 243; Рудніцкі, 268). Магчымы ўплыў польскай мовы на ўсх.-слав. (Слаўскі, там жа; Булыка, Запазыч., 52). Зусім іначай Махэк₂, 77 (< buryňa, burgyňa ’бургундскі бурак’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бяро́зка ’расліна бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’ (Кіс.). Рус. берёзка, укр. бере́зка, бері́зка ’тс’. Да бяро́за (гл.): лісточкі бярозкі могуць нагадваць лісточкі некаторых відаў маладой бярозы. Але не выключаецца, што тут маем назву ад кораня са значэннем ’плясці, аплятаць’: *bеrezъka (усх.-слав.) < *berz‑ ’аплятаць’ < *ob‑verz‑ (дэкампазіцыя) да слав. *verz‑: *vьrz‑ ’вязаць, плясці’. Так Краўчук, Белар. лекс., 85. З фанетычных меркаванняў не пераконвае Мельнічук, Мовознавство, 1962, № 2, 21 (дэфармацыя назваў тыпу берлозга́).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вале́й ’пажаданы’ (Яруш.); ’лепей’ (КЭС, Гарэц., Шн.). Узыходзіць да польск. woleć ’аддаваць перавагу, жадаць, хацець’, але семантычна з’яўляецца ўласнабеларускім утварэннем, на што ўказвае Брукнер (630), адзначаючы, што слова сустракаецца ў пісьменнікаў з Беларусі (Ходзька, Сыракомля). Параўн., аднак, рус. вале́й, воле́й ’лепей’. Укр. воліти, волити ’жадаць, хацець’, волісь, воліся ’лепей, пажаданей’. Магчыма, таксама, што валей непасрэдна ад воля, як рус. параўнальная ступень воре́й па якаснаму значэнню назоўніка вор. Словаўтваральная і семантычная паралель: рус. охотней (< *охотный) < хотеть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вужо́ўнік ’расліна, Ophioglossum L.’ (БРС, Кіс.); ’вераніка шчытковая, Veronica scutellata’ (Касп.). Рус. ужо́вник ’тс’. Ад вуж. Назва ўтворана на базе перакладу грэч. назвы: ophis ’змяя’, glossa ’язык’ (Аненкаў, 232). Параўн. серб. гадји језик, змијски језик, ням. Natterzunge (Сіманавіч, 325). Але не выключана і самастойнае ўтварэнне на слав. глебе ад вуж(овы), таму што расліна ўжываецца пры ўкусе змей (параўн. вужака ’змяя’). Семантычная мадэль ’назва хваробы’ — ’назва лекавай расліны’ сустракаецца даволі часта; гл. вогнік2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Авяру́шкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II) да вавярушкі ад вавёрка (параўн. назву грыба: лісічкі). Аднак больш верагодна, балтызм, тады з літ. voveruškà грыб Cantharellus’ (Чэкман, вусн. паведамл.). Параўн. вавярушкі, гаварушкі (гл.), літ. voveruškà ў сваю чаргу ад voverė̃, vėverìs ’вавёрка’. Назва вавёркі балта-славянская (Фрэнкель, 1233–1234), але назва грыба абмежавана вузкім арэалам, а яе суфіксацыя не адпавядае балтыйскай як спрадвечна роднасная (мы б чакалі ‑ъšьka: *авярошка, *вавярошка). Усё гэта сведчыць у карысць запазычання з літоўскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адо́лець ’асіліць’ (Шат.), адалець ’тс’ (Яруш.), ст.-рус. одолѣти, ст.-чэш. odolati, ст.-слав. одолѣти, серб.-харв. одо̀љети, славен. odoleti ’тс’ да дол (гл.). Не трэба змешваць са здолець, здольны (гл.) (< доля). Апошняя група лексем толькі беларуска-ўкраінска-польская (гл. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 26). Гэтыя дзве групы традыцыйна ўзводзяць да адной. Бернекер (1, 206) праз рус. одолить ’выдзеліць’ намагаецца іх звязаць, але не пераканаўча. Ст.-бел. одолѣти ’задаволіць’ (1595) (Нас. гіст.), магчыма, вынік семантычнай кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анагды́сь, ана́дысь, анагдай, анодысь, анада́сь, ано́гды, анадо́е ’пазаўчора, гэтымі днямі’ (Яруш., Шпіл., Касп., Жд., Бяльк.). Гэтыя прыслоўі ўтвораны з займеннікавага элемента *он‑ (*оно‑) ’той’, каранёвага элемента ‑(г)д‑, які мае часавае значэнне, элемента канчатка, што цяпер успрымаецца (як, дарэчы, і ‑гд‑) як суфіксальны элемент (гл. Шуба, Прыслоўе, 60), часціцы -сь. Сюды ж паводле першых дзвюх частак адносіцца і анагдо́вень, анагдо́вінь ’тс’ (Касп.), але апошняя частка гэтых прыслоўяў няясная, магчыма, ад займенніка овъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арыфме́тыка. Сучасная форма з 1933 г. (Шакун, Гісторыя, 292) пад рускім уплывам. Ст.-бел. аритметика з 1517 (Гіст. лекс., 125, 213; Гіст. мовы, 1, 146; Хрэст. гіст., 1, 107) (у польскай з 1564). Старабеларускае слова хутчэй з лац. arithmetika ’тс’. Але ўжо ў Бярынды ариѳметика. Гэта форма, адлюстраваная і ў сучаснай рус. арифметика, — запазычанне з грэч. ἀριθμητική ’тс’ праз стараславянскую. На грэч. першакрыніцу беларускага слова ўказвалі Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аска́рак ’цвёрды засушаны агрызак хлеба’ (кліч., вусн. паведамл. Выхоты). Утворана паводле мадэлі а‑ + корань назоўніка + ‑ак (о‑ + корань + ‑ъkъ), як і апёнак са значэннем ’тое, што знаходзіцца побач з прадметам, пазначаемым коранем’. Корань ‑скар‑ адцягнуты, напэўна, ад скарынка (гл.), дзе, аднак, адлюстроўвае корань скор‑ і а пад націскам павінна было ператварыцца ў о, але дээтымалагізацыя кораня ў скарынка і падобных утварэннях прывяла да ўспрыняцця кораня з а‑ незалежна ад націску. Параўн. яшчэ аскор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)