Анагды́сь, ана́дысь, анагдай, анодысь, анада́сь, ано́гды, анадо́е ’пазаўчора, гэтымі днямі’ (Яруш., Шпіл., Касп., Жд., Бяльк.). Гэтыя прыслоўі ўтвораны з займеннікавага элемента *он‑ (*оно‑) ’той’, каранёвага элемента ‑(г)д‑, які мае часавае значэнне, элемента канчатка, што цяпер успрымаецца (як, дарэчы, і ‑гд‑) як суфіксальны элемент (гл. Шуба, Прыслоўе, 60), часціцы -сь. Сюды ж паводле першых дзвюх частак адносіцца і анагдо́вень, анагдо́вінь ’тс’ (Касп.), але апошняя частка гэтых прыслоўяў няясная, магчыма, ад займенніка овъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)