Ра́даўніца1памінальны дзень’ (ТСБМ, Др.-Падб., Рам. 8, Касп.), ’гандлёвы дзень у аўторак на Фаміным тыдні’ (віл., Яшк. Мясц.), ра́дуніцапамінальны тыдзень’ (Бяльк.), ра́дульніца (Ян.), ра́доница, ра́дуница ’тс’ (Нас.), раданіца ’тс’ (Гарэц., Рам. 8), ра́доўніца ’тс’ (ТС), ст.-бел. радуница (1522 г.), рус. ра́дуница, дыял. радуни́ца, ра́довница, ра́дошница, ра́дунки ’радуніца’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’ ’вясёлка’, ст.-рус. радуница. Збліжаюць з рад, тлумачачы з першапачатковага ’свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста’ (Фасмер, 3, 431), параўн. рус. дыял. Христов день ’радаўніца’. Няпэўна. Малаверагодным падаецца збліжэнне з род, якое грунтуецца на рус. дыял. выразе родителкипамінальны дзень’, родитель ’памерлы сваяк увогуле’ (Патабня, РФВ, 1, 84). Праводзячы паралелі паміж славянскім і літоўскім язычніцкім абрадам галашэння над памерлымі, які на мяжы Літвы і Беларусі існаваў да пачатку XX ст., Лаўчутэ (Балтизмы, 127–129) даводзіць, што назва ра́даўніца ўтворана на аснове літ. дзеяслова raudóti ’галасіць’, ’моцна плакаць’, raudìne ’малітва з плачам і галашэннем за памерлых’, параўн. суфіксальныя варыянты raudė́ti, raudáuti ’плакаць’, ’галасіць’. Перамяшчэнне дыфтонга ‑аў‑ з першага на другі склад магло адбыцца пад уздзеяннем славянскага рад, з якім славяне пачалі збліжаць незразумелую для іх назву, што сумніўна, гл. Анікін, Опыт, 261. Малаверагодна вывядзенне з незафіксаванага грэч. *ροδωνια ад ροδον ’ружа’ (Дзясніцкая, Слав. языкозн., IX, 92), гл. Жураўлёў, Язык и миф, 393.

Ра́даўніца2 ’вясёлка’ (Мат. Гом.). Ад ра́ды, радавацца (гл.) па ўзору вясёлка (гл.).

Радаўні́ца ’беспарадак’: у яе вечная радаўніца (капыл., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад ра́даўніца1 — ’перадсвяточнае прыбіранне’? (сувязь з рад, парадак здаецца незразумелай у словаўтваральным плане).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёмуха ‘свята на пяцідзесяці дзень (праз сем тыдняў) пасля Вялікадня’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; Сл. ПЗБ), ‘пятніца сёмага тыдня пасля Вялікадня, Духаўская пятніца’ (Нас.), сёміца ‘тс’ (паст., Сл. ПЗБ), сёмка ‘сёмуха’, ‘субота перад Троіцай’ (глыб., Сл. ПЗБ). Да сёмы (гл.); параўн. рус. семи́к, седми́чник ‘чацвер на сёмым тыдні пасля Вялікадня’ (Праабражэнскі, 2, 224–225; Фасмер, 3, 599). Сюды ж сёмушка ‘галінкі дрэў, маладыя дрэўцы, якімі ўпрыгожваюць на Тройцу хату, падворак’, сёмушнія дзяды́памінальны дзень праз тыдзень пасля Тройцы’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кано́н, ‑а, м.

1. Якое‑н. правіла, устаноўленае і ўзаконенае вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую» мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун.

2. перан. Кніжн. Правіла або сукупнасць правіл якога‑н. напрамку ў мастацтве. Класіцысцкія каноны. □ Паэт выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і адкідваў прэч рэакцыйныя, антырэалістычныя «каноны» эстэтыкі сімвалізму. Майхровіч. // Тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай. Тэхнічныя каноны. □ [Мікалай] адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, дагнаў бы Адама і з усёй сілы ўчапіўся б яму ў горла. Дамашэвіч.

3. Спіс рэлігійных кніг, прызнаных царквою ў якасці свяшчэннага пісання. Біблейскі канон.

4. Царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята і пад. Велікодны канон. Памінальны канон.

5. Паўтарэнне адной мелодыі рознымі галасамі, якія ўступаюць у спевы паслядоўна, адзін за другім, дакладна паўтараючы мелодыю першага голасу.

[Грэч. kanon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туга́ ‘смутак, маркота, журба’, ‘пачуццё нуды’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Ласт., ТС, Вруб., Булг.; барыс., Шн.), ту́га ‘жаль, клопат, журба’ (Нас., Арх. Федар., Мядзв., Растарг.), сум‑туга́ ‘маркота, роспач’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тоуга ‘жаль, крыўда, журба’ (XVII ст., Карскі 2-3, 436). Укр. туга́, рус. туга́, стараж.-рус. туга ‘прыгнечанне; мука; сум, бяда’, польск. tęga (запазычанае з беларускай ці ўкраінскай мовы, або з чэшскай, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400), н.-луж. tuža ‘прыгнечанасць, гора, пакуты’, в.-луж. tuha ‘спякота’, ‘прыгнечанасць’, чэш. touha ‘прага, імкненне’, ‘сум’, славац. túha ‘сум’, славен. tóga ‘гультайства’, ‘сум, туга, скруха’, харв. túga, серб. ту́га ‘тс’, макед. тага ‘тс’, балг. старое ту́га ‘мука’, тъга̀ ‘смутак, маркота, журба’, ‘туга’, ст.-слав. тѫга ‘страх, трывога; смутак’, ‘цяжкасці, пакуты, мукі’. Прасл. *tǫga ‘душэўны цяжар, цяжкі настрой’ ад і.-е. *thonghā́ < і.-е. асновы *thengh‑ ‘цягнуць, цягнуць пад гору’, ‘быць цяжкім’ (Сной₂, 769). Паводле ESJSt, 974 — nomen actionis ад кораня *tęg‑ ‘цягнуць’, г. зн. ‘тое, што цягне’; раней — Мяркулава, Этимология–1981, 62. Сувязь з *tǫgъ ‘тугі, цвёрды, нацягнуты’ дапускае Якубовіч (Этимология-2000–2003, 190), гл. тугі. Магчыма, сюды ж серб. дыял. ту́го! — выклічнік для выражэння болю, страху (СДЗб, 52, 399; 57, 940). Вытворныя тужлі́вы ‘поўны тугі’, ‘які выклікае тугу’, тужлі́васць ‘туга, нуда, журба’, тужы́ць ‘сумаваць, нудзіцца, журыцца, гараваць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Шат., ТС), а таксама выразы ту́жыкі есці ‘есці памінальны абед’ (Шат.), ту́жыкі спраўляць ‘тужыць’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыкла́д ’драўляны або каменны помнік на магіле; абчасаная гранямі калода’ (Зянк., Байк. і Некр., Сцяшк.), пры́кла́д, пры́кла́т ’тс’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), пры́клады ’надмагільная пліта’ (Мат. Маг.), параўн. словазлучэнне з рэдкім адсубстантыўным дзеясловам: прыкла́дваць чалавека ’ўстанаўліваць надмагільны помнік’ (лях., Сл. ПЗБ), таксама прыкла́дзіны ’абкладанне магілы драўляным зрубам; чатырохвугольная дошка, якую кладуць на магілу; памінальны абед (таксама і з прычыны абкладання магілы прыкла́дзінамі)’ (Дзмітр., Крачк., Нас.), ’старадаўні звычай — абед як памяць па нябожчыку’ (Янк. 2), прыкла́дзіны, прыкла́дзены ’ўпарадкаванне (магілкі)’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з іншай (сумежнай) семантыкай: прыкла́д, прыкла́дзіна, пры́кла́днік ’казёл на вільчыку’ (ТС), прыкла́дзіна ’стрэшка над стажком’ (ветк., ЛА, 2), прыкла́дзіна ’мянушка’ (Жд.), толькі мн. л. прыкла́дзіны ’(зямельныя) прырэзкі’ (віл., Сл. ПЗБ), мн. л. пры́кладні ’раскіданыя ў беспарадку, зваленыя ў кучу рэчы’ (ветк., Растарг.); прыкла́жа ’прыбаўленне, прыбаўка да паклажы’ (Нас.). Утварэнне ад прыклада́ць, гл. класці.

Пры́клад, рэдка прыкла́д ’канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння; узор для пераймання’ (Шпіл., Нас., Гарэц., ТСБМ). Паводле Кюнэ (Poln., 89), запазычана з польск. przykład, паводле Банькоўскага (2, 937), першапачаткова тэрмін цяслярства (пра прадмет для ўзору, які прыкладаўся да матэрыялу); ст.-бел. приклад ’узор, прыклад’, якое працягвае прасл. *prikladъ (Копечны, Zákl. zásoba, 291), параўн. і ст.-слав. прикладъ ’сімвал, эмблема, знак’, або запазычана з чэш. přiklad ’тс’. Вытворныя кшталту напры́клад (гл.), прыкла́дам ’напрыклад’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.) узніклі пазней на ўласнай глебе як еўрапейскія калькі, параўн. франц. parexemple, ням. zum Beispiel, рус. например ’тс’. Гл. наступнае слова, а таксама Фасмер, 3, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкіпамінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)